20 Паводле Матфея
17.12.20101. Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.
2. І, згадзіўшы работнікаў па дынарыі ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
3. І выйшаўшы каля трэцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку без працы,
4. і ім сказаў: ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі.
5. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.
6. А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень без працы?
7. Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце.
8. А калі звечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
9. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынарыі.
10. Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынарыі.
11. І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома
12. і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанеслі цягату дня і спёку.
13. А ён у адказ сказаў аднаму з іх: дружа! я не крыўджу цябе; ці ж не за дынарый ты дамовіўся са мною?
14. вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;
15. хіба я не маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздрослівае ад таго, што я добры?
16. Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
17. І, узыходзячы ў Іерусалім, Іісус адвёў дванаццаць вучняў асобна і дарогаю сказаў ім:
18. вось, мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць;
19. і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаванне і біццё і ўкрыжаванне; і на трэці дзень уваскрэсне.
20. Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ўЯго.
21. Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім.
22. Іісус сказаў у адказ: не ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, альбо хрышчэннем, якім Я хрышчуся хрысціцца? Яны кажуць Яму: можам.
23. І кажа ім: чашу Маю будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца; але даць сесці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім.
24. Пачуўшы гэта, дзесяцера вучняў абурыліся на двух братоў.
25. Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы ўладараць над імі.
26. Але не так няхай будзе паміж вамі; а хто хоча між вамі большым быць, няхай будзе вам слугою;
27. і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам рабом;
28. бо Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.
29. І калі выходзілі яны з Іерыхона, за Ім следам ішло мноства людзей.
30. І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Іісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
31. А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
32. Іісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?
33. Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя.
34. Іісус жа, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.