Святара Мікалая Гайдука з Гродна будуць судзіць за адмову ад абавязковай дактыласкапіі

У 2011 г. да штрафу 700 тыс. быў асуджаны паводле артыкула 23.4 святар Ігар Прылепскі з Вілейкі. Ён напісаў з гэтай нагоды артыкул "Некалькі словаў пра дактыласкапію і прававую абароненасць веруючага чалавека", дзе звярнуў увагу на неадназначнасць дадзенай працэдуры. Цягам апошніх гадоў дзяржаўны пераслед "ухілістаў", у тым ліку матывуючых адмову сваімі рэлігійнымі перакананнямі, стаў звычайнай справай - варта ўзгадаць толькі гісторыю магілёўскага праваслаўнага верніка Максіма Алямоўскага альбо баптыста-менчука Піліпа Кірдуна.

Цяпер стала вядома пра чарговага праваслаўнага святара, на якога быў складзены пратакол за «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў» і супраць каго была ўзбуджаная адміністратыўная справа, разгляд якой адбудзецца ў Гарадзенскім судзе, - Мікалая Гайдука, клірыка храма Адсячэння галавы Святога Яна Прадвесніка. Пра гэты факт паведамляе афіцыйны сайт Горадзенскай епархіі, дзе таксама адзначаецца, што гэта ўжо трэці святар дадзенай епархіі, які падвяргаецца пераследу за адмову прайсці дактыласкапію.

Нагадаем, што пытанне пра абавязковую здачу адбіткаў пальцаў уздымалася на агульным святарскім сходзе Мінскай епархіі, і тады дакладанага адказу не было ні ад царкоўнага кіраўніцтва, ні ад Упаўнаважанага па справах рэлігій. Тым не менш, пазней, на Сінодзе Беларускай Праваслаўнай Царквы быў прыняты зварот датычна "практыкі выкарыстання новых сродкай ідэнтыфікацыі грамадзян", у якім гаворка ідзе, у першую чаргу, пра сістэму біяметрычных пашпартоў, але які можна распаўсюдзіць і на працэдуру абавязковай дактыласкапіі. Аднак афіцыйнай пазіцыі Царквы ў дачыненні да адбіткай пальцаў так і не было выказана.

Рубрыка: