МАНІТОРЫНГ СМІ: ВАТЫКАНСКАЕ РАДЫЁ: Андрэй Данілаў: "Базавая ўмова для паўстання хрысціянскіх партый у Беларусі – не выканана"

У Беларусі за апошні час склалася вельмі няпростая грамадская сітуацыя ў сувязі з тымі ініцыятывамі, якія былі праведзены розным чынам, у прыватнасці праз парламент. Гэта датычыць апошніх прынятых законапраектаў. Напрыклад аб рэпрадуктыўным здароўі, які па-сутнасці легалізаваў у Беларусі сурагатнае мацярынства. Нават у Заходняй Еўропе, якую мы атаясамліваем з татальным або радыкальным секулярызмам, гэта немагчыма. У Беларусі ж быў даволі хутка прыняты такі, абсалютна спрэчны законапраект. Адной з дзіўных ініцыятыў з’яўляецца забарона Міністэрствам адукацыі рэлігійнай сімволікі ў школах. Рыхтуецца спрэчны закон аб гендэрным равенстве. Гэты ініцыятвы вельмі непакояць прынамсі хрысціянскую супольнасць Беларусі. Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю прафесара Андрэя Данілава, загадчыка кафедры рэлігіязнаўства інтытута тэалогіі БДУ, чалавека вельмі аўтарытэтнага ў тэалагічным асяродзі.

- Прафесар, што гэта за працэсы? Ці можна іх нейкім чынам растлумачыць?

- Па-першае, хрысціяне ў гэтай фазе секулярызацыі не валодаюць “уцаркоўленасцю”, не жывуць жыццём супольнасці, а Царква – гэта супольнасць веруючых. Другое, звязана з першым – яны не валодаюць тым мінімумам базавых, асноўных ведаў аб уласнай веры, якія патрабуюцца ад хрысціяніна. Пазіцыянуючы сябе як хрысціяне, яны не разумеюць, якімі яны павінны быць і як павінны рэагаваць на тыя ці іншыя выклікі сучаснасці.

- Вы маеце на ўвазе сённяшніх беларускіх заканадаўцаў ці сённяшняе беларускае грамадства, якое не можа адэкватна рэагаваць на ініцыятывы, аб якіх гаворка ішла вышэй?

- Не можа адэкватна рэагаваць тая маса людзей, якая сябе пазіцыянуе веруючымі – праваслаўнымі, католікамі. Я не магу сказаць, што яны спакойна рэагуюць, яны нейтральна адносяцца да гэтых рэчаў – яны маўчаць. Калі будзе казаць некалькі святароў ці біскупаў – гэта не народ. Калі б казала Царква, па-сапраўднаму казала сваёй масай, веруючымі, была б, напэўна, іншая рэакцыя. Невялікія групы, будзем так казаць, “партыйныя”, могуць сёння лёгка праводзіць свае ініцыятывы ў жыццё, аб’яўляючы іх агульнанароднымі.

- Гэта значыць, што ў Беларусі існуюць групы, якія рэалізуюць свае карпаратыўныя інтарэсы, групы інтарэсаў, якія магчыма “прасоўваюць”, “штурхаюць” такія законы ў парламент і ў далейшым у беларускае заканадаўства?

- Так існуюць. Ёсць свайго роду лоббі.

- Ці можна назваць гэтыя лоббі антыхрысціянскімі?

- Гэта пытанне даволі складанае. Калі чалавек сапраўды пазіцыянуе сябе хрысціян, калі чалавек верыць у Бога, але нешта не да канца разумее ў сваёй веры і таму няправільна сябе паводзіць і кажа няправільныя рэчы ці ставіць няправільныя мэты, ці можна казаць, што ён антыхрысціянін? Хіба што не. Трэба сказаць, што ён “непаўнавартасны” хрысціянін. Нажаль, гэта хрысціянская “непаўнавартаснасць”, “надаробленасць”, будзем так казаць, характэрызуе апошнія пятнаццаць гадоў. Здаецца маса людзей прыйшла ў Царкву (і праваслаўную ці каталіцкую) і яна ўзрасла колькасна, але якасна – згубіла. Канешне, гэта стварае зручную магчымасць менавіта для такога “прасоўвання” вузкіх карпаратыўных інтарэсаў нейкімі невялікімі групамі. Для Беларусі характэрна ўзнікненне вялікай колькасці моладзевых неканфесійных хрысціянскіх груповак. Некаторыя людзі з тых груповак, якія узнікалі, напрыклад, 15 гадоў таму, сёння прыйшлі да ўлады ці займаюць важныя пасты – гэта людзі, якія не да канца прайшлі шлях хрысціянскага станаўлення.

- Адным словам, яны лічаць сябе хрысціянамі (праваслаўнымі, католікамі ці прадстаўнікамі іншых канфесій), а на самой справе імі не з’яўляюцца да канца?

- Так, яны думаюць, што: “мы такія хрысціяне, якія павінны ўсё абнаўляць, прынесці штосьці правільнае, нешта новае зрабіць”. Але яны блытаюць хрысціянства з ліберальнымі інавацыямі. Яны думаюць, што калі будуць ісці наперадзе Еўропы, у нейкіх ініцыятывах, пакажуць сябе як правільныя, добрыя хрысціяне.

- Усё ж хочацца запытацца аб ролі Царквы – Царквы як супольнасці і Царквы іерархічнай у працэсе адукацыі вернікаў, распаўсюджвання сапраўднага, правільнага навучання, ініцыіравання вернікаў да займання актыўнай грамадскай пазіцыі па вызначальных для хрысціянскай тоеснасці пытаннях.

- Царква, гэта не царкоўнае духавенства. Царква – гэта народ Божы. Царкоўнае духавенства, гэта тая частка народа Божага, якая бярэ на сябе асобыя функцыі па падтрыманні жыцця супольнасці – нармальнага, добрага супольнага жыцця. Казаць на дзяржаўным узроўні, напэўна, у гэтым плане, духавенства не можа, бо гэта будзе разглядацца як вузкая, невялікая партыя ўнутры Царквы, якая імкнецца навязаць свае інтарэсы большасці. А народ Божы, супольнасць свецкіх вернікаў, маўчыць і канешне гэта не будзе мець ніякага эфекту для краіны.

- Ці здольная сённяшняя Царква, дзве самыя буйныя канфесіі Беларусі, граць нейкую ролю ў грамадскім жыцці? Ці ёсць у яе пазіцыя, моцныя фундаменты для гэтага?

- Цэрквам зараз напэўна не хапае ініцыятыў з боку супольнасцяў свецкіх вернікаў. Ёсць ініцыятывы з боку духавенства, але недастаткова ініцыятыў з боку свецкіх.

- Які механізм павінен быць, якім чынам павінна абдывацца актыўнасць свецкіх вернікаў у такіх працэсах. Яна павінна быць падтрымана іерархічнай Царквой, ці павінна быць абсалютна незалежнай?

- Актыўнасць свецкіх павінна быць. Яна не павінна пастанна ініцыіравацца і падштурхоўвацца з боку духавенства. У адваротным выпадку, усё гэта будзе затухаць.

- Прафесар, адной з асноўных праяваў такой грамадскай актыўнасці, напрыклад у кантэксце Заходняй Еўропы, з’яўляюцца хрысціянскія партыі, рухі – палітычныя ці грамадскія. Ці ёсць перспектыва такога стылю дзейнасці для свецкіх вернікаў у Беларусі.

- Для гэтага павінна сфарміравацца грамадзянская супольнасць – гэта ўмова існавання падобных партый, якія без сумніву неабходныя і якія ўзнікнуць.

- І якія, на самой справе карысныя для грамадства...

- Безумоўна, яны карысныя, бо гэта не проста тыя партыі, якія захоўваюць традыцыю еўрапеізма, сфарміраванага ва ўмовах хрысціянства ў Еўропе, нашай еўрапейскай цывілізацыі. Яны могуць таксама актыўна даносіць голас царкоўнага народа, вялікага ў сваёй масе, да тых структур, якія адказваюць за новыя заканадаўчыя ініцыятывы. Але пакуль базавая ўмова для гэтага не выканана.

 

Беларускі багаслоў: базавая ўмова для паўстання хрысціянскіх партый у Беларусі – не выканана. - Ватыканскае радыё, 24.05.2012 г.

Амяльчэня Аляксандар, ксёндз

Рубрыка: