Сёння спачыў Патрыярх Сербскі Паўле
Як паведамляе афіцыйны сайт Сербскай Праваслаўнай Царквы, сёння, 15 лістапада, на 96-м годзе жыцця пасля прылучэння Святых Хрыстовых Таямніцаў у Вайскова-медыцынскай акадэміі ў Бялградзе спачыў Патрыярх Сербскі Паўле, духоўні лідар Сербскай Праваслаўнай Царквы. Ужо цяшам некалькіх год Патрыярх знаходзіўся ў шпіталі з-за цяжкага стану здароўя, з-за чаго нават падаваў Сіноду просьбу аб сыходзе на спачын, але Сінод прыняў рашэнне, што Спадар Паўле не пакіне сваёй пасады аж да самай смерці. Патрыярх карыстаўся вялікай павагай народу, славіўся сваёй простасцю, мудрасцю, аднак цягам некалькіх год фактычна не мог выконваць сваіх кіраўнічых функцый, а па даручэнні Сіноду іх выконваў Мітрапаліт Чарнагорскі і Прыморскі Амфілох.
Будучы Патрыярх - Гойка Стойчавіч нарадзіўся 11 верасня 1914 г. у Славоніі, навучаўся у семінарыі ў Сараева, багаслоўскім факультэце ў Бялградзе, у аспірантуры багаслоўскага факультэта ў Афінах. Прыняў манаскі пострыг у 1946 г. пасля цудоўнага ацалення ад сухотаў у манастыры, а ў 1957 г. стаў епіскапам Рашка-Прызненскім, а ў 1990 г. быў абраны Патрыярхам Сербскім.
За апошнія некалькі год сыйшло цэлае пакаленне царкоўных іерархаў, што значна абнавіла аблічча Сусветнага Праваслаўя: у 2007 г. спачыў Румынскі Патрыярх Феакціст, у 2008 г. - Архіепіскап Афінскі Хрыстадул, прадстаяцель Эладскай Царквы, і Патрыярх Рускай Праваслаўнай Царквы Аляксей ІІ.
Крыніца:
Апошнія навіны
