5 Паводле Лукі
17.12.20101 І сталася: калі народ ціснуўся да Яго, каб пачуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага;
2 убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры; а рыбакі, выйшаўшы з іх, прамывалі мярэжы.
3 Увайшоўшы ў адну з лодак, якая належала Сіману, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берага; і, сеўшы, з лодкі вучыў народ.
4 А калі скончыў гаварыць, сказаў Сіману: адплыві на глыбіню, і закіньце мярэжы вашы для лову.
5 І сказаў Сіман у адказ Яму: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але па слову Твайму закіну мярэжу.
6 І зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, нават мярэжа іх прарывалася.
7 І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі памагчы ім; і тыя прыйшлі, і напоўнілі абедзве лодкі, так што яны пачыналі тануць.
8 Убачыўшы ж гэта, Сіман Пётр прыпаў да каленяў Іісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзі.
9 Таму што жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога ўлову рыбы, выцягнутай імі;
10 а таксама Іакава і Іаана, сыноў Зевядзеевых, што былі таварышамі Сімана. І сказаў Сіману Іісус: не бойся, з гэтага часу будзеш лавіць людзей.
11 І, выцягнуўшы лодкі на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім.
12 І сталася: калі быў Іісус у адным з гарадоў, вось чалавек, увесь у праказе, убачыўшы Іісуса, упаў ніц, молячы Яго і кажучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачысціць.
13 І, працягнуўшы руку, Іісус дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысціся. І адразу праказа сышла з яго.
14 І Ён загадаў яму нікому не расказваць: але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за ачышчэнне тваё, як загадаў Маісей, дзеля сведчання ім.
15 Але ўсё болей разыходзіліся чуткі пра Яго; і збіралася мноства народу слухаць і ацаляцца ў Яго ад немачаў сваіх.
16 Ён жа адыходзіў у пустэльныя месцы і маліўся.
17 І сталася аднаго дня: Ён вучыў; і сядзелі фарысеі і законавучыцелі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілейскіх і Іудзейскіх і з Іерусаліма; і сіла Гасподня была, каб ацаляць іх;
18 вось людзі прынеслі на пасцелі чалавека, які быў паралізаваны, і спрабавалі ўнесці яго і пакласці перад Іісусам;
19 і, не знайшоўшы як пранесці яго з-за натоўпу, яны, падняўшыся на дах, праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю на сярэдзіну перад Іісусам.
20 І Ён, убачыўшы веру іх, сказаў яму: чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.
21 І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, гаворачы: хто гэта такі, што Бога зневажае? хто можа адпускаць грахі акрамя аднаго Бога?
22 Іісус жа, зразумеўшы помыслы іх, сказаў ім у адказ: што разважаеце ў сэрцах вашых?
23 што лягчэй — сказаць: “адпускаюцца табе грахі твае” ці сказаць: “устань і хадзі”? 24 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — Ён сказаў паралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
25 І адразу ўстаўшы перад імі і ўзяўшы тое, на чым ляжаў, ён пайшоў у дом свой, славячы Бога.
26 І жах ахапіў усіх, і славілі Бога, і, перапоўненыя страхам, гаварылі: дзіўнае бачылі мы сёння.
27 І пасля гэтага Іісус выйшаў і ўбачыў мытніка імем Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: ідзі ўслед за Мною.
28 І, пакінуўшы ўсё, той устаў і пайшоў услед за Ім.
29 І зрабіў Левій для Яго вялікі пачастунак у доме сваім, і было там мноства мытнікаў і іншых, якія з імі ўзляжалі.
30 І наракалі кніжнікі іхнія і фарысеі на вучняў Яго, кажучы: навошта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясце і п‘яце?
31 І ў адказ Іісус сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
32 Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяння.
33 Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іаанавы посцяцца часта і малітвы дзеюць, гэтаксама і фарысейскія, а Твае ядуць і п‘юць?
34 Ён жа сказаў ім: хіба можаце вы прымусіць пасціць сыноў харомаў вясельных, калі з імі жаніх?
35 Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх жаніх, тады будуць пасціць у тыя дні.
36 Сказаў жа і прытчу ім: ніхто латкі з адзежыны новай не прыстаўляе да адзежыны старой; інакш і новую разарве, і да старой не падыдзе латка ад новай.
37 І ніхто не ўлівае віно маладое ў мяхі старыя; інакш прарве маладое віно мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;
38 а віно маладое ў мяхі новыя ўліваць трэба: і зберагаецца тое і другое.
39 І ніхто, піўшы старое, не захоча адразу маладога, бо кажа: старое лепшае.