Курапаты - духоўная альтэрнатыва лініі Сталіна

18 ліпеня пачаўся моладзевы праваслаўны фестываль на “лініі Сталіна”, прысьвечаны семідзесяцігодзьдзю сканчэньня вайны, навіна пра які для многіх стала сумнай і крыўднай. Найбольш засмучала тое, што, відаць, яго ўдзельнікі не ўсьведамляюць, што ня так, чаму праводзіць літургію побач са сталінскім помнікам непрымальна. Для многіх у Царкве, у тым ліку ў праваслаўнай, такое было, ёсьць і заўсёды будзе непрымальным, прафанацыяй і блюзьнерствам. Калі б ішла гаворка проста пра сьвяткаваньне юбілея перамогі, успамін пра загінулых у вайну, нават пра подзьвіг народа, то было б зразумела, калі б такое мерапрыемства праходзіла, напрыклад, ля Кургана славы, даўняга і вядомага ў сьвеце мемарыяла, хоць і прасякнутага таксама савецкай ідэалогіяй. У лепшым выпадку, вядома, памяць пра вайну магла б быць не трыюмфалісцкай, а памяцьцю пра трагедыю, дзеля якой праваслаўная моладзь сабралася б, напрыклад, на Трасьцянцы, адкрытым гэтым летам. Але сьвята на штучнай “лініі Сталіна”, на тэрыторыі якой не было ніводнага боя, але дзе стаіць помнік тэрарысту, становіцца ўшанаваньнем гэтага чалавека і ягонай улады, нават калі гэта не ўсьведамляецца.

Ёсьць людзі, якія адкрыта выказваюцца і дзейнічаюць супраць рэабілітацыі супрацьчалавечай улады, адною з галоўных справаў якой была вайна з Царквою Хрыста на зьнішчэньне. Як вядома, у дадзенай сітуацыі з фестывалем была спроба дамовіцца, каб не праводзіць яго ў такім спрэчным месцы. Гэта, аднак, рэзультату ня мела, паступіў адказ ад мітрапаліта, паводле якога музей ня мае са сталінскімі злачынствамі нічога агульнага.

У такіх умовах узьнікла ідэя зрабіць пэўнае сімвалічнае дзеяньне, што стала б адказам на той грэх і памылку, якім зьяўляецца падобны фестываль. Таму ў дзень пачатку гэтага фестываля, у суботу 18 ліпеня некалькі чалавек, для якіх гэта было важна, сабраліся разам і прайшлі па Менску імправізаваным крыжовым ходам да Курапатаў і там памаліліся за пакутнікаў савецкага часу, за Царкву, а таксама за тых, хто ўдзельнічае ў гэтай сустрэчы пад сталінскім помнікам. Мы не хацелі зрабіць гэта як правакацыю ці пратэстную акцыю, ня ставілі мэтаю масавасьць. Хрыстос казаў, што дзе двое ці трое сабраліся дзеля Яго, то там і Ён, а нас было ажно чацьвёра, каталікоў і праваслаўных. Некаторыя іншыя, хто быў з намі сэрцам, не змаглі далучыцца, бо сярэдзіна лета, і яны знаходзіліся ў іншых краінах і гарадах.

Абодва месцы, расстрэльны курапацкі лес і сталінісцкі ваенны музей знаходзяцца вельмі блізка, яны, магчыма, самыя моцныя сімвалы двух розных Менскаў, паміж якімі неабходна зьдзейсьніць цяжкі выбар. І мы спадзяемся, што Бог нам усім дасьць моцы абраць той шлях, дзе адкрыюцца сапраўдныя памяць, праўда і магчымасьць для міра.

 

Крыніца: Публікацыя і фота аўтара ў Фейсбуку

 

Андрэй Строцаў

Рубрыка: