Pro Memoria, або Пэўныя звесткі да гісторыі Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі

 У мінулым месяцы рыма-каталікі Беларусі ўшанавалі гадавіну з дня адыходу ў вечнасць былога мітрапаліта Мінска-Магілёўскага кардынала Казімежа Свёнтака. У тэкстах, якія з’явіліся да гэтае жалобнае даты, адзначана роля дастойніка ў адраджэнні Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі (нашы ксяндзы ўпарта завуць яе Касцёлам) і ў беларусізацыі гэтай інстытуцыі.

Мне ўжо не адзін раз даводзілася пісаць, што Казімеж Свёнтак і ды іншыя рыма-каталіцкія святары пайшлі на беларусізацыю РКЦ не з добрае волі, не з любові да беларушчыны, а пад ціскам абставінаў і з прагматычных меркаванняў.

За шэсцьдзясят гадоў ваяўнічага атэізму ва Усходняй Беларусі і сорак гадоў у Заходняй выраслі тры і два пакаленні каталікоў, якія не ўмелі ані чытаць, ані размаўляць па-польску. Рыма-каталіцкія парафіі, асабліва ў вёсках, вузелі і старэлі. І сам кардынал ужо незадоўга да свайго адыходу прызнаваўся, што вера і Царква ў БССР існавала толькі дзякуючы бабулькам. У гарадах, асабліва ў Заходняй Беларусі, сітуацыя была лепшая, але незразумелая (ці малазразумелая) польская мова, якая большасці людзей маладога і сярэдняга веку была без патрэбы, не ўмацоўвала пазіцыі Царквы. Дастаткова было зайсці ў касцёл на Кальварыі ў Менску, каб пабачыць, што перспектыва РКЦ у Беларусі несуцяшальная.

Калі ў СССР і БССР з’явіліся першыя адзнакі лібералізацыі і трохі павеяла ветрыкам свабоды, тутэйшыя ксяндзы адразу ж пачалі адраджаць у нашай краіне польскі Касцёл. Польскі паводле мовы і духу, падначалены польскаму прымасу кардыналу Юзафу Глемпу.

Інакш і быць не магло, бо ўсе тутэйшыя рыма-каталіцкія святары, акрамя айцоў Уладзіслава Чарняўскага, Яна Матусевіча ды яшчэ ксяндза Уладзіслава Пятрайціса, былі палякі.

Людзі майго і малодшага пакаленняў памятаюць, як Беларусь у тысячах асобнікаў завезлі рыма-каталіцкія малітаўнікі на польскай мове. Але з тае прычыны, што людзі маладога і сярэдняга веку не ведалі польскага алфавіту, малітаўнікі друкавалі кірыліцай. Так быў знойдзены спосаб апалячвання “тутэйшых”.

Людзі майго і малодшага пакаленняў памятаюць як у Беларусь прыехалі дзясяткі польскіх ксяндзоў (казалі, што ў нашых суседзяў была іх “перавытворчасць”).

Людзі майго і малодшага пакаленняў памятаюць, як у касцёлах вывесілі польскія дзяржаўныя сцягі і пачалі развучваць польскі дзяржаўны гімн.

Нагадаю, што ў той жа час на Беласточчыне то падпальвалі праваслаўную царкву, то вырывалі крыжы на святой гары Грабарцы, то забруджвалі святую крынічку... Хто гэта рабіў, лёгка было здагадацца. Памятаю, як пасля майго артыкула пра такія здарэнні польскі генеральны консул у Менску Тадэвуш Мысьлік даводзіў мне, што за антыправаслаўнымі акцыямі ні ў якім разе не стаяць польскія ўлады. “Але ўлады могуць спыніць гэтае бясчынства”, – сказаў я консулу.

Пагартайце газеты канца 1980-х – пачатку 1990-х – і вы пра ўсё гэта прачытаеце.

Лішнім будзе казаць, што такая палітыка тутэйшага рыма-каталіцкага духавенства сустрэла супраціў шырокіх колаў грамадскасці.

Не толькі грамадскасць была ўстурбавана хваляю (не пабаюся гэтых словаў) польскага рэваншызму, у авангардзе якога былі тутэйшыя ксяндзы. Я памятаю размову з міністрам замежных спраў Пятром Краўчанкам у ягоным кабінеце. І ягоныя словы пра намер выказаць пратэст супраць такой палітыкі рыма-каталіцкага духавенства падчас візіту ў Ватыкан.

Што міністр сваё слова стрымаў, пра тое мы можам даведацца з кнігі Пятра Краўчанкі “Беларусь не переломе: дипломатический прорыв в мир» (2009). Хоць кніга не зусім уважліва вычытаная, думаю, што яна хораша паслужыць нашым гісторыкам, якія будуць пісаць пра выхад Беларусі на шырокую міжнародную арэну. І асмелюся сказаць, што ніводзін наступнік П. Краўчанкі не здолее выдаць нешта падобнае. Па-першае, яны прыйшлі “на гатовае”; па-другое, ніводзін з іх не быў так адкрыты для СМІ і грамадскасці, як першы кіраўнік МЗС Рэспублікі Беларусь.

Дык вось, вяртаючыся да тэмаў “станаўленне Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі” і “беларусізацыя РКЦ у Беларусі”, звяртаю ўвагу чытачоў на пункт 3.15 ва ўспамінах П. Краўчанкі. У тым пункце (на жаль, не вычытаным як след) апавядаецца пра сустрэчы з Янам Паўлам ІІ, з дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Анджэло Саданам і сакратаром па адносінах з дзяржавамі дзяржаўнага сакратарыяту Святога Пасаду архібіскупам (з 2003 г. кардынал) Жанам-Луі Таранам. Вось што піша Пятро Краўчанка:

“…у рэспубліку рушылі польскія свяшчэннаслужыцелі. Шмат у чым гэта быў аб’ектыўны працэс, таму што налічваліся адзінкі ксяндзоў-беларусаў. Святароў пастаянна не хапала… Мы з разуменнем ставіліся да гэтых фактаў… Аднак мы не разумелі і не прымалі іншага – выкарыстання касцёла на насаджэння “польскасці”, прапольскіх настрояў і польскай дзяржаўнай сімволікі, якая неаднаразова з’яўлялася ў саборах Мінска, Будслава, Нясвіжа ды іншых беларускіх гарадоў. Некалькі разоў у мяне была адкрытая і грунтоўная размова на гэты конт з архібіскупам К. Свёнтэкам. Ён не адмаўляў гэтых ды іншых фактаў, але настойваў на тым, што праблемаў больш, чым мачымасцяў для іх вырашэння. У многім усё ўпіралася ў тое, што архібіскуп Свёнтэк падпарадкоўваўся не Ватыкану, а польскаму кардыналу [Юзафу Глемпу]”.

П. Краўчанка зрабіў слушную выснову: трэба весці дыялог з Ватыканам. У красавіку 1992 г. – падчас візіту ў Італію – ён быў прыняты Папам. Вось што мы чытаем:

“У той памятнай размове [з Папам] мы асноўны ўпор рабілі на тое, што беларуская каталіцкая царква павінна падпарадкоўвацца не польскаму кардыналу Глемпу, а непасрэдна Ватыкану. Гэтая тэма атрымала развіццё і ходзе афіцыйных перамоваў з... кардыналам Анджэло Саданам... і з Жанам-Луі Таранам...”.

Другі раз П. Краўчанка наведаў Ватыкан у снежні 1993 г. “Міністру замежных спраў” Ватыкана архібіскупу Жану-Луі Тарану было прапанавана “ўвесці ў Беларусі інстытут кардынала, што падкрэслівала б суверэннасць беларускага каталіцкага касцёла”. Кіраўнік нашага МЗС прасіў свайго ватыканскага калегу спыніць палітызацыю РКЦ у Беларусі. Была яшчэ адна просьба: накіроўваць у Беларусь святароў не з Польшчы, а з іншых славянскіх краін – Славакіі, Славеніі, Чэхіі.

Амаль праз год пасля тае сустрэчы ў Беларусі з’явіцца кардынал – Казімеж Свёнтэк. Да таго часу пачала сунімацца і паланізацыйная хваля. Не толькі таму, што былі адпаведныя сігналы з Ватыкана (ці былі яны, нам трэба яшчэ даведацца), а і таму, што польская імша, польскае казанне не прыносілі належнага эфекту. Каб амаладзіць Царкву, стварыць ёй перспектыву, належала памяняць яе мову. Ці не таму ў бажніцы пайшла моладзь, ці не таму сярод ксяндзоў новай фармацыі мы бачым не толькі беларусаў, але і прадстаўнікоў іншых народаў, якія (прадстаўнікі) выраслі тут, у Беларусі? Што да просьбы наконт святароў з Чэхіі, Славакіі ды Славеніі, дык гэтую просьбу П. Краўчанкі Ватыкан не задаволіў. Ці то таму, што ў названых краінах была “недавытворчасць” святароў, ці то таму, што на чале Ватыкана стаяў паляк.

Мажліва, калі б П. Краўчанка застаўся на пасадзе міністра пасля першых прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусь прыехалі б не толькі святары-палякі.

Кнігу П. Краўчанкі я раю бы чытаць не толькі гісторыкам, але і нашым маладзейшым журналістам, якія з прыдыханнем пішуць пра некаторых рыма-каталіцкіх іерархаў ледзь як не змагароў за беларушчыну з самага пачатку гарбачоўскай перабудовы. Ды не чулі мы пра іх і не чулі іх саміх ні ў канцы 1980-х, ні на самым пачатку 1990-х. Стаць беларусамі іх змусілі патрэбы Царквы і гістарычныя абставіны. На працэс беларусізацыі рыма-каталіцкага духавенства і РКЦ у Беларусі паўплывала, як бачым, і пазіцыя першага міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

P. S. Тым, хто любіць з прыдыханнем паразважаць пра беларусізацыю РКЦ ў Беларусі, пад зорачкамі дадаю да гэтага тэксту фрагмент тэксту Яўгена Бяласіна, апублікаванага на сайце часопіса ARCHE. Гэта, так бы мовіць, замалёўка з натуры. І яшчэ адно сведчанне таго, што ў нас няма Рыма-Каталіцкай Царквы, а ёсць, як і ў Польшчы, Касцёл.

***

Як толькі ўпаў таталітарны камунізм, пачаў аднаўляцца касьцёл. І тут Польшча наклала на гэтую царкву спрытную сваю…руку, скажам так, больш далікатна. З польскімі ксяндзамі ў касьцёл пачалі актыўна і ПРЫЯРЫТЭТНА вяртаць ензык польскі. Ішлі гады, а польскія ксяндзы, замест каб адрабіць пераходны перыяд, навучыўшы мясцовых душпастыраў, або хаця б НЯ ЛЕЗЬЦІ ВЫКЛЮЧНА САМІМ (прыкладам, саступіць душпастырскую працу іншым еўрапейскім славянам-каталікам), працягваюць масава “абкормліваць” насельніцтва. Маю такое ўражаньне, што ў больш ці менш настойлівай, а часам дык і нахабнай манеры, але гэтая каманда мае мэтай захаваньне кантролю над тэрыторыяй.

Пра тэрыторыю не цягнуў за языка аднаго божага служку ў Ваўкавыскім касьцёле. Быў там праездам, зайшоў у той храм з цікаўнасьці. Убачыў, як там фшыстко так чынно по-польску, і …праверыў крыху тых людзей. Калі абходзілі па ахьвяру, выняў паперку вартасьцю разы са два большай, чым звычайна давалі, і спытаў, ці служаць тут імшу па-беларуску. Калі так, то ахьвярую.

Як зашыпеў на мяне гэты малады поляк! “Мы знам добжэ чыя тут ест тэрыторыя!”. З паловы абарота завёўся. І гэта пры тым, што я стуль родам. Добра ведаю, як там у свой час палякі “саніравалі” маіх дзядоў і бацькоў, і скуль тая пальшчызна ў людзей, якія дома кажуць на чысьцюткай белмове.

Дык тут і не зашыфравана амаль нічога. Адкрытым тэкстам кажуць: “Чакаем, калі лясьнецца Расея. Вось тады і затаньчыце “крэсовяка””.

 

Крыніца: Блог аўтара

Анатоль Сідарэвіч

Рубрыка: