18 Паводле Лукі
17.12.20101 Сказаў жа Ён ім і прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам,
2 кажучы: у адным горадзе быў нейкі суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
3 І была ў тым горадзе адна ўдава; і яна прыходзіла да яго і казала: абарані мяне ад праціўніка майго.
4 А ён доўга не хацеў. Потым жа сказаў сам сабе: хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
5 але паколькі робіць мне клопат гэтая ўдава, абараню яе, каб яна не прыходзіла бясконца і не дакучала мне.
6 І сказаў Гасподзь: чуеце, што гаворыць суддзя няправедны?
7 А хіба Бог не стане на абарону выбраных Сваіх, якія клічуць Яго дзень і ноч, і будзе марудзіць у дачыненні да іх?
8 Кажу вам, што Ён хутка стане на абарону іх. Аднак, Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
9 Сказаў жа і да некаторых, што былі ўпэўнены ў сабе, быццам яны праведнікі, а іншых прыніжалі, такую прытчу:
10 Два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік.
11 Фарысей, стаўшы, маліўся сам у сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі — рабаўнікі, няправедныя, распуснікі, або як гэты мытнік:
12 пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
13 Мытнік жа, стоячы воддаль, не смеў і вачэй узняць да неба, а біў сябе ў грудзі, кажучы: Божа! будзь міласцівы да мяне, грэшнага.
14 Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой больш апраўданы, чым той: бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
15 Прыносілі да Яго і малых дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; убачыўшы гэта, вучні забаранялі ім.
16 Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такіх ёсць Царства Божае;
17 праўду кажу вам: хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго.
18 І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
19 Сказаў жа яму Іісус: што называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог;
20 ведаеш запаведзі: “не пралюбадзейнічай, не забівай, не крадзі, не сведчы лжыва, шануй бацьку твайго і маці тваю”.
21 Ён жа сказаў: усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
22 Пачуўшы гэта, Іісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе не хапае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на небе, і прыходзь, і ідзі за Мною.
23 Ён жа, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся, таму што быў вельмі багаты.
24 Убачыўшы, што той моцна засмуціўся, Іісус сказаў: як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае!
25 Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
26 І сказалі тыя, што чулі: хто ж тады можа быць збаўлены?
27 Ён жа сказаў: немагчымае людзям магчыма Богу.
28 І сказаў Пётр: вось, мы ўсё пакінулі і пайшлі ўслед за Табою.
29 Ён жа сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сясцёр, ці жонку, ці дзяцей дзеля Царства Божага,
30 і не атрымае ў шмат разоў больш у час гэты, а ў веку будучым жыцця вечнага.
31 І, узяўшы дванаццаць вучняў, сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Іерусалім, і збудзецца ўсё напісанае прарокамі пра Сына Чалавечага:
32 бо Ён выдадзены будзе язычнікам і абсмяяны, і зняважаны, і апляваны,
33 і пасля бічавання заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэсне.
34 Але яны нічога з гэтага не зразумелі; і было слова гэтае скрыта ад іх, і яны не ўсведамлялі сказанага.
35 І сталася: калі Ён набліжаўся да Іерыхона, нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы;
36 і пачуўшы, што міма праходзіць натоўп, пытаўся: што гэта такое?
37 Паведамілі яму, што Іісус Назаранін праходзіць.
38 І закрычаў ён, кажучы: Іісусе, Сыне Давідаў, памілуй мяне!
39 І тыя, што ішлі спераду, патрабавалі ад яго, каб замоўк, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
40 Спыніўшыся, Іісус загадаў прывесці яго да Сябе. Калі ж той наблізіўся да Яго, спытаў яго,
41 кажучы: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Ён жа сказаў: Госпадзі! каб я стаў бачыць.
42 Іісус сказаў яму: стань відушчым! вера твая ўратавала цябе.
43 І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, славячы Бога. І ўсе людзі,
пабачыўшы гэта, узнеслі хвалу Богу