Праваслаўная царква не камэнтуе падзеяў на Кастрычніцкай плошчы
03.04.2006Прэсавы сакратар мітрапаліта Менскага й Слуцкага Філарэта Андрэй Петрашкевіч пазыцыю Праваслаўнай царквы ахарактарызаваў так:
“Ніякіх афіцыйных камэнтароў не было – таму што ў іх не было патрэбы. Пазыцыю царквы выказаў мітрапаліт, калі выступаў на ІІІ Усебеларускім сходзе. Справа ў тым, што яшчэ рашэньнем Маскоўскага сыноду Рускай праваслаўнай царквы палітычныя прапаганда і агітацыя ў царкве забароненыя. Забароненыя царквой самой для сябе”.
Сытуацыю з тым, што ўзнагароджаны царквою Паўлічэнка камандаваў разгонам мірных дэманстрантаў, Андрэй Петрашкевіч падае так:
“Мая асабістая думка – ён чалавек службовы, прызваны выконваць загады, ня надта задумваючыся над сэнсам, які ўкладалі тыя, хто гэтыя загады аддаваў. Ён чалавек вайсковы, да яго й падыходы павінны быць, як да вайсковага. Я так разумею. І ня толькі да яго, але да любога, хто працуе ў сілавых ведамствах. А што да яго ўзнагароды, то жыцьцё чалавека шматплянавае. Ён праявіў тыя якасьці як чалавек, як хрысьціянін і як службовая асоба, якасьці, якія далі магчымасьць Царкве ўзнагародзіць яго за будаўніцтва храму”.
Крыніца:
Апошнія навіны