3 Паводле Марка

1 І прыйшоў зноў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усохлую руку.
2 І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб звінаваціць Яго.
3 І кажа Ён чалавеку, што меў усохлую руку: стань пасярэдзіне.
4 А ім кажа: ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць? душу ўратаваць альбо загубіць? Яны ж маўчалі.
5 І, паглядзеўшы на іх з гневам, засмучаны жорсткасцю сэрцаў іх, кажа чалавеку: працягні руку тваю. І працягнуў ён, і стала рука яго здаровай, як другая.
6 І, выйшаўшы, фарысеі адразу ўчынілі з ірадыянамі змову супраць Яго , як Яго загубіць.
7 Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і мноства народу з Галілеі пайшло за Ім, і з Іудзеі,
8 і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з-за Іардана. І з наваколляў Тыра і Сідона мноства вялікае, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
9 І сказаў вучням Сваім, каб лодка была для Яго напагатове, каб натоўп не цясніў Яго.
10 Бо многіх Ён ацаліў, так што нядужныя кідаліся да Яго, каб да Яго дакрануцца.
11 І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы.
12 І Ён строга забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.
13 І ўзышоў на гару, і паклікаў, каго Сам хацеў; і прыйшлі да Яго.
14 І паставіў дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць,
15 і каб яны мелі ўладу ацаляць немачы і выганяць дэманаў.
16 Паставіў Сімана, даўшы яму імя Пётр,
17 і Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата Іакава, даўшы ім імёны Ваанергес, што азначае “сыны громавы”;
18 і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму, і Іакава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта,
19 і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
20 І прыйшлі ў дом, і сабраўся зноў народ, так што яны не маглі нават хлеба паесці.
21 І дачуўшыся, блізкія Яго выйшлі забраць Яго; бо казалі, што Ён не ў Сабе.
22 А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе вельзевула і што сілай князя дэманскага выганяе дэманаў.
23 І, паклікаўшы іх, прытчамі казаў ім: як можа сатана сатану выганяць?
24 І калі царства раздзеліцца самое ў сабе, не можа ўстаяць царства тое.
25 І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа ўстаяць дом той.
26 І калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзяліўся, не можа ўстаяць, але прыйшоў канец яму.
27 Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, нарабаваць дабра яго, калі перш не звяжа дужага, і тады абрабуе дом яго.
28 Праўду кажу вам: адпушчаны будуць сынам чалавечым усе грахі і хуленні, якімі б ні хулілі,
29 але хто будзе хуліць Духа Святога, не будзе мець адпушчэння давеку, а падлягае вечнаму асуджэнню.
30 Так казаў Ён, бо гаварылі: Ён духа нячыстага мае ў Сабе.
31 І прыйшлі Маці Яго і браты Яго і, стоячы на дварэ, паслалі да Яго паклікаць Яго.
32 І сядзеў народ вакол Яго. І сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на дварэ, шукаюць Цябе.
33 І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая і браты Мае?
34 І агледзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае;
35 бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці.