ЛЁС ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ БССР У 20-30-я гг. ХХ ст.

Кастрычнік 1917 г. стаў пачаткам крыжовага шляху для Праваслаўнай Царквы, як і для іншых веравызнанняў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Савецкая дзяржава аб'явіла сваёй мэтай пабудову «справядлівага камуністычнага грамадства» без Бога. Пачалася карэнная ломка ўсяго папярэдняга ўкладу жыцця і сістэмы каштоўнасцяў. Любая сістэма каштоўнасцяў абапіраецца на той ці іншы від веры. Вера можа быць не толькі релігійнай (вера ў Бога), як сцвярджае прафесар А.І. Осіпаў, але і безрэлігійнай (вера ў перамогу камунізму, у вечнасць матэрыі, у «геній» правадыра). Бальшавікі імкнуліся прышчапіць народу (што часткова ўдалося) новую форму рэлігіі без Бога. Камуністычная ідэалогія, матэрыялістычны светапогляд, вера ў беспамылковасць чарговага правадыра, у прымат матэрыяльнага над духоўным - усё гэта склала новую сістэму каштоўнасцяў [5, c. 47].

У савецкі перыяд ваяўнічы атэізм, як і падаўленне любога іншадумства, быў пакладзены ў аснову дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да вернікаў. Мэтанакіраваная дзяржаўная падтрымка атэістычнай прапаганды і забарона рэлігійнай прапаганды, закрыццё спецыялізаваных рэлігійных устаноў (Духоўных семінарый і акадэмій) мелі на мэце ізаляцыю Царквы, ператварэнне Яе ў «ціхую гавань для пенсіянераў» [1, c. 1]. Прынцып «держать и не пущать» пранізваў адносіны дзяржавы не толькі да Царквы, але і да культуры, навукі і наогул да ўсялякага творчага накірунку чалавечага жыцця. Жорсткія рэпрэсіі супраць духавенства і вернікаў, разбурэнне храмаў і манастыроў, адносіны да рэлігіі як да перажытку мінулага павінны былі вытравіць са свядомасці людзей самую думку пра Бога, памяць пра свае рэлігійныя традыцыі. Найбольшыя рэпрэсіі супраць Царквы разгарнуліся ў 20-30-я гг. ХХ ст.

Узаемаадносіны Праваслаўнай Царквы і новай палітычнай улады - Савета Народных Камісараў - рэгуляваліся «Дэкрэтам аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы і школы ад Царквы» ад 23 студзеня 1918 г. Вось некаторыя яго палажэнні: «1. Царква аддзяляецца ад дзяржавы… 5. Свабоднае выкананне рэлігійных абрадаў забяспечваецца настолькі, наколькі яны не парушаюць грамадскага парадку і не суправаджаюцца пасягненнямі на правы грамадзян Савецкай Рэспублікі. Мясцовыя ўлады маюць права прымаць усе неабходныя меры для забеспячэння ў гэтых выпадках грамадскага парадку і бяспекі. 6. Ніхто не можа, спасылаючыся на свае рэлігійныя погляды, ухіляцца ад сваіх грамадзянскіх абавязкаў… 9. Школа аддзяляецца ад Царквы. Выкладанне рэлігійных веравучэнняў ва ўсіх дзяржаўных і грамадскіх, а таксама прыватных навучальных установах, дзе выкладаюцца агульнаадукацыйныя прадметы, не дапускаецца. Грамадзяне могуць вучыць і вучыцца рэлігіі прыватным чынам… 12. Ніякія царкоўныя і рэлігійныя абшчыны не маюць права мець уласнасць. Права юрыдычнай асобы яны не маюць…» [8, с. 113-114].

Гэты закон не проста аддзяляў Царкву ад дзяржавы і школы, як зараз, але рабіў вернікаў і духавенства людзьмі другога гатунка, падводзіў юрыдычную базу для будучых ганенняў. Напрыклад, пунктам пятым, у якім ішла гаворка пра «неабходныя меры», якія могуць прымяняць «мясцовыя ўлады», можна было апраўдаць любыя іх дзеянні. Словы гэтага самага пункта пра «свабоднае выкананне рэлігійных абрадаў» «настолькі, наколькі яны не парушаюць грамадскага парадку», практычна прыраўнівалі хрэсны ход і царкоўны звон да п'янай бойкі ці хуліганства. З пункту гледжання пешахода ці жадаючага даўжэй паспаць у нядзелю, хрэсны ход - ужо парушэнне грамадскага парадку. Пункт шосты не ўлічваў Кананічнае права Царквы, па якому святар не мае права ваяваць са зброяй у руках, што ў перыяд мабілізацыі магло расцэньвацца як ухіленне ад выканання грамадзянскага абавязку. Пазбаўленне Царквы права юрыдычнай асобы ўскладняла Яе дзейнасць, магчымасць абараняць свае правы, выдаваць рэлігійную і апалагетычную літаратуру.

Самыя гучныя сутыкненні савецкай улады з Царквой у 20-я гг. адбыліся падчас т.зв. кампаніі па «Канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў». Повадам для яе правядзення стаў голад у Паволжжы. Гэтая кампанія не была актам міласэрнасці ў адносінах да галадаючых - большасць сродкаў пайшла на яе падрыхтоўку і правядзенне і на падкормку камуністычных рухаў у Еўропе з надзеяй на будучую сусветную рэвалюцыю. Прапанова патрыярха Ціхана аб аказанні Царквой дапамогі галадаючым была адхілена. Голад цынічна быў выкарыстаны як повад для «Кампаніі». Вынікі экспрапрыяцыі ў БССР былі вельмі сціплымі. У 1922 г. з цэркваў, касцёлаў і сінагог у Маскву было вывезена больш за 65 пудоў серабра (для параўнання: у РСФСР сабралі каля 18 пудоў золата і 8199 пудоў серабра) [6, с. 278]. Такі адносна небагаты «ўлоў» тлумачыцца тым, што к таму часу царкоўная маёмасць ужо двойчы вывозілася з Беларусі: у пачатку Першай сусветнай вайны - у Расію і падчас польскай акупацыі - у Польшчу. У некаторых населеных пунктах пры канфіскацыях справа даходзіла да сутыкненняў людзей з уладамі. І ўсё ж гучных «расстрэльных» працэсаў, як у Петраградзе, па гэтай справе не назіралася. У 1924 г.у Мінску адбыўся судовы працэс над групай міран і духавенства на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам (Паеўскім). На запыт Мінска Масква не дала «дабро» на смяротны прыгавор, і ўсе падсудныя атрымалі ад аднаго да трох год умоўна.

На пачатку 20-х гг. паралельна з канфіскацыяй царкоўных каштоўнасцяў ішоў працэс па ўскрыццю мошчаў (рэліквій) святых. У Полацку тады былі ўскрыты мошчы святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай, нябеснай апякункі Беларусі. Мошчы адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, а затым - у краязнаўчы музей Віцебска. Адбылося глумленне і над другой святыняй беларусаў - мошчамі віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, якія знаходзіліся на той час у Маскве [3, с. 182]. На змену «старым» святыням прыходзілі новыя «святыні». Замест царкоўных імён (часцей за ўсё грэчаскіх, лацінскіх, яўрэйскіх) сталі давацца новыя, савецкія: Уладзілен (у гонар Уладзіміра Леніна), Сталіна (у гонар Сталіна), Красарма (у гонар Чырвонай Арміі) і г.д. Для выхавання моладзі ў атэістычным духу былі створаны адпаведныя арганізацыі. Вось што гаварыў Яраслаўскі (М.І. Губельман) на адкрыцці ў 1925 г. з'езда карэспандэнтаў газеты «Бязбожнік»: «У нас у СССР 2 мільёны камсамольцаў і партыйцаў і 2 мільёны піянераў. Гэта першая бязбожная армія, якая прыцягне за сабой мільёны» [7, с. 48]. У 1926 г. на Беларусі стаў дзейнічаць Саюз Ваяўнічых Бязбожнікаў (СВБ БССР). У 1932 г. ён налічваў 217 тысяч чалавек, у тым ліку 102 тысячы піянераў і акцябрат [6, с. 286].

Для разлажэння Царквы знутры пры ўдзеле дзяржавы і непасрэдным кіраўніцтве ГПУ была створана т.зв. «Абнаўленчая Царква». Многія з яе кіраўнікоў з'яўляліся сакрэтнымі агентамі ГПУ, ім прадстаўляліся лепшыя храмы, адабраныя ў праваслаўных. У канцы 30-х гг. абнаўленцы, як адпрацаваны і непатрэбны матэрыял, былі перамолаты жорнамі рэпрэсій.

На пачатку 30-х гг. Савецкая дзяржава пачала новую кампанію па барацьбе з рэлігіяй. У сувязі з прыняццем другога пяцігадовага плана Саюз Ваяўнічых Бязбожнікаў абвясціў «бязбожную» пяцігодку. На 1932 г. планавалася закрыццё навучальных устаноў для падрыхтоўкі духавенства, на 1933 г. - ліквідацыя манастыроў і забарона рэлігійнай літаратуры, на 1934 г. - высылка духавенства, на 1935 г. - пераабсталяванне храмаў пад свецкія ўстановы, на 1936-1937 гг. - замацаванне дасягнутых поспехаў і святкаванне канчатковай перамогі атэізму [6, с. 297].

Аб выніках гэтай працы можна меркаваць па тым, што з 1445 цэркваў у Беларусі ў 1917 г. на 20 снежня 1937 г. засталіся дзеючымі толькі 74 [7, с. 50].

Рэпрэсіі абрынуліся на духавенства ў асноўным па двух накірунках: за неўплату падаткаў і за «контррэвалюцыйную» дзейнасць. У першым выпадку на людзей з гадавым даходам каля 700 рублёў накладваўся падатак 1000-2000 рублёў або - пры адсутнасці зямлі - абавязак нарыхтоўкі зерня, бульбы і лёну. Прыгаворы за «антысавецкую контррэвалюцыйную дзейнасць» выносіліся «тройкамі» НКУС і былі, як правіла, смяротнымі. Падсудных абвінавачвалі ва ўдзеле ў міфічнай «контррэвалюцыйнай» арганізацыі. Астатні пагром праваслаўнага духавенства на Беларусі адбыўся ў Мінску ў ноч на 29 ліпеня 1937 г. [2, с. 42]. Тады былі расстраляна апошнія з ацалелага духавенства на чале з епіскапам Бабруйскім Філарэтам (Раменскім) [4, с. 378]. На пачатак 40-х гг. ва Усходняй Беларусі былі гвалтоўна зачынены ўсе цэрквы. Працягвалі нелегальна дзейнічаць толькі дзве абшчыны: у Магілёве і Гомелі. Галоўнай стратай для Царквы сталі святары: каля 2000 духоўных асоб былі расстраляны або загінулі ў сталінскіх лагерах.

Аднаўленне і захаванне гістарычнай праўды аб перажытым народам і Царквою ў ХХ ст., без замоўчвання, з'яўляецца важным для нас, уступіўшых у ХХІ ст. пасля Нараджэння Хрыстовага. У захаванні перадачы памяці аб мінулым мы бачым выкананне нашага маральнага абавязку перад пакаленнямі продкаў, якія сваім жыццём, подзвігамі мучанікаў і вернасцю Богу далі нам магчымасць заняцца адраджэннем царкоўнага жыцця.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Борисов, А., свящ. Побелевшие нивы. Размышления о Русской Православной Церкви / А. Борисов. - 101 с.

2. Касяк, І. З гісторыі Праваслаўнай Царквы беларускага народу / І. Касяк. - Нью-Йорк, 1956. - 191с.

3. Кашеваров, А.Н. Православная Российская Церковь и советское государство (1917-1922) / А.Н. Кашеваров. - М., 2005. - 437 с.

4. Маракоў, Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917-1967: у 2 т. / Л.У. Маракоў. - Мінск: Беларускі Экзархат, 2007. - Т. 2. - 656 с.

5. Осипов, А.И. Духовность. Традиция. Патриотизм / А.И. Осипов. - Минск: Молодёжное научное общество, 2001. - 100 с.

6. Протько, Т.С. Становление Советской тоталитарной системы в Беларуси (1917-1941 гг.) / Т.С. Протько. - Минск: Тесей, 2002. - 688 с.

7. Шиленок, Д., свящ. Из истории Православной Церкви в Белоруссии / Д. Шиленок. - М., 2006. - 216 с.

8. Цыт. па: Штриккер, Г. Русская Православная Церковь в советское время (1917-1991 гг.). Материалы и документы по истории отношений между государством и Церковью: в 2 т. / Г. Штриккер. - М., 1995. - Т. 1. - 400 с.

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

свят. Аляксандар Велісейчык

Рубрика: