МАНІТОРЫНГ СМІ: ЗВЯЗДА:

Юлiянскi i грыгарыянскi

 

 

Вядома, што самай старажытнай еўрапейскай сiстэмай упарадкавання часу быў каляндар, распрацаваны генiяльным палкаводцам, фiлосафам, астраномам i матэматыкам Гаем Юлiем Цэзарам у 46 г. да н.э. з дапамогай выдатнага александрыйскага астранома Сазiгена. Галоўнай асаблiвасцю новага календара быў нязменны рытм: у iм паслядоўна чаргавалiся тры простыя (працягласцю ў 365 дзён) i адзiн высакосны (працягласцю ў 366 дзён) гады.

 

Аднак на гэтым гiсторыя рэформ календара не скончылася. Рэч у тым, што сярэдняя працягласць года ў юлiянскiм календары была на 0,0078 сутак (г.зн. на 11 хвiлiн 14 секунд) большай за працягласць трапiчнага (экватарыяльнага) года. У вынiку за кожныя 128 гадоў набiралiся "лiшнiя" суткi. Напрыканцы XVІ ст. веснавое раўнадзенства было адсунутае на 10 сутак назад i прыпадала ўжо на 11 сакавiка. У сувязi з такой супярэчнасцю спатрэбiлася правесцi новую рэформу еўрапейскага календара. Яе здзейснiў Папа Рымскi Грыгорый XIII на падставе праекта iтальянскага матэматыка Луiнджы Лiлiе.

 

У адпаведнасцi з папскай булай восенню 1582 г. з календара "забралi" 10 лiшнiх дзён, i веснавое раўнадзенства зноў апынулася на сваiм месцы — 21 сакавiка. Дзеля таго, каб каляндар зноў не набiраў лiшнiя суткi, згодна з гэтай жа рэформай кожныя чатырыста гадоў з яго трэба выкiдаць трое сутак. Каталiцкiя краiны Еўропы адразу пачалi пераходзiць на новы стыль летазлiчэння. Пратэстанцкiя — толькi праз 50—100 гадоў. Праваслаўная царква адмовiлася пераходзiць на грыгарыянскi (ад iмя папы Грыгорыя XIII) стыль i да гэтага часу адзначае свае святы па старым, юлiянскiм календары.

 

Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi, 24 студзеня 1917 г., Саўнаркам РСФСР прыняў "Дэкрэт аб увядзеннi ў Расiйскай рэспублiцы заходнееўрапейскага календара" з мэтай усталявання ў Расii аднолькавага амаль з усiмi культурнымi народамi злiчэння часу: "Першым днём пасля 31 студзеня гэтага года лiчыць не 1 лютага, а 14 лютага, другiм днём лiчыць пятнаццатага лютага i г.д.".

 

На момант увядзення грыгарыянскага календара рознiца памiж iм i юлiянскiм календаром складала 10 дзён, але да пачатку ХХ стагоддзя яна павялiчылася да 13 дзён.

 

Усе гэтыя гiстарычныя рэформы прывялi да таго, што сёння ў сваiм жыццi мы карыстаемся i адным, i другiм календарамi. Усё наша грамадства i дзяржаўныя органы кiравання працуюць у адпаведнасцi з еўрапейскiм грыгарыянскiм календаром, а вось святы праваслаўнай царквы адзначаюцца па старым стылi, па юлiянскiм календары.
 

Аксана Катовіч, Янка Крук

Рубрика: