Богаслужэнне на Кастрычніцкай плошчы

Тры клірыка не прызнанай Беларускай народнай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БНАПЦ) правялі сёння раніцай на Кастрычніцкай плошчы ў Менску малебен і асвячэнне намётаў, дзе працягваецца мітынг прыхільнікаў экс-кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна, якія выразілі сваю нязгоду з вынікамі галасавання.

Прадстаўнікі гэтай рэлігійнай групы моляцца "за ўдзельнікаў акцыі, беларускі ўрад, багалюбную армію і беларускую міліцыю, якая нас ахоўвае".

Да афіцыйнай Беларускай праваслаўнай царквы гэтая група не мае дачынення і, як адзначана Камітэтам па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, "афіцыйна на тэрыторыі Беларусі так званая Беларуская аўтакефальная царква не зарэгістраваная". Гэта, у прынцыпе, і так зразумела, бо ніякія праваслаўныя групы, апроч афіцыйная Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Беларусі не рэгіструюцца прынцыпова і дзейнічаюць нелегальна. Якую з беларускіх "аўтакефальных" цэркваў мелі наўвазе ў Камітэце, невядома. Рэлігійных груповак з такой назвай налічваецца некалькі - дзве з іх маюць цэнтар у ЗША (1) Беларуская аўтакефальная праваслаўнай Царква пад кіраўніцтвам мітр.Ізяслава, 2) тая самая Беларуская аўтакефальная праваслаўная Царква, але пад кіраўніцтвам архіяпіскапа Баранавіцкага і Бруклінскага Васілія (Касцюка), які сам знаходзіцца ў Беларусі, бо не можа атрымаць візы ў ЗША; 3) групоўка, якая падтрымлівае япіскапа Аляксандра (Салагуба) 4) Беларуская народная аўтакефальная праваслаўная царква пад кіраўніцтвам япіскапа Юрыя (Рыжага)) Менавіта апошнюю прадстаўлялі тры святары (а не 6, як было заяўлена ў многіх СМІ): найбольш вядомы дзеяч гэтай юрысдыкцыі святар Леанід Акаловіч, часты ўдзельнік розных апазіцыйных мерапрыемстваў, а таксама святары Генадзь і Вікенцій, менш вядомыя.

Паводле словаў святара Леаніда Акаловіча, іх юрысдыкцыю цяпер актыўна падтрымлівае Кіеўскі Патрыярх Філарэт (Дзенісенка), і менавіта гэтым тлумачыцца тое, чаму 19 сакавіка ў калоне хрэснага ходу, якую ўзначальваў Аляксандар Казулін з рэпрадукцыяй беларускай іконы Хрыста, і якога святары суправаджалі, удзельнікі неслі партэрты прадстаяцеля царквы Кіеўскага Патрыярхату. Аднак, іншая аўтакефальная група - пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Ізяслава, якую прадстаўлялі святар Вячаслаў Логін і вядомы эмігранцкі дзеяч Барыс Данілюк, сцвярджаюць, што менавіта іх царкву падтрымлівае Патрыярх Філарэт.

За падтрымкай да беларускіх аўтакефалаў звярнуўся Аляксандар Казулін, перадвыбарчая кампанія якога набыла рэлігійна-блюзнерскае адценне пасля таго, як ён прапанаваў беларусам маліцца малітвай "Ойча наш", двухсэнсоўна скарачаючы яе да двух апошніх радкоў і робячы акцэнта на "і ізбаві на от ЛУКАвого".

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: