5 Паводле Матфея
17.12.20101. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
2. I, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
3. Блажэнныя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
4. Блажэнныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
5. Блажэнныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
6. Блажэнныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
7. Блажэнныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
8. Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9. Блажэнныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
10. Блажэнныя гнаныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
11. Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне.
12. Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
13. Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым паправіць яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям.
14. Вы — святло свету: не можа схавацца горад, які стаіць на гары.
15. І запаліўшы свечку, не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку, і свеціць усім, хто ў доме.
16. Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.
17. Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць.
18. Бо праўду кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з закона, пакуль не збудзецца ўсё.
19. Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
20. Бо, кажу вам, калі праведнасць ваша не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, дык не ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
21. Вы чулі, што сказана продкам: "Не забівай; а хто заб'е, падпадае суду".
22. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму "рака"*, падпадае сінедрыёну**; а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай.
23. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,
24. пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі спярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
25. Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе праціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не кінулі цябе ў цямніцу;
26. праўду кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта***.
27. Вы чулі, што сказана продкам: "Не чыні пералюбу".
28. А я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.
29. Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
30. І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
31. Сказана таксама, што, калі хто развядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разводны ліст.
32. А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пралюбадзейства; і хто ажэніцца з разведзенай, той пралюбадзейнічае.
33. Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: "Не давай ілжывай прысягі, а выконвай перад Госпадам прысягі твае".
34. А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;
35. ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Яго; ні Іерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
36. ні галавою тваёю не прысягай, бо не можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
37. А няхай будзе слова ваша: "так - так", "не - не"; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
38. Вы чулі, што сказана: "Вока за вока, і зуб за зуб".
39. А Я кажу вам не працівіцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;
40. і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;
41. і калі хто цябе змусіць ісці з ім адно попрышча****, ідзі за ім два.
42. Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
43. Вы чулі, што сказана: "Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго".
44. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас і гоняць вас;
45. і будзеце вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.
46. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці не тое ж самае робяць і мытнікі******?
47. І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці не тое ж самае робяць і язычнікі?
48. Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.
______________________
* Пусты чалавек.
** Найвышэйшае судзілішча.
*** Дробная манета.
**** 1000 крокаў.
***** Зборшчыкі падаткаў.