15 Паводле Лукі

1 Набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго.
2 І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.
3 А Ён сказаў ім такую прытчу, гаворачы:
4 хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяці ў пустыні і не ідзе па тую, што згубілася, пакуль не знойдзе яе?
5 І, знайшоўшы, ускладае на плечы свае, радуючыся;
6 і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: парадуйцеся са мною, бо я знайшоў сваю згубленую авечку.
7 Кажу вам, што гэтак большая радасць будзе на небе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяць праведнікаў, якія не маюць патрэбы ў пакаянні.
8 Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае свяцільнік і не мяце хату, і не шукае старанна, пакуль не знойдзе?
9 І, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: парадуйцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму.
10 Так, кажу вам, бывае радасць у Ангелаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
11 І Ён сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
12 і сказаў малодшы з іх бацьку: бацька, дай мне належную частку маёмасці. І той падзяліў ім маёмасць.
13 І праз некалькі дзён, сабраўшы ўсё, малодшы сын адышоў у далёкую краіну і там растраціў маёмасць сваю, жывучы распусна.
14 Калі ж ён патраціў усё, настаў голад вялікі ў той краіне, і ён пачаў цярпець нястачу;
15 і, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з жыхароў той краіны, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней;
16 і ён жадаў напоўніць жывот свой ражкамі, якія елі свінні, але ніхто не даваў яму.
17 І, прыйшоўшы да розуму, сказаў: колькі наймітаў у бацькі майго маюць хлеба ўдосталь, а я з голаду гіну;
18 устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: бацька, я саграшыў супраць неба і перад табою,
19 і ўжо не варты называцца сынам тваім; прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх.
20 І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. І калі ён яшчэ быў далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся на шыю яму і пацалаваў яго.
21 Сын жа сказаў яму: бацька, я саграшыў супраць неба і перад табою і ўжо не варты называцца сынам тваім.
22 А бацька сказаў рабам сваім: прынясіце найлепшае адзенне і апраніце яго, і дайце персцень на руку яго і абутак на ногі;
23 і прывядзіце ўкормленае цяля і зарэжце, будзем есці і весяліцца,
24 бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
25 А яго старэйшы сын быў на полі; і калі, вяртаючыся, наблізіўся да дому, пачуў музыку і танцы,
26 і, паклікаўшы аднаго са слуг, пытаўся: што гэта такое?
27 Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і твой бацька зарэзаў укормленае цяля, бо здаровым яго спаткаў.
28 І ён разгневаўся і не хацеў увайсці. Бацька ж яго выйшаў і прасіў яго.
29 А ён сказаў бацьку ў адказ: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі загаду твайго не пераступіў, а ты мне ніколі не даў казляняці, каб я з сябрамі сваімі павесяліўся;
30 а калі прыйшоў гэты сын твой, што праеў тваю маёмасць з блудніцамі, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
31 Ён жа сказаў яму: дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — гэта тваё;
32 а ўзвесяліцца і ўзрадавацца трэба было, што гэты брат твой мёртвы быў і ажыў, прападаў і знайшоўся.