Заяц Кірыл Іванавіч (Закис Карл Янович): з даведніка "Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967." Том 1

ЗАЙЦ Кірыл Іванавіч (Закис Карл Янович)

[15.7.1869, мяст. Яўнамая Ліфляндскай губ., цяпер тэрыторыя Латвіі — 28.10.1948, пас. Далінка, Казахстан, ГУЛАГ], протапрасвітар. З сям’і польскіх місіянераў. Скончыў Рыжскую духоўную семінарыю (1891), Пецярбургскія Вышэйшыя місіянерскія курсы (1900). З 1891 служыў у Латгаліі: Вмляке, Ліксне, Балві, Ліепна (?). Рукапаложаны ў іерэя (ліст. 1896). З 1898 — у Пакроўскай царкве в. Эржэпаль Люцінскага пав. Віцебскай губ. Арганізаваў пры царкве праваслаўнае брацтва (1902), царкоўна-прыходскую школу, хор, пісаў абразы. З 1911 служыў у Дзвінску Віцебскай губ. (цяпер Даўгаўпілс, Літва) у сане протаіерэя. Выконваў абавязкі місіянера, загадваў Банкоўскай царкоўна-прыходскай школай у Люцінскім пав. Віцебскай губ. Быў членам Свяшчэннага сабора Расійскай праваслаўнай царквы (1917—18). З 1918 настаяцель кафедральнага сабора ў Гродне. З 1923 член Сінода Латвійскай праваслаўнай царквы. У 1926—33 у кафедральным саборы Раства Хрыстова ў Рызе, рэдактар духоўнага час. «Вера и жизнь», які выходзіў у  Рызе ў  1923—40. У 1926—36 выкладчык літургікі, практычнага багаслоўя і сектазнаўства ў Рыжскай духоўнай семінарыі, законанастаўнік рыжскіх гімназій, актыўны ўдзельнік рыжскага Рускага праваслаўнага студэнцкага яднання. У 1933 з-за канфлікта ў прыходзе архіепіскапам Іаанам (Померам) адхілены ад свяшчэннаслужэння. Выкладаў у Рыжскай духоўнай семінарыі (з 1936 Праваслаўны багаслоўскі інстытут). З пачаткам 2-й сусветнай вайны ўказам мітрапаліта Сергія (Васкрасенскага) адноўлены ў праве служэння. Са жн. 1941 кіраўнік Праваслаўнай місіі ў Латвіі. З ліст. 1941 начальнік упраўлення «Пскоўскай духоўнай місіі» на акупаванай тэрыторыі Ленінградскай вобл. Служыў у Пскове, у храмах на тэрыторыі цяперашніх Пскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Наўгародскай епархій. Праводзіў місіянерскую работу на тэрыторыі Ленінградскай, Наўгародскай, Пскоўскай абласцей. Збіраў звесткі пра ганенні на вернікаў. З 1943 протапрасвітар. З 15.3.1944 да 27.7.1944 начальнік Унутранай Праваслаўнай духоўной місіі на тэрыторыі Латвіі і Літвы. Арыштаваны ў Шаўляі 18.8.1944. Асуджаны 15.1.1945 ваенным трыбуналам Ленінградскай ВА за «здраду радзіме» і за «злачынную дзейнасць сумесна з насельнікамі Пскоўска-Пячорскага манастыра на карысць немцаў» да 20 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны 8.8.1956.

Кр.: Памятная книжка Витебской губернии; Синодик Санкт-Петербургской епархии; Афіцыйны сайт Віцебскай епархіі.

Даведнік "Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967." Том 1

 

Леанід Маракоў