Ясінскі Барыс Аляксандравіч: з даведніка "Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967." Том 2

ЯСІНСКІ (ЯСИНСКИЙ) Барыс Аляксандравіч

[1908, в. Астроўкі Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Нясвіжскі р-н Мінскай вобл. — ?]. Беларус. Скончыў 2 курсы багаслоўскага ф-та Варшаўскага ун-та. Рукапаложаны ў іерэя. Служыў у Міхайлаўскай царкве в. Ізабелін, цяпер Ваўкавыскі р-н Гродзенскай вобл. Быў жанаты, меў двое дзяцей. Падчас 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, працаваў старшынёй валаснога камітэта Беларускай народнай самапомачы. Увесну 1943 на пахаванні забітага савецкімі партызанамі святара М.Белюсціна выступіў з антысавецкай прамовай, заклікаў весці «актыўную барацьбу з ляснымі сталінскімі бандытамі». У ліп. 1944 выехаў з сям’ёй у Ваўкавыск, потым у Варшаву. У студз. 1945 затрыманы каля Варшавы. Дастаўлены ў Гродна. Падчас следства дапытваўся 23 разы, але вінаватым сябе не прызнаў. 26.8.1947 справа адпраўлена на даследванне. Асуджаны 11.12.1947 ваенным трыбуналам тагачаснай Баранавіцкай вобл. як «старшыня антысавецкай арганізацыі БНС» да 10 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў. 7.6.1955 тэрмін пакарання зніжаны да 7 гадоў ППК і 2 гадоў пазбаўлення правоў. Вызвалены ў 1954. У пачатку 1990-х г. жыў у Мінску. 24.2.1993 пастановай прэзідыума Мінскага гарадскога суда ў рэабілітацыі адмоўлена. Рэабілітаваны 30.12.1993 Вярхоўным судом Беларусі. Асабовая справа Я. № п-20486 захоўваецца ў архіве УКДБ Гродзенскай вобл.

Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД; Черепица В.Н. Очерки истории Православной Церкви на Гродненщине (с древнейших времен до наших дней). Ч. 1. С. 259. Гродно, 2000; Яго ж. Очерки истории Православной Церкви на Гродненщине (с древнейших времен до наших дней). Ч. 2. Гродно, 2005. С. 247—256.

Даведнік "Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967." Том 2

Сайт Леаніда Маракова

Леанід Маракоў