"Вучыце ў нядзельных школах, а не ў дзяржаўных..."

Здавалася б, толькі пачалася дыскусія наконт выкладання рэлігійнай культуры ў школе, а ўжо зразумела, што ў людзей зусім розныя погляды на гэтую ідэю...

Вось у нашу газету даслала ліст Наталля М. з г. Свіслач. Аўтарка піша, што яна прававед, ды і па пісьму бачна, што чалавек адукаваны і мае сваю пазіцыю.

"Аднойчы я ўбачыла кнігу "Закон Божы", прачытала "для пашырэння кругагляду", і знайшла адказы на свае пытанні, вывучаючы рэлігійную літаратуру, якая існуе на працягу 2000 гадоў," — піша жанчына.

Рэлігійная літаратура, як і "законы божыя", існуе на працягу многіх тысячагоддзяў. Хіба ў Старажытным Егіпце не было "божага закона", у якім таксама павучалі не забіваць, не падманваць, не красці, а затым з'явілася Тора з дзесяццю запаветамі Бога, а ўжо потым прыйшло хрысціянства са сваім Законам.

"Вось для таго, каб мае дзеці і ўнукі ведалі гэты сусветны Закон і маглі зрабіць выбар, я хачу, каб яны вывучалі яго ў школе на ўзроўні іншых прадметаў", — працягвае аўтарка.

Жанчына настойвае, каб у бацькоў і вучняў у школе была свабода выбару. "Мне не спатрэбіліся веды аб песціках і тычынках", — піша наша чытачка. — ...Я добрасумленна вывучала біялогію і хімію, хоць і прымусова".

У нас існуе абавязковая школьная адукацыя, і дзеці абавязаны ведаць пра песцікі і тычынкі, бо на іх трымаецца не толькі флора, але і ўсё жывое. Неабходна вывучаць біялогію і хімію, бо без іх няма медыцыны, аграноміі, сучаснай навукі... Назад, у пячоры, чалавецтва не загнаць.

"Аднак жыццё з гэтай верай (у ленінскі камунізм) амаль 50 гадоў прынесла мне расчараванне. Не знаходзіла я адказы на пытанні: чаму людзі працягваюць забіваць, дзеля чаго жыве чалавек..." — піша Наталля М.

Вернемся на стагоддзі назад, калі за "Закон Божы" нічога вышэй не было. Забівалі, сціскаючы Біблію ў руках і з імем Хрыста на вуснах. А для чаго жывём? То гэта спрадвечнае пытанне. Праўда, пры ўсіх сумненнях і пытаннях, чалавек ідзе шляхам усіх жывых істот — нарадзіць сабе падобных, выгадаваць іх (не заўсёды гэта робіцца) і адысці ў нябыт.

Гэта мой погляд, а нехта збіраецца трапіць у Царства Божае ды жыць вечна і ніхто яму не перашкаджае, але пры чым тут школа?

А вось кароткае інтэрв'ю з дырэктарам самай вялікай у Івацэвічах сярэдняй школы № 4 Таццянай Касавец.

— Таццяна Міхайлаўна, што вы думаеце наконт увядзення ў школе прадмета "рэлігійная культура"?

— Мне здаецца, што рабіць гэтага не трэба. У нашым горадзе тры канфесіі: праваслаўныя, пратэстанты і католікі. Могуць узнікнуць непаразуменні, калі тэолаг адной канфесіі будзе выкладаць той прадмет. Бацькі ўспрымуць гэта насцярожана. А можа за лепшае было б вярнуць у школу Сусветную мастацкую культуру,там быў раздзел, прысвечаны рэлігіі? Дарэчы, з расшырэннем штату педагогаў не ўсё проста. У нас ёсць праблема з уладкаваннем на працу настаўнікаў, напрыклад, выкладчыкаў нямецкай мовы.

— У вашай школе займаецца 1020 вучняў. Скажыце, іх бацькі ўзнімалі пытанне пра ўвядзенне рэлігійнага прадмета ў школе?

— Ніхто такога пытання не ставіў, а вось што са сценаў школы вывелі профільныя класы і тым самым пазбавілі вучняў права выбару, то гэта бацькоў турбуе.

— А вашы адносіны да рэлігіі, можна больш канкрэтна?

— Я не супраць рэлігіі, і святар можа сеяць добрае, але для гэтага ёсць царква, нядзельная школа, сям'я... Няўжо там магчымасці ўжо вычарпаныя?

А цяпер я хачу адказаць аўтару артыкула "З кім і пра што спрачаемся" ("Звязда", 10.06.2010). Калі мой апанент робіць раз-пораз націск на маё прозвішча і пытае: "...вы ўпэўнены.... хто вам даў права...", то прыходзіцца даць адказ на пытанні, якія застаюцца спрэчнымі.

Кожная рэлігія, як і канфесія, мае свае інтарэсы і стараецца даводзіць сваё шырокім масам насельніцтва, хоча ўплываць на грамадскае жыццё — быць пры ўладзе. Так было спрадвеку, але ж сёння мы жывём ужо ў трэцім тысячагоддзі.

На працягу стагоддзяў беларусы падвяргаліся рэлігійнай экспансіі — як з Захаду, так і з Усходу. Прыходзіла Польшча, і праз касцёл усіх хацелі зрабіць католікамі і ўніятамі, а гэта значыць — палякамі. Перамагала Расійская імперыя і насельніцтва ператваралася ў праваслаўнае — "рускае". Дзяржава і царква (касцёл) дзейнічалі ў адной звязцы.

Пры такіх варунках як нашаму народу ўдалося выжыць — захаваць сваю адметнасць?

У сваім артыкуле мой апанент залічыў да вернікаў Нобелеўскага лаўрэата, доктара навук, акадэміка і нават Альберта Энштэйна (!!!) — і што з гэтага? Вунь група расійскіх Нобелеўскіх лаўрэатаў напісала ліст Уладзіміру Пуціну, калі ён быў прэзідэнтам, з просьбай спыніць рэлігійную экспансію. І гэта іх права.

Успомнім Дж. Бруна. Вучоны быў манахам, а яго спалілі, бо царкоўнікі кожнага, хто не быў згодзен з іх догмамі, лічылі ворагам. Каб М. Капернік надрукаваў сваю кнігу не перад смерцю, то і ён, хутчэй за ўсё, пайшоў бы на вогнішча. Баяўся, хоць і быў канонікам.

І толькі з эпохай Адраджэння еўрапейская цывілізацыя пачала выходзіць са ступару.

І нават камуністы-бязбожнікі ўнеслі свой уклад у развіццё сусветнай цывілізацыі. Пасля рэвалюцыі 1917 года свет стаў зусім іншым. Сацыялізм напалохаў заходні капітал, яму тэрмінова прыйшлося перагледзець стаўленне да простых людзей і падзяліцца даходамі.

Кажу гэта не дзеля апраўдання бальшавізму, а каб падкрэсліць, што жыццё ідзе наперад, і ў грамадстве, цывілізацыі бываюць свае ўзлёты і падзенні, але час нельга павярнуць назад.

На Біблію ў мяне свой погляд, і яна зрабіла мяне матэрыялістам. І не трэба папракаць навуковым атэізмам, я ніколі не меў да яго адносінаў, у адрозненне ад тых, хто сёння ў царкве б'е паклоны.

Біблія для мяне — мастацка-гістарычны твор, а для багаслова — Святое Пісанне, фундамент, на якім трымаецца хрысціянства. Сёння тэолагам складана растлумачыць многія палажэнні Бібліі, бо яны супярэчаць сучаснаму ўкладу жыцця, дасягненням навукі, вось і прыходзіцца сцвярджаць, "што Біблія... гаворыць на вобразна-метафарычнай мове". Сапраўды, вобраз і метафара ў Бібліі прысутнічаюць, напрыклад, "хлеб жыцця" ці "піць ваду жывую", і тут усё зразумела. А як сёння ўспрымаць Царства Нябеснае? А што такое пекла? У перыяд, "калі Сонца круцілася вакол Зямлі", гэтыя паняцці ўспрымаліся рэалістычна. А ў наш час як іх успрымаць?

І на якой падставе Біблія ўчора трактавалася так, а сёння падаецца гэтак? А што, толькі ў тэолагаў права на яе тлумачэнне?

Мысліцелі мінулага ішлі вобмацкам, абапіраліся на здагадкі, будавалі гіпотэзы, і пры напісанні Бібліі выкарыстоўвалі напрацоўкі свайго часу.

Свет адышоў ад біблейскіх часоў вельмі далёка, і сёння царква нічога даказаць не можа — яна абараняе толькі сябе. Прыярытэт у навукі (у шырокім сэнсе).

Хто пярэчыць, што рэлігійная тэматыка ў сусветнай мастацкай культуры займае важкае месца. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Царква стагоддзямі даводзіла грамадству сваё, імкнулася праз мастацтва ўмацаваць свой уплыў на чалавека. Рэлігія панавала, і царква была самай багатай структурай, яна плаціла творцам за свае заказы. Вунь і за савецкім часам самыя высокія ганарары мастакі атрымлівалі за карціны з гістарычна-рэвалюцыйнай тэматыкай, і творцы стараліся ствараць палотны маштабныя — пад заказчыка.

У галодныя дзевяностыя я і сам намаляваў некалькі абразоў. Для некага яны лічацца святымі, а для мяне — звычайная праца, за якую заплацілі.

Праблема не ў рэлігійнай тэматыцы мастацтва, а ў тым, як рэлігійная культура будзе тэолагамі падавацца вучням. Безумоўна, з багаслоўскіх пазіцый — схаластыкі. Так, магчыма, будзе напачатку, а затым усё звядзецца да канфесійных інтарэсаў. І месца там для беларускасці не знойдзецца. А калі так, то што з тых урокаў?

Мой апанент папракае, што я быццам бы навязваю свае атэістычныя погляды. Глупства. Мая сям'я, як і многія нашы знаёмыя, стаіць на матэрыялістычных пазіцыях і не рвецца ў школы, нічога нікому не навязвае — мы адстойваем толькі свае правы і правы сваіх дзяцей і ўнукаў. Не чапайце нас — найперш разбярыцеся са сваімі сем'ямі. Крыжамі агарадзілі вёскі і гарады, падчас ў бібліятэку ўжо не трапіць, бо багасловы і святары вядуць там свае чытанні, а цяпер вам патрэбны школы? А хіба не існуе Закон РБ (ад 17.12.1992 г. №2054-XІІ), у якім сказана: "Рэлігійныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, маюць права ў адпаведнасці са сваімі статутамі ствараць для рэлігійнай адукацыі дзяцей і дарослых вучэбныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы, выкарыстоўваючы для гэтага памяшканні, якія належаць і (ці) прадстаўленыя ім у карыстанне, акрамя памяшканняў, якія належаць дзяржаўным установам адукацыі".

Усё тут раскладзена па паліцах, чаго яшчэ не хапае?

Дзейнасць рэлігійных арганізацый неабходна трымаць пад кантролем, вядома ж не забараняць іх. Хачу паведаміць цікавы факт. У адзін райвыканкам прыйшлі паломнікі з абразамі ды крыжамі. Мода такая — хадзіць з раёна ў раён. Зайшлі ў кабінет кіраўніка раёна і нешта там ім прыйшлося не даспадобы: можа, не так сустрэлі, як хацелася.

— А я бачу, што тут нячыстая сіла завялася, — успыхнула адна з актывістак і пачала з абразом кідацца ў розныя куты кабінета — выганяць нячысціка. Старшыня райвыканкама ледзь не абамлеў. А чаму б не ўціхамірыць клікушу?

Адны людзі настойваюць на ўвядзенні рэлігійнай культуры ў школах, другія — супраць, а многім — усё роўна. І гэта нармальна. А вось тое, што ў грамадстве сфарміравалася сур'ёзная цікавасць да рэлігіі, то тут можна паспрачацца. Каб была "сур'ёзная цікавасць", то дзяцей багасловы ў школах не шукалі б, а яны тоўпіліся б у храмах.

Мой апанент лічыць, што "факт наяўнасці і дзейнасці вахабізму ў Расіі ў значнай ступені абумоўлены тым, што цікавасць да мусульманства ў пачатку 90-х гадоў у гэтай краіне ў значнай ступені задавальнялася не дзяржаўнымі і афіцыйнымі мусульманскімі рэлігійнымі арганізацыямі, а рознага кшталту экстрэмістамі..." Наіўная думка. Святары і багасловы — звычайныя людзі, і калі на Каўказ хлынулі з арабскіх краін грошы, то аказалася, што ўсё прадаецца. Багасловы ў медрэсе якраз вахабізм і прапаведвалі, а былыя сакратары райкамаў, абкамаў і ЦК КПСС адпраўляліся ў Меку на хадж. Якія афіцыйныя структуры маглі нешта задаволіць? Вунь сёння расійскія мільярды на Каўказе знікаюць, як у прадонні, і канцоў нельга знайсці.

У Савецкім Саюзе пра вахабізм мы многа чулі? Тады кожны, у тым ліку і работнік культу, ведаў сваё седала, хоць у гэтым нічога добрага не было.

"Вы ўпэўнены, сп. С. Свістуновіч, што праблема фанатызму і экстрэмізму, у рознай ступені актуальная для краін усяго свету, не патрабуе прафілактыкі ў Беларусі?" — пытаецца мой апанент і разважае, што традыцыйныя рэлігіі маюць прышчэпку ад розных канфліктаў, варожасці...

У нашай краіне спакойна, але калі за прафілактыку возьмецца нейкая адна канфесія, то...

Беды, якія прынесла чалавецтву рэлігійная нецярпімасць, не магчыма пералічыць. Ганенне яўрэяў у краінах Еўропы было звычайнай справай, і Расійская імперыя тут не была выключэннем. Пагромы і мяжу аселасці чым можна апраўдаць? Ды ў хрысціян ніколі не было адзінства. Католікі ваявалі з пратэстантамі, царква пераследавала старавераў... "Ведзьмаў" на вогнішчы адпраўлялі тысячамі...

У імя чаго ўсё гэта тварылася?

А нецярпімасць на бытавым узроўні яшчэ тая. Вось жыву я, і мне ўсё роўна, якая ў другога чалавека жыццёвая ўстаноўка і чым ён займаецца. А некаторыя вернікі абураюцца: "Чаму ты да Спаса ясі яблыкі? Гэта грэх. Чаму працуеш на свята? Чаму..." Ды таму, што я свабодны чалавек, і вечнае жыццё мяне не цікавіць.

Беларусь — спакойная краіна, і не патрэбна нам ніякая рэлігійная прафілактыка за кошт дзяржавы.

Быў Савецкі Саюз, у якім абяцалі народу камунізм — рай на зямлі. Саюз распаўся, і з ім знікла камуністычная ўтопія.

Думалася: вось нарэшце вызваліліся ад ідэалагічнага ўціску! Але тут жа з'явіліся новыя ідэолагі і абяцаюць вечны рай, але на тым свеце — калі ўваскрэснем...

Камуністы хоць бралі на сябе нейкія абавязкі — трэба было той рай будаваць.

Можа абыдземся без чарговай утопіі? Будзем працаваць, не красці, не піць гарэлку, жыць інтарэсамі сваёй краіны... і ўсё ў нас будзе добра.

Напрыканцы свайго артыкула мой апанент піша: "вучань павінен быць вольны САМ выбіраць, з чым яму знаёміцца — з рэлігійнай культурай якой-небудзь з традыцыйных для рэспублікі канфесій, або са свецкай дыялектычна-матэрыялістычнай этыкай".

Згодны. Вучыце ў нядзельных школах, храмах... Працуйце, але не ва ўстановах дзяржаўнай адукацыі.

 

Опубликовано в газете "Звязда" 22 июня 2010 года

Сымон Свістуновіч

Рубрика: