У Гродне прайшоў каталіцкі Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс

Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, які  распачаўся 24 траўня, праводзіцца ў Беларусі ўпершыню і прысвечаны 25-годдзю заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, паведамляе catholic.by.

Сярод ганаровых гасцей кангрэса – папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. У ліку слухачоў форуму, акрамя шматлікіх святароў, манахінь і вернікаў, прынялі удзел усе біскупы Беларусі на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Прысутных вітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які адзначыў, дзначыў, што вельмі сімвалічным з’яўляецца тое, што юбілей 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі прыпадае на абвешчаны ў Каталіцкім Касцёле Год Божай Міласэрнасці.

Адкрываў кангрэс даклад дапаможнага біскупа Беластоцкай архідыяцэзіі Генрыха Цярэшкі на тэму ролі Эўхарыстыі ў жыцці і святарскім служэнні бл. Міхала Сапоцькі.

Наступным пунктам кангрэса стала прэзентацыя беларускага перакладу «Дзённіка св. Фаўстыны» пісьменніцай і рэдактарам часопіса «Ave Maria» Крыстынай Лялько.

 Завяршыўся першы дзень рэлігійнага форуму святой Імшой, якую ў гродзенскай катэдры ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, і эўхарыстычнай адарацыяй.

 

На наступны дзень 25 траўня ў ранішнім дакладзе  біскуп Элцкі Ежы Мазур падкрэсліў вялікую ролю Эўхарыстыі як духоўнай падтрымкі ў місіянерскай справе Касцёла.

У гэты ж дзень  спецыяльны пасланнік Папы кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, узначаліў святую Імшу ў межах Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу ў Гродне.

На пачатку Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прывітаў усіх прысутных, дзякуючы за згоду прыняць удзел у свяце ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі, якая ў гэтым годзе адзначае свой 25-гадовы юбілей. Біскуп нагадаў пра ўклад пакаленняў, без якога немагчыма развівацца і ісці далей: «На набытках мінулых пакаленняў ствараецца наша будучыня Касцёла».

Кардынал Зянон Грахалеўскі прамовіў да прысутных духоўных і свецкіх асобаў гамілію, у якой звярнуў увагу на жыццёвы шлях чалавека, падчас якога ён рыхтуе сабе месца ў вечнасці, адзначыўшы, наколькі на гэтым шляху душа патрабуе падтрымкі, якую можа знайсці толькі ў еднасці з Хрыстом праз Эўхарыстыю.

Адной з цэнтральных тэм Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў другі дзень яго працы стаў даклад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, прысвечаны адраджэнню Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

У сваім выступленні старшыня беларускага епіскапату падрабязна распавёў пра асобныя перыяды гісторыі хрысціянства на беларускіх землях, прасочваючы шлях станаўлення і развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Іерарх вельмі эмацыйна прадставіў старонкі станаўлення каталіцкіх структур у нашай краіне, з уласнага вопыту ілюструючы цяжкасці, з якімі сутыкаўся Касцёл у Беларусі ў атэістычны час.

Вечарам 25 мая ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка)  прайшла малітва праслаўлення. Моладзь Гродна і ваколіц дзякавала Богу за 25-годдзе заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, які ў гэтыя дні праходзіць у горадзе над Нёманам.

Разам з моладдзю праславіць Бога ў касцёл на Дзевятоўцы прыйшлі кансэкраваныя асобы на чале з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB, які перад малітвай праслаўлення цэлебраваў святую Імшу.

«Сёння мы маем свабоду веравызнання. Будуем прыгожыя святыні, але дзеля чаго? Не дзеля таго, каб будаваць маўзалеі Езусу, а дзеля таго, каб гэтыя святыні сталі жывымі святынямі, дзе вернікі прыходзяць на сустрэчу з Езусам Хрыстом. Таму жадаю ўсім нам, браты і сёстры, цаніць дар Эўхарыстыі ў сваёй душы, не марнаваць яе кожны дзень, а па магчымасці ў ёй удзельнічаць, спяшацца на сустрэчу з Езусам, адзіным Збаўцам і Панам нашага жыцця. Цаніце Эўхарыстыю, жывіце Эўхарыстыяй і спяшайцеся да Езуса Хрыста!» — заклікаў прысутных іерарх.

Пасля святой Імшы прайшла сама малітва хвалы. Моладзь спявала, танчыла і ўзносіла рукі, каб яшчэ раз праславіць Збаўцу за ўсе дары, а асабліва за дар Эўхарыстыі.

Падчас малітвы праслаўлення можна было пачуць таксама сведчанні дзвюх дзяўчын, якія распавялі гісторыі свайго навяртання да Бога і аднаўлення веры.

Пасля малітвы праслаўлення моладзевы гурт «Open» выканаў некалькі кавераў на вядомыя хрысціянскія спевы. Пад гукі барабанаў, гітарныя сола і прыгожы жаночы вакал моладзь танчыла, пляскала ў далоні і падпявала музыкам.

Напрыканцы малітвы праслаўлення біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB благаславіў удзельнікаў. Скончылася сустрэча каля вогнішча.

Вечарам 25 траўня прайшоў вечаровы канцэрт з нагоды 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Гледачамі канцэрта сталі біскупы, святары, законныя сёстры, вернікі гродзенскіх парафій і ганаровыя госці, большасць з якіх з’яўляюцца ўдзельнікамі Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса.

У іх ліку былі папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік, Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры мансеньёр Марынко Антолавіч, пастар Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў, протаіерэй Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Аляксандр Хомбак, прадстаўнікі мясцовых уладаў.

Вечар адкрываў пластычны спектакль, у якім праз танец і музыку была прадстаўлена гісторыя Гродзенскай дыяцэзіі праз прызму Касцёла ў Беларусі. У фінале маляўнічага шоў біскупу Аляксандру Кашкевічу быў уручаны сімвалічны скрутак з булай Папы Яна Паўла ІІ аб заснаванні Гродзенскай дыяцэзіі.

Адным з цэнтральных момантаў канцэрта сталі віншаванні гасцей для біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з 25-годдзем біскупскай сакры і 25-й гадавінай заснавання дыяцэзіі. Пісьмовае  віншаванне на кангрэс даслаў і Папа Францішак.

Асобнае віншаванне біскупу праз протаіерэя Аляксандра Хомбака скіраваў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. «Ваша дыяцэзія — вобраз хрысціянскага служэння ў сучасным свеце. Калі хрысціянскі подзвіг становіцца зместам жыцця народаў, то і свет змяняецца, — адзначыў праваслаўны іерарх. — Няхай жа нашы зносіны і надалей будуць мірнымі, а супрацоўніцтва плённым».

Гродненскага біскупа павіншаваў сярод іншых Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімір Гуляка. У сваім звароце на беларускай мове Уладзімір Гуляка падкрэсліў, што Касцёл у нашай краіне з’яўляецца неад’емнай часткай культуры беларускага народа, адыгрываючы «значную ролю ў распаўсюджванні ідэалаў міласэрнасці і чалавекалюбства, узбагачаючы культурную палітру Беларусі».

Пастар Лютэранскай Царквы ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, звяртаючыся да біскупа Кашкевіча, падзякаваў яму за ўклад у сяброўскія адносіны паміж канфесіямі на Гродзеншчыне і адзначыў: «Мы з вамі — цела Хрыстова».

«Сёння мы павінны быць разам з вамі і таксама радавацца за вас», — заключыў пастар.

Вельмі вобразным атрымалася віншаванне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які завяршаў віншаванні гасцей канцэрта.

Акрамя цёплых слоў віншавання, Гродзенскі ардынарый атрымаў у гэты вечар два абразы: ікону, прэзентаваную праз архіепіскапа Арцемія, і ікону Святых Кірыла і Мятода, якую ў знак пашаны юбіляру перадаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Працяг вечара суправаджаўся вакальнымі выступленнямі хораў «Vox Domini» і «Cantate Domino», якія выконвалі для прысутных творы беларускіх і польскіх аўтараў. Таксама быў зачытаны кароткі нарыс станаўлення Гродзенскай дыяцэзіі.

На завяршэнне вечара гродзенскі ардынарый і папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі ўдзялілі гасцям пастырскае благаслаўленне.

«Я жадаю беларусам, каб іх краю заўсёды спадарожнічала праўда і любоў», — заключыў польскі іерарх.

26 мая ў сваім дакладзе «Божая міласэрнасць — выклік для сучаснага свету» папскі легат на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе кардынал Зянон Грахалеўскі паразважаў над трыма аспектамі міласэрнасці: міласэрнасцю Бога, чалавечай патрэбай у Божай міласэрнасці і неабходнасцю быць міласэрнымі да іншых.

Гэтым дакладам  скончылася працоўная частка Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў Гродне.

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: