Праваслаўная царква ня хоча бачыць Ягайлу на помніку да 1000‑годзьдзя Берасьця

Ужо зацверджаны праект помніка, прысвечанага 1000‑годдзю Берасця, будуць мяняць. Супраць некаторых элементаў кампазіцыі выказалася Беларуская праваслаўная царква, паведамляе газета «Вечерний Брест».

 

У прыватнасці, у лісце мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта выказвалася нязгода на постаць князя Ягайлы. На думку мітрапаліта Філарэта, «перыяд кіравання гэтага дзяржаўнага дзеяча, які прыходзіцца на канец XIV — пачатак XV стагоддзя, не быў бясхмарным і адзначыўся прыгнятаннямі людзей праваслаўнага веравызнання».

 

Аднак берасцейцы і скульптар вырашылі не чапаць фігуру вялікага князя, які даў гораду права на самакіраванне (вядомае Магдэбургскае права).

 

А вось з другой прапановай праваслаўнага іерарха ў Брэсце пагадзіліся. Скульптурную выяву Найсвяцейшай Багародзіцы, якая вянчала помнік, прыбяруць, бо гэта не адпавядае традыцыі праваслаўнай царквы.

 

Скульптар Аляксей Паўлючук прапанаваў эскізы яшчэ двух «вяршыняў» манумента. У адным выпадку гэта купец на каленях перад анёлам, які трымае ў руках абраз з выявай Багародзіцы (інтэрпрэтацыя легенды аб узнікненні Брэста). Другі варыянт — анёл‑абаронца горада, з крыжом у руках. Абедзве прапановы будуць узгадняцца з прадстаўнікамі Царквы.

Крыніца:

Вечерний Брест

Рубрыка: