Спробы ажыццяўлення беларусізацыі Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.)

У ІІ Рэчы Паспалітай рух за беларускае нацыянальнае адраджэнне, які выспяваў на працягу ХІХ і пачатку ХХ ст., набыў даволі масавы характар. Яго мэтай з'яўлялася самасцвярджэнне беларусаў як самастойнай нацыі ў межах этнічнага рассялення, прызнанне факта яе існавання іншымі народамі і дзяржавамі, а разам з тым і права беларусаў на нацыянальную дзяржаўнасць. Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна было вырашыць шэраг складаных праблем. Адной з найбольш істотных з'яўлялася пераадоленне адмоўнага ўплыву на фарміраванне і развіццё беларускай нацыі канфесіянальнага падзелу этнасу на праваслаўных і католікаў. Падзел гэты шырока выкарыстоўваўся праваслаўным духавенствам у мэтах русіфікацыі, а каталіцкім - паланізацыі беларусаў [1, с. 124]. У польскай дзяржаве апынулася шмат беларускіх нацыянальных дзеячаў, якія працягвалі барацьбу за адраджэнне і ўз'яднанне Беларусі. Разумеючы ўплыў Царквы на свядомасць людзей і яе ролю ў грамадскім жыцці, яны распачалі актыўную працу, накіраваную на беларусізацыю Праваслаўнай Царквы як магчымасць супрацьстаяць гвалтоўнай паланізацыі.

Важнай праблемай для беларускай грамадскасці з'яўлялася пытанне мовы набажэнстваў і пропаведзяў. Пытанне аб увядзенні нацыянальных моў уздымалася яшчэ на Маскоўскім Памесным Саборы 1917 - 1918 гг. і было вырашана станоўча. Заахвочвалася выкарыстоўваць мясцовыя мовы вернікаў у пропаведзі [2, с. 43]. Сабор дапусціў таксама ўкраінскую мову ў набажэнствы, а акрамя таго на мясцовых мовах даўно служылі ў Сібіры, Казанскай і Фінляндскай епархіях [2, с. 49].

Першыя патрабаванні адносна беларусізацыі Царквы ў ІІ Рэчы Паспалітай адносяцца да чэрвеня 1919 г., калі адбыўся з'езд прадстаўнікоў беларускага насельніцтва Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Дэлегаты дамагаліся ўвядзення беларускай мовы ў пропаведзі і навучанні рэлігіі. Акрамя таго, было прапанавана прызначыць епіскапам святара беларускай нацыянальнасці. Арганізаваць навучанне ў Віленскай семінарыі таксама прапанавалі ў нацыянальным духу [3, с. 87]. 10 жніўня 1919 г. архіепіскап Еляферый у царкве Св. Троіцы ў Вільні прамаўляў пропаведзь па-беларуску [4, с. 551].

Падчас польска-беларускіх перамоў 20 - 24 сакавіка 1920 г. абмяркоўвалася пытанне стварэння праваслаўнай беларускай епархіі ў межах польскай дзяржавы. Польскі ўрад абяцаў нават фінансавую дапамогу пры выданні царкоўных кніг. Аднак пасля заключэння Рыжскага дагавора ў сакавіку 1921 г. і вызначэння ўсходняй мяжы Польшчы пытанне страціла сваю актуальнасць, а ўлады ўзялі курс на поўнае падпарадкаванне Праваслаўнай Царквы ўраду [5, с. 180].

27 студзеня 1922 г. урад Беларускай Народнай Рэспублікі даслаў Маскоўскаму Патрыярху Ціхану мемарандум, у якім прадстаўлялася цяжкае становішча Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі пад польскай акупацыяй. У ім выказвалася неабходнасць беларусізацыі рэлігійнага жыцця. Падкрэслівалася, што такі крок спрыяў бы росту свядомасці беларусаў, узмацніў пазіцыі Праваслаўнай Царквы і стаў перашкодай на шляху экспансіі каталіцызму і паланізацыйнай палітыкі польскіх улад. Сцвярджалася, што беларусізацыя царкоўнага жыцця дазволіць змяніць меркаванне аб русіфікатарскай ролі Царквы, якое актыўна выкарыстоўвае польская прапаганда [6, арк. 37 - 40]. Прапановы БНР патрыярх пераслаў у Сінод епіскапаў, а затым у Вышэйшую царкоўную раду для разгляду. Сінодам было дазволена выкарыстоўваць беларускую мову ў дадатковых набажэнствах, пропаведзях і навучанні рэлігіі. Маскоўскія царкоўныя ўлады звярнуліся таксама да епіскапаў беларускіх епархій з прапановай выдаць зборнікі пропаведзяў, малітоўнікаў і Новы Запавет на мове вернікаў. Што датычыцца патрабавання прызначэння на епіскапскія пасады святароў, якія валодалі беларускай мовай, то Сінод палічыў яго справядлівым, аднак неадкладнае яго вырашэнне было немагчымым, бо патрабавала беспадстаўнага адхілення епіскапаў, прызначаных раней. Патрыярх Ціхан абяцаў лічыцца з вылучанымі прапановамі беларусаў пры будучых прызначэннях [6, арк. 67 - 68]. Пераважная большасць праваслаўнага епіскапата ў ІІ Рэчы Паспалітай была рускай і ўкраінскай нацыянальнасці. Беларусам па паходжанню быў епіскап Пінска-Наваградскі Панцеляймон [5, с. 99].

Намаганні ўкраінцаў прывялі да таго, што Сінодам 16 чэрвеня 1922 г. было дазволена выкарыстанне ўкраінскай мовы на тэрыторыі Валынскай епархіі. Пастанову гэтую польскія ўлады скарысталі для ўвядзення польскай мовы ў Царкву, дзеля чаго міністр РВ і ПА звярнуўся да царкоўнай іерархіі. 14 снежня 1922 г. царкоўныя ўлады пашырылі пастанову ад 16 чэрвеня на польскую і беларускую мовы [7, арк. 15; 8, арк. 36]. Пастановай 9 верасня 1924 г. на мове мясцовага насельніцтва было дазволена арганізоўваць гутаркі ў храме і выкладанне рэлігіі ў школах [9, арк. 18аб].

У 1924 г. кіраўніцтвам Віленскага ваяводства для МЗС і МРВ і ПА была падрыхтавана аналітычная запіска аб праваслаўным духавенстве і беларускім руху на Віленшчыне. У ёй адзначалася, што духавенства можна ўмоўна падзяліць на дзве плыні, якія рэпрэзентавалі асобныя палітычныя погляды і кірункі. Да першай адносіліся мясцовыя святары, а да другой - духоўныя асобы, якія прыбылі сюды з Расіі і не ведалі звычаяў, побыту і культуры мясцовага насельніцтва. Мясцовае духавенства, асабліва тыя, хто пабываў у Савецкім Саюзе і зведалі рэпрэсіі, не мелі сімпатый да СССР. У Польшчы яны бачылі прытулак і сховішча і не дапускалі ў сваіх прыходах антыпольскіх выступленняў. У той жа час духавенства, што прыбыло сюды яшчэ да вайны і не пазнала бальшавіцкага ўціску, свой ідэал бачыла ў «адзінай і непадзельнай Расіі». Адносіны да беларускага руху ў большай часткі гэтага духавенства былі непрыхільныя. Беларусаў яны ўвогуле не прызнавалі за нацыю. Аднак назіралася актыўнае супрацоўніцтва гэтых святароў з беларускімі арганізацыямі, калі размова вялася аб палітычных справах. Тут іх аб'ядноўвала агульная непрыязнасць да польскай дзяржавы [10, арк. 146]. Што датычыцца мясцовага духавенства, то яно ў пераважнай большасці спрыяла беларускаму нацыянальнаму руху, асабліва культурна-асветніцкай працы. Аднак іх адштурхоўвала дзейнасць Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта, які, па іх меркаванню, супрацоўнічаў з эсэрамі і бальшавікамі, а яго дзеячаў яны лічылі палітычнымі авантурыстамі. Адзначаліся толькі сем духоўных асоб, якія супрацоўнічалі з ВБНК [10, арк. 146 - 148].

Патрабаванні беларусізацыі Царквы вылучала першае беларускамоўнае праваслаўнае выданне ў ІІ Рэчы Паспалітай - «Праваслаўны беларус». Выдаваўся ён два разы ў месяц з 1 лютага 1925 г. у Варшаве на вул. Зыгмунтоўскай, 13 [11]. Часопіс сімвалізаваў пэўны пералом у развіцці праваслаўнага беларускага руху. Праваслаўе ўсе часцей станавілася сінонімам беларускасці. Яшчэ большаму збліжэнню праваслаўя з беларускім народам павінен быў служыць штомесячны дадатак «Царкоўныя казанні», які выходзіў па ініцыятыве і са згоды мітрапаліта Дзіянісія з чэрвеня 1925 г. У ім змяшчаліся тэксты беларускамоўных пропаведзяў [4, с. 550].

Ідэю абмежаванай беларусізацыі вылучалі і дзеячы, аб'яднаныя вакол сенатара В. Багдановіча. Яны выступілі супраць абвяшчэння аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы і звярнуліся да ўлад за рэгістрацыяй абшчыны так званай «Старой Праваслаўнай Царквы». Члены яе, не прызнаючы аўтакефаліі, дамагаліся склікання Сабора ў Польшчы, арганізацыі ўнутранага ўладкавання Царквы на прынцыпах, зацверджаных на Маскоўскім Саборы, і падтрымання сувязі з Маскоўскім Патрыярхам. Яны патрабавалі правядзення беларусізацыі Царквы і, перш за ўсе, прамаўлення пропаведзяў на беларускай мове. Мовай набажэнстваў павінна была застацца царкоўна-славянская. Дзейнасць групы Багдановіча не мела шырокай грамадскай падтрымкі сярод беларусаў, а расколы і падзелы ў Царкве аслаблялі яе аўтарытэт і ўплыў на насельніцтва [12, с. 125].

Адзінай партыяй, якая ўзнікла ў Заходняй Беларусі і вылучала патрабаванні надання Праваслаўнай Царкве беларускіх нацыянальных рысаў, было створанае па ініцыятыве В. Багдановіча ў 1927 г. Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб'яднанне. Друкаваным органам яго было выданне «Праваслаўная Беларусь» (выдавалася ў 1927-1928 гг.) [13, с. 223].

У 1930 г. пасля абвяшчэння дэкрэта прэзідэнта аб скліканні Сабора ПБДА далучылася да Беларускага хрысціянска-дэмакратычнага аб'яднання, а Багдановіч дзейнічаў у Беларускім нацыянальным камітэце. У 1933 г. у ім была створана Праваслаўная камісія, якая працягвала дамагацца беларусізацыі Царквы [13, с. 224]. БХД на з'ездзе ў 1931 г., таксама звярнулася да духоўных улад з патрабаваннем беларусізацыі Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі [14, арк. 30].

У 1930 г. назіралася ажыўленне руху па беларусізацыі Царквы, што было звязана са спробамі склікання Сабора. Беларускія арганізацыі спрабавалі паўплываць на яго рашэнні. 12 лютага 1930 г. да дзяржаўных і царкоўных улад з патрабаваннямі надання Праваслаўнай Царкве беларускага нацыянальнага характару звярнулася таварыства «Прасвета». 14 сакавіка 1930 г. быў створаны Беларускі праваслаўны камітэт, які першапачаткова меў назву Цэнтральны Беларускі праваслаўны камітэт па беларусізацыі Царквы [15, арк. 10].

Камітэт у якасці сваёй мэты ставіў аб'яднанне праваслаўных беларусаў дзеля абароны Святой Праваслаўнай веры, умацавання праваслаўнай маралі, збліжэння духавенства і Царквы з народам праз яе беларусізацыю і пашырэнне рэлігійна-нацыянальнай свядомасці.

Такім чынам, беларускія дзеячы, якія апынуліся ў польскай дзяржаве пасля Першай сусветнай вайны, спрабавалі скарыстаць магчымасці ўплыву Праваслаўнай Царквы на грамадства для справы абуджэння беларускай нацыянальнай свядомасці сярод пераважна сельскага беларускага насельніцтва і супрацьстаяння гвалтоўнай паланізацыі. Царква ў іх планах - мабілізуючы фактар этнічнай кансалідацыі беларусаў, носьбіт беларускай мовы і культуры.

Праграма беларусізацыі Праваслаўнай Царквы была даволі сціплай і ў асноўным зводзілася да ўвядзення пропаведзей і навучання рэлігіі на беларускай мове, а таксама прызначэння ў Віленскую кансісторыю і на пасады вайсковых капеланаў святароў-беларусаў. З патрабаваннямі беларусізацыі Царквы выступалі шматлікія арганізацыі і грамадскія аб'яднанні. Аднак яны не мелі шырокай грамадскай падтрымкі ў сувязі з слабасцю, абмежаванасцю і лакальным характарам самога беларускага руху ў Царкве, зведзеным да дзейнасці ў Віленскай епархіі. Іх патрабаванні адлюстроўвалі хутчэй погляды беларускай палітычнай эліты, чым шырокіх мас сельскага насельніцтва. Па розных прычынах негатыўна аднеслася да спроб увядзення беларускай мовы ў Царкву і праваслаўнае духавенства, частка якога ўвогуле не прызнавала беларусаў за нацыю, а іншыя, хоць і спрыялі беларускай культурна-асветніцкай справе, з недаверам ставіліся да лідэраў руху па беларусізацыі Царквы.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Канфесіі на Беларусі (к. XVIII - XX ст.) / В.В. Грыгор'ева, У.М. Завальнюк, У.І. Навіцкі, А.М. Філатава; навук. рэд. У.І. Навіцкі. - Мінск: Экаперспектыва, 1998. - 340 с.

2. Поспеловский, Д.В. Русская православная церковь в ХХ веке / Д.В. Поспеловский. - М. : Республика, 1995. - 509 с.

3. Давідзюк, М. Справа беларусізацыі праваслаўнай царквы ў святле палітыкі польскіх дзяржаўных улад 1918 - 1939 / М. Давідзюк // Беларускі каляндар. - Беласток, 1990. - С. 67 - 92.

4. Traczuk, J. «Prawasłaunaja Biełaruś» jako organ Prawosławnego Białoruskiego Zjednoczenia Demokratycznego / J. Traczuk // Slavia Orientalis. - 1989. - Rocznik XXXVIII, № 3 - 4. - S. 543 - 562.

5. Mironowicz, A. Kościół prawosławny na ziemiach polskich w XIX i XX wieku / A.Mironowicz. - Białystok : Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2005. - 379 s.

6. НАРБ. - Фонд 325. - Воп. 1. - Спр. 128. Рэлігійныя пытанні 1921 - 1922 гг.

7. ДАБВ. - Фонд 2059. - Воп. 1. - Спр. 1. Указы Полесской духовной консистории за 1924 год.

8. AAN, MWR i OP. - Спр. 975.

9. ДАБВ. - Фонд 2059. - Воп. 1. - Спр. 33. Указы Синода польской православной митрополии и Полесской духовной консистории за 1924 год.

10. AAN, MWR i OP. - Спр. 1065.

11. Праваслаўны беларус. - 1925. - 19 красавіка.

12. Gomółka, K. Białorusini w Drugiej Rzeczypospolitej / K. Gomółka // Zeszyty Naukowe Politechniki Gdańskiej. Ekonomia.- Gdańsk, 1992. - № 31. - 179 s.

13. Papierzyńska-Turek, M. Między tradycją a rzeczywistością. Państwo wobec prawosławia w 1918-1939 / M. Papierzyńska-Turek. - Warszawa: Państwowe Wyd-wo Nauk., 1989. - 482 s.

14. НАРБ. - Фонд 242-п. - Воп. 1. - Спр. 435. Обзор состояния и деятельности белорусских национально-политических фашистских группировок в Западной Белоруссии и другие материалы по нацвопросу.

15. БДАМЛМ. - Фонд 3. - Воп. 1. - Спр. 198. Дакументы Цэнтральнага Беларускага праваслаўнага камітэта ў г. Вільня (статут, пратакол, рэзалюцыя канферэнцыі і інш.) за 1930 г.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 2. 2009

А.Г.Цымбал

Рубрика: