Епіскап Веніямін паабяцаў дабівацца сустрэчы Паўла Севярынца са святаром

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт адмовіў у сустрэчы Тацяне Яўгенаўне Севярынец, маці сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя" Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ пасля падзеяў 19 снежня, паведамляе прэсавая служба БХД. Як вядома, гэтай сустрэчы яна пачала дамагацца пасля таго, як прадстаўнік епархіі, адказны за работу з вязьнямі, а за ім і епархіяльны сакратар фактычна адмовіліся прыняць удзел у задавальненні просьбы Паўла Севярынца аб сустрэчы са святаром.  

Тым не менш, маці Паўла праяўляла настойлівасць, і Мітрапаліт Філарэт блаславіў епіскапа  Барысаўскага, вікарыя Менскай епархіі Веніяміна на размову з Таццянай Севярынец. Сустрэча адбылася ў Свята-Духавым саборы пасля вечаровага набажэнства. Епіскап паабяцаў, што будзе дабівацца сустрэчы праваслаўнага верніка Паўла Севярынца са святаром, магчыма, нават праз старшыню КДБ Вадзіма Зайцава.

Тацяна Яўгенаўна закранула таксама пытаньне сустрэчы са сьвятаром ня толькі яе сына, але і ўсіх вязьняў СІЗА КДБ, бо на дадзены момант паміж Праваслаўнай Царквой і КДБ дамова аб магчымасьці споведзі зьняволеных у СІЗА не падпісаная, хаця Пункт 10 Правілаў унутранага распарадку СІЗА КДБ такую магчымасць прадугледжвае: "Заключенным по их просьбе и с разрешения органа, ведущего уголовный процесс, допускается приглашение в следственный изолятор служителей религиозных культов".

Гэтае ж пытаньне раніцай 31 сакавіка Тацяна Севярынец уздымала падчас сустрэчы з прадстаўніком генпракуратуры Пустушалам, які курыруе КДБ.

Трэба адзначыць, што  ў Асновах сацыяльнай канцэпцыі РПЦ настойваецца на важнасці пастырскай апекі вязьняў незалежна ад стаўлення да іх дзеянняў.

Рубрыка: