Семінар "Выклікі сучаснасці і спакусы нашых дзён унутры Царквы" адбыўся 15-17.02.

15-17 лютага Аб'яднанне моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы правяло ў доме міжцаркоўны зносінаў "Кінанія" семінар "Выклікі сучаснасці і спакусы нашых дзён унутры Царквы", удзел у якім прынялі арганізацыі, якія ўваходзяць у склад АмБПЦ. Семінар быў прысвечаны Дню праваслаўнай моладзі, усталяванаму ў 1992 г. на Генеральнай асамблеі сусветнага брацтва праваслаўнай моладзі "Сіндэсмас", калі было вырашана адзначаць гэтае свята ў дзень Стрэчання Гасподняга 2(15) лютага. Паводле словаў арганізатараў, якія размясцілі анонс дадзенага мерапрыемства на форуме праваслаўнай моладзі "Беседка", меркавалася разгледзіць "актуальныя пытанні імплементацыі ў жыццё праваслаўнага хрысціяніна тэлебачання, кампутаравых тэхналогій, маральны аспект такх з'яваў, як эўтаназія, кланаванне і інш." Як паведамляе Хрысціянскі праваслаўны маладзёвы партал Dubus, у мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 70 чалавек, а ў суботу сустрэчу наведаў епіскап Горадзенскі і Ваўкавыскі Арцімій (Кішчанка), старшныя Аб'яднання моладзі БПЦ. Епіскап Арцемій закрануў у гутарках з моладдзю праблемы, якія існуюць унутры Царквы: падмене хрысціянства, маральнасці хрысціян, саборнасці Царквы, Еўхарыстыі, свабодзе асобы, святарстве, ілжэстарцах, модзе на вычыткі. Паводле удзельнікаў семінара, важным аспектам жыцця Царквы, які абмяркоўваўся на сустрэчы моладзі з епіскапам Арцеміем, была праблема суіснавання Царквы і палітыкі, праблема палітызацыі царквы і царкоўных арганізацый, змешванне палітычных поглядаў і Царквы, асацыяванне Царквы і пэўнага палітычнага рэжыму.

У другой палове дня адбыліся гутаркі з прот. Георгіем Латушкам і протадыяк. Максімам Логвінавым, якія ўжо не першы год з'яўляюцца традыцыйнымі дакладчыкамі сустрэч АмБПЦ.

Увечары 16 лютага ў "Кінаніі" адбылося служэнне ўсяночнага трывання, а раніцай 17 лютага ўдзельнікі семінара ўзялі ўдзел у літургіі ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы, якую ўзначаліў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы, у саслужэнні епіскапа Арцемія і клірыкаў сабору.

На семінары адбылася таксама змена адказнага сакратара Аб'яднання моладзі. Анатоля Кароткага на гэтай пасадзе змяніла прадстаўніца Свята-Нікольскага моладзевага праваслаўнага брацтва (Свята-петра-Паўлаўскі сабор, г. Мінск) Інэса Буцько.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: