12 Паводле Матфея

1. Тым часам праходзіў Іісус у суботу пасевамі, а вучні Яго згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.
2. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.
3. А Ён сказаў ім: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
4. Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы выстаўлення, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, што з ім былі, а толькі адным святарам?
5. Альбо ці не чыталі вы ў законе, што ў суботы святары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
6. Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
7. калі б ведалі вы, што азначае: "міласці хачу, а не ахвяры", не асудзілі б невінаватых;
8. бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.
9. І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.
10. І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? каб звінаваціць Яго.
11. А Ён сказаў ім: ці ёсць сярод вас такі чалавек, што маючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, не возьме і не выцягне яе?
12. Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботы дабро рабіць.
13. Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровай, як другая.
14. А фарысеі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго.
Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
15.І пайшло за Ім следам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх.
16. і забараніў ім расказваць пра Яго:
17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
18. "Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго і Ён суд народам абвесціць
19. не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Яго;
20. трысціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
21. і на імя Яго будуць спадзявацца народы"
22. Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
23. І здзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
24. А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяе дэманаў няйначай, як сілаю вельзевула, князя дэманскага.
25. Але Іісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім: усякае царства, якое раздзялілася самое ў сабе, запусцее; і ўсякі горад альбо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не ўстаіць.
26. І калі сатана сатану выганяе, дык ён раздзяліўся сам у сабе, як жа ўстаіць царства ягонае?
27. І калі Я вельзевулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам суддзямі будуць.
28. Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
29. Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі спярша не звяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
30. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае.
31. Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзнерства не даруецца людзям;
32. калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Святога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
33. Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым; альбо прызнайце дрэва кепскім і плод яго кепскім, бо па плодзе дрэва пазнаецца.
34. Адроддзе яхідніна як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
35. Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
36. Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны:
37. бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
38. Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысеі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе знаменне ўбачыць.
39. Ён ім сказаў у адказ: род ліхі і пералюбны знамення шукае; і знаменне не будзе дадзена яму, акрамя знамення Іоны прарока;
40. бо як Іона быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41. Ніневіцяне ўстануць на судзе з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай; і вось, тут больш за Іону.
42. Царыца поўдня ўстане на судзе з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
43. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
44. тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае яго пустым, падмеценым і прыбраным;
45. тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, ўвайшоўшы, жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшы за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
46. Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі на дварэ, хочучы гаварыць з ім.
47. І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае на дварэ стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
48. Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
49. І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
50. бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.