Памёр адзін з найстарэйшых каталіцкіх святароў Беларусі

Раніцай 11 красавіка 2007 г. адышоў у вечнасць адзін са старэйшых святароў у Беларусі кс. Люцыян Паўлік, марыянін, шматгадовы пробашч парафіі ў Задарожжы (Віцебская дыяцэзія).

Нарадзіўся ў 1913 г. ва ўсходняй Польшчы, уступіў у закон марыянаў і ў 1944 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Сваё служэнне кс. Люцыян Паўлік МІС распачаў падчас вайны ў Ідолце, пасля служыў пробашчам у Друі. Пасля вайны быў асуджаны на 25 гадоў лагераў і шэсць гадоў правёў у сталінскім ГУЛАГу, цяжка працуючы ў тайзе. Пасля вызвалення ў 1957 г. пачаў служыць у задарожскім касцёле, даязджаючы са святарскай паслугай у аддаленыя парафіі ў Нарачы і Лынтупах. З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя актыўна займаўся аднаўленнем знявечаных атэістычным рэжымам святыняў. Яго намаганнямі былі адноўленыя касцёлы ў Лужках, Празароках, Германавічах, капліца ў Прошкаве, распачата будаўніцтва касцёла ў Падсвіллі замест знішчанай у змрочныя савецкія часы святыні.

Развітанне з кс. Люцыянам Паўлікам МІС будзе праходзіць у задарожскім касцёле (Глыбоцкі р-н; па трасе Глыбокае-Полацк каля 20 км. ад Глыбокага, паварот на в. Мнюта). Там у пятніцу 13 красавіка а 17-й гадзіне адбудзецца пахавальная святая Імша за супакой душы памерлага святара.

Святой памяці кс. Люцыян будзе пахаваны ў Друі. Пахаванне прызначана на суботу 14 красавіка а 12.00.

Крыніца:

Рыма-каталіцкі касцёл на Беларусі

Рубрыка: