МАНІТОРЫНГ СМІ: НАША НІВА: Маці арыштаванага ксяндза Лазара: «Прычапіліся, адкуль грошы ўзяў»

Мы датэлефанаваліся ў вёску Канюхі (Маладзечанскі раён), дзе нарадзіўся ксёндз Уладзіслаў Лазар, «затрыманы за шпіянаж». Там па-ранейшаму жывуць ягоныя бацькі.

У вёсцы Канюхі шмат Лазараў. «Добры дзень, шукаем сваякоў ксяндза Уладзіслава Лазара». «Гэта мы», — чуецца ў слухаўцы. «Яніна Станіславаўна, маці Уладзіслава», — прадстаўляецца жанчына.

«Падставілі яго, ён касцёл пабудаваў у Мар’інай Горцы. Такі харошы, такі прыгожы. Біскуп яму прапанаваў у Барысаў паехаць, там таксама трэба касцёл будаваць...

Прычапіліся, адкуль грошы ўзяў. Я яму яшчэ тады казала, чаго ты туды паедзеш, ты ж у Мар’інай Горцы так прыгожа ўсё зрабіў».

Гэтыя словы Яніна Станіславаўна вымаўляе яшчэ ў спакоі, а потым зрываецца на слёзы.

«Каб вы бачылі толькі, як мы жывём. Ён жа нам ніколі нічым не дапамог. Усё на касцёл пускаў.

Казаў, не крыўдуй, мама, але я служу Богу. Ён жа Богу ўсё жыццё аддаў. Усё рабіў і робіць для Бога. Сам у парванай куртцы столькі гадоў хадзіў. Зашые дзе, а новую не купляе. За што яго так мучаюць? Няўжо не апраўдаюць?»

Высвятляецца, што знік Уладзіслаў Лазар 1 чэрвеня. Ён якраз у гэты дзень выехаў ад бацькоў назад у Барысаў. «Усялякая сувязь знікла. Няма і няма. Званілі ў трупярні і па аварыях, і па пажарах. Не ведалі, куды кінуцца. Праз два тыдні ён пазваніў, як дочкі запыт у міліцыю накіравалі. Сказаў толькі, што жывы-здаровы, і папрасіў маліцца за яго. Я па нумары праверыла, дык убачыла, што з міліцыі ён звоніць. Але сам нічога не сказаў. Дочкі мяне супакойвалі, што ён у Польшчу паехаў. А цяпер вось у камп’ютары напісалі, што ён пад арыштам. Няма ніякіх сілаў, ні здароўя. Паеду класціся ў бальніцу. Хоць бы дачакацца, калі яго адпусцяць, не памерці, каб ён мяне сам пахаваў».

«Ён у мяне на рукі вельмі башкавіты, увесь у бацьку, у Мішку майго. Сам усё рабіў пры касцёлах, не глядзеў, што ксёндз. Каменне цягаў, траўку сеяў. Усё рабіў, усё ўмеў.

Кніжкі пры гэтым з рук не выпускаў. У школу самым акуратным хадзіў. Я так не ўмела, як ён сабе штаны гладзіў. Яго ў школе мянушка «панюсік» была, гэта значыць «маленькі пан». Усе казалі, што вырасце вялікім чалавекам.

Я не хацела, каб ён ішоў на ксяндза вучыцца. Кажу, гэта ж цяжка. А ён усё адно сказаў, што пойдзе. У Польшчы яму цяжка было, з гэнымі палякамі. А ён усё вытрымаў. У мяне тры ўнукі, дык ён аднаго каля сябе два гады трымаў. Думаў, што стане таксама ксяндзом. А той сказаў, што не, будзе жаніцца. Усе ж яго любілі. Як прыязджала да яго, то рукі-ногі цалавалі.

Які ён шпіён можа быць? Брэд гэта.

Не ведаю ўсё яшчэ за што арыштавалі. Хадзіла да ксяндзоў пыталася, яны таксама нічога не кажуць.

За што Пан Бог такія мучэнні яму дасылае? Але я не скарджуся. Езус таксама цярпеў».

***

Нагадаем, што 26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які служыў у спецслужбах і які праз прадстаўніка Каталіцкай царквы быў звязаны з замежжам. Ён не толькі здаваў інфармацыю, але ад яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».

На наступны дзень праз ксяндзоў стала вядома, што затрыманы 46-гадовы ксёндз Уладзіслаў Лазар. Ад красавіка ён быў пробашчам парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве, гэта невялікая каплічка на могілках, у глухім месцы. Меркавалася, што на гэтым месцы паўстане паўнавартасны касцёл. Да гэтага айцец Уладзіслаў быў ксяндзом у Мар’інай Горцы і Рудзенску.

Чытаць цалкам

Зміцер Панкавец

Рубрыка: