5 Паводле Марка

1 І прыплылі на другі бераг мора ў краіну Гадарынскую.
2 І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячораў у духу нячыстым,
3 які меў жытло ў магілах, і нават ланцугом ніхто не мог звязаць яго;
4 бо шмат разоў яго звязвалі аковамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў аковы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць;
5 і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гарах крычаў ён і біўся аб каменне.
6 А ўбачыўшы здалёк Іісуса, прыбег і пакланіўся Яму.
7 І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Іісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? заклінаю Цябе Богам, не муч мяне!
8 Бо Іісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
9 І пытаўся ў яго: як імя тваё? І той адказаў: легіён маё імя, бо многа нас.
10 І вельмі прасілі Яго, каб не адсылаў іх прэч з краіны той.
11 А там пры гары пасвіўся вялікі статак свіней.
12 І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у свіней, каб нам увайсці ў іх.
13 І адразу дазволіў ім Іісус. І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней; і рынуўся статак з кручы ў мора, а іх было каля дзвюх тысяч; і патанулі ў моры.
14 А іх пастухі пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках. І людзі выйшлі пабачыць, што здарылася.
15 Прыходзяць да Іісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры розуме; і спалохаліся.
16 Тыя, хто бачыў, расказалі ім: як гэта адбылося з апантаным, і пра свіней.
17 І пачалі прасіць Яго адыйсці з межаў іх.
18 І калі Ён увайшоў у лодку, той, што быў апантаны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
19 А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што зрабіў табе Гасподзь і як памілаваў цябе.
20 І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігароддзі, што зрабіў яму Іісус. І ўсе здзіўляліся.
21 І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг, сабралася народу мноства да Яго. І быў Ён каля мора.
22 І вось прыходзіць адзін са старэйшын сінагогі, імем Іаір, і, ўбачыўшы Яго, падае ў ногі Яму
23 і вельмі просіць Яго, кажучы: дачушка мая пры смерці, прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла.
24 І пайшоў за ім Іісус.
І ўслед Яму ішоў вялікі натоўп, і напіралі на Яго.
25 І жанчына нейкая, што мела кровацячэнне дванаццаць гадоў,
26 і шмат нацярпелася ад многіх лекараў, і патраціла ўсё, што мела і ніякай палёгкі не атрымала, а стала ёй яшчэ горш;
27 пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да вопраткі Яго;
28 бо казала: калі дакрануся хоць да вопраткі Яго, уратаваная буду.
29 І адразу спынілася кровацячэнне ў яе, і адчула яна целам, што вызвалілася ад хваробы.
30 І адразу Іісус, адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго, павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрануўся да вопраткі Маёй?
31 І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напірае на Цябе, а кажаш: хто дакрануўся да Мяне?
32 І аглядаўся Ён, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
33 А жанчына спалохалася і дрыжала, ведаючы, што з ёю адбылося, падыйшла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
34 Ён жа сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.
35 Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі і кажуць: дачка твая памерла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?
36 Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы, кажа старэйшыне сінагогі: не бойся, толькі веруй.
37 І не дазволіў нікому ісці за Сабою, акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.
38 Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі, і бачыць Ён сумятню і тых, што плачуць і галосяць моцна.
39 І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалюецеся і плачаце. Дзяўчынка не памерла, а спіць.
40 І насміхаліся з Яго. Але Ён, выправадзіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былі з Ім, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
41 І, узяўшы дзяўчынку за руку, кажа ёй: таліфа кумі, што значыць: дзяўчына, табе кажу, устань.
42 І адразу паднялася дзяўчына і пачала хадзіць, а было ёй гадоў дванаццаць. І ўразіліся ўражаннем вялікім.
43 І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта, і сказаў даць ёй есці.