Дапамажыце ў аднаўленні Лаўрышаўскай абіцелі!

У праваслаўных прыходах Гродзеншчыны пачаўся збор ахвяраванняў у дапамогу знішчанаму пажарам найстарэйшаму манастыру Беларусі.

Прайшло 10 гадоў з часу, як пачалося адраджэнне Лаўрышаўскай абіцелі, што месціцца на ўзгорку пасярод паплавоў на Наваградчыне. Абіцель заснаваная прападобным Елісеем Лаўрышаўскім. З цягам часу браціі ў манастыры няспынна большала, і ён зрабіўся лаўрай, у якой прападобны быў першым настаяцелем. Менавіта тады манастыр робіцца цэнтрам стварэння летапісаў на Беларусі. У 1250 годзе Елісей быў забіты, а ў 1514 годзе ён быў кананізаваны ў Вільні мітрапалітам Іосіфам Солтанам на саборы.

А месяц таму ў абіцелі здарыўся пажар: ягоныя насельнікі засталіся пад голым небам, без пажыткаў і рэчаў. Таму настаяцелі праваслаўных храмаў у часе службы звяртаюцца да вернікаў з просьбай дапамагчы паправіць бяду і заклікаюць супольна аднавіць святую абіцель Беларусі.

Усім, хто мае магчымасць зрабіць ахвяру, трэба звярнуцца ў праваслаўную царкву паблізу свайго дома. А ў Свята-Лаўрышаўскай абіцелі будуць чыніцца малітвы за тых, хто прыйшоў на дапамогу.

Пераклад на беларускую мову А.К.

Крыніца:

http://www.bulletinonline.org

Рубрыка: