8 Паводле Марка
17.12.20101 У тыя дні , калі сабралася многа народу і не мелі чаго есці, Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
2 шкада Мне людзей, што ўжо тры дні застаюцца са Мною, і не маюць чаго есці;
3 І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
4 І адказалі Яму вучні Яго: адкуль можа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?
5 І спытаў у іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.
6 Тады загадаў людзям узлегчы на зямлі; і, ўзяўшы сем хлябоў, узнёсшы падзяку, пераламіў, і даў вучням Сваім, каб раздавалі; і яны раздалі людзям.
7 І мелі некалькі рыбінак: і благаславіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.
8 І елі, і насыціліся; і назбіралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
9 А было тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.
10 І адразу ўвайшоў у лодку і прыбыў з вучнямі Сваімі ў межы Далмануфскія.
11 І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім , дамагаючыся ад Яго знамення з неба, спакушаючы Яго.
12 І Ён, уздыхнуўшы духам Сваім, кажа: нашто род гэты знамення патрабуе? Праўду кажу вам: не дасца роду гэтаму знаменне.
13 І, пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і адправіўся на той бок.
14 І забыліся вучні Яго ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба не мелі з сабой у лодцы.
15 І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірадавай.
16 І разважалі між сабой, кажучы: гэта значыць, што хлябоў у нас няма.
17 І, ведаючы, Іісус кажа ім: чаму разважаеце, што хлябоў няма ў вас? Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце? Няўжо дагэтуль скамянелае сэрца ваша?
18 Вочы маючы, не бачыце? Вушы маючы, не чуеце? І не памятаеце?
19 Калі пяць хлябоў пераламіў Я на пяць тысяч, колькі поўных кашоў кавалкаў назбіралі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.
20 А калі сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў кавалкаў вы набралі? Яны ж адказалі: сем.
21 І сказаў ім: як жа не разумееце?
22 І прыходзіць у Віфсаіду. І прыводзяць да Яго сляпога і просяць, каб да яго дакрануўся.
23 І, узяўшы за руку сляпога, вывеў яго за паселішча і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы рукі на яго, пытаўся ў яго, ці бачыць што.
24 Той, агледзеўшыся, сказаў: бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць.
25 Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў яго відушчым. І ацаліўся, і стаў бачыць усё выразна.
26 І адаслаў яго ў дом, кажучы: у паселішча не заходзь і не расказвай нікому ў паселішчы.
27 І пайшоў Іісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Кесарыі Філіпавай. І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы ім: за каго Мяне прымаюць людзі?
28 А яны адказалі: за Іаана Хрысціцеля, іншыя — за Ілію, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
29 Ён сказаў ім: а вы за каго прымаеце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты — Хрыстос.
30 І загадаў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
31 І пачаў вучыць іх, што Сыну Чалавечаму належыць многа адпакутаваць, быць адрынутым старэйшынамі і першасвятарамі, і кніжнікамі, і забітым быць, і на трэці дзень уваскрэснуць.
32 І казаў пра гэта адкрыта. І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаворваць Яго.
33 А Ён, абярнуўшыся і паглядзеўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
34 І, паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ўслед за Мной ідзе.
35 Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яе.
36 Бо якую карысць будзе мець чалавек, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць душы сваёй?
37 Альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?
38 Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх перад родам гэтым пралюбадзейным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі святымі.