МАНІТОРЫНГ СМІ: ЕЎРАРАДЫЁ: Стральцоў-Карвацкі: «Не задача касцёла — наладжваць палітычныя адносіны»

Грамадска-палітычны дзеяч адрэагаваў на заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт недапрацовак каталіцкай царквы ў наладжванні адносінаў паміж Беларуссю і Еўропай.

Еўрарадыё: Як бы вы пракаментавалі гэтае выказванне?

Алесь Стральцоў-Карвацкі: Па-першае, тут бачная пэўная неадпаведнасць у разуменні таго, чым з’яўляецца каталіцкая царква, як установа зямная і нябесная. Першай місіяй каталіцкай царквы з’яўляецца нясенне святла веры ва ўсіх краінах, дзе яна прысутнічае, і дапамога чалавеку ў збаўленні сваёй душы. Не задача каталіцкай царквы - наладжванне якіх бы там ні было адносінаў палітычна-грамадскага кшталту, хаця, такі эфект можа мець месца. Але яго можна лічыць дадатковым эфектам, пабочным, які не ўваходзіць у місію касцёла непасрэдна, а можа проста атрымацца праз кантакты, якія паўстаюць паміж людзьмі.

 

Каб такі пабочны эфект меў месца, трэба каб каталіцкі касцёл у Беларусі меў большыя правы, чым ён мае зараз. Каб не трэба было змагацца за святыні, якія не хочуць аддаваць. Каб не трэба было з трымценнем чакаць, ці забяруць чарговую пляцоўку пад будаўніцтва новага касцёла, ці не забяруць. Напэўна, “недапрацоўка”, пра якую гаварылася, з’яўляецца выразам таго, што насамрэч ёсць праблемы з каталіцкім касцёлам у Беларусі.

 

Еўрарадыё: Аляксандр Лукашэнка папрасіў амбасадара Мальтыйскага Ордэна данесці пэўны сігнал да Еўрасаюза. Калі гэтыя спадзяванні не спраўдзяцца, ці стануць на вашу думку, больш халоднымі стасункі паміж дзяржавай і каталіцкім касцёлам?

Алесь Стральцоў-Карвацкі: Цяжка прагназаваць, думаю, што агулам сітуацыя значна не зменіцца. Хаця, вядома, могуць быць накладзеныя новыя рэстрыкцыі, якія абмяжуюць уезд замежных каталіцкіх святароў на тэрыторыю Беларусі, месцы пад пабудову новых касцёлаў могуць быць абмежаваныя, такое развіццё падзеяў можа наступіць. Але такое развіццё падзеяў не выгаднае ані беларускай дзяржаве, ані каталіцкаму касцёлу, і думаю, што ўсё ж такі яно малаверагоднае.

Еўрарадыё. - Меркаванні. - 09.04.2012 г.

Вольга Міцкевіч

Рубрыка: