10 Паводле Лукі
17.12.20101 Пасля гэтага абраў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,
2 і казаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб вывеў работнікаў на жніво Сваё.
3 Ідзіце! вось Я пасылаю вас як ягнят пасярод ваўкоў.
4 Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе не вітайце.
5 Калі ж у які дом увойдзеце, перш кажыце: мір дому гэтаму;
6 і калі там будзе сын міру, то спачне на ім мір ваш; а калі не, то да вас вернецца;
7 і ў тым доме заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсць; бо работнік дастойны ўзнагароды сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
8 І калі ў які горад прыйдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць;
9 і ацаляйце хворых, якія ёсць там, і кажыце ім: наблізілася да вас Царства Божае.
10 А калі ў які горад прыйдзеце і не прымуць вас, то, выйшаўшы на вуліцы яго, скажыце:
11 і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтрасаем вам; аднак тое ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае;
12 кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду таму.
13 Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, яны б даўно ўжо, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся;
14 але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
15 І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла будзеш нізрынуты.
16 Хто слухае вас, Мяне слухае; і хто адвяргае вас, Мяне адвяргае; а хто адвяргае Мяне, адвяргае Таго, Хто паслаў Мяне.
17 Вярнуліся ж семдзесят з радасцю, гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакараюцца нам у імя Тваё.
18 Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану, што як маланка з неба ўпаў;
19 Вось Я даю вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;
20 аднак таму не радуйцеся, што духі вам пакараюцца, а радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах.
21 У той час узрадаваўся духам Іісус і сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым дзецям. Так, Ойча! бо гэта было добраўгодна перад Табою.
22 І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перададзена Айцом Маім, і хто ёсць Сын, не ведае ніхто, акрамя Айца, і хто ёсць Айцец, не ведае ніхто, акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
23 І, павярнуўшыся да вучняў, асобна сказаў: блажэнныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце;
24 бо кажу вам, што многія прарокі і цары хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
25 І вось, устаў нейкі законнік і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік! Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
26 Ён жа сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
27 Той жа сказаў у адказ: “узлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім,
і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім разуменнем тваім”, і “бліжняга твайго, як самога сябе”.
28 Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў; рабі гэта, і будзеш жыць.
29 Але той, хочучы апраўдаць сябе, сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?
30 На гэта Іісус сказаў: чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія раздзелі яго і паранілі, і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
31 Выпадкова адзін святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
32 Таксама і левіт, быўшы на тым месцы, падышоў і, убачыўшы, прайшоў міма.
33 А нейкі Самаранін, што быў ў дарозе, натрапіў на яго і, ўбачыўшы яго, зжаліўся,
34 і, падышоўшы, перавязаў раны яго, узліваючы алей і віно; і, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго;
35 а на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынарыі і даў гаспадару гасцініцы, і сказаў яму: паклапаціся пра яго, а калі болей што патраціш, я, як вярнуся, аддам табе.
36 Каторы з гэтых трох, здаецца табе, быў бліжнім таму, хто трапіў да разбойнікаў?
37 Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму. Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэтак.
38 І сталася: калі яны былі ў дарозе, зайшоў Ён у адно паселішча; і жанчына нейкая, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
39 і была ў яе сястра, што звалася Марыя, якая, сеўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.
40 Марфа ж клапацілася, каб як найлепш услужыць, і, падышоўшы, сказала: Госпадзі! ці ж не абыякава Табе, што сястра мая адну мяне пакінула ўслужваць? скажы ёй, каб дапамагла мне.
41 Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! ты клапоцішся і турбуешся пра многае,
42 а толькі адно патрэбна; Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.