Візіт у Новы Рым

На ўзаемаадносіны паміж БПЦ і РПЦ крызіс у беларуска-расейскіх дзяржаўных адносінах не ўплывае, бо еднасць Беларускага Экзархату з Маскоўскім Патрыярхатам на дадзены момант вызначаецца не актуальнай палітыкай, але больш глыбокімі каштоўнасцямі і ідэалогіяй.

Прарасейскасць БПЦ больш культурнага, цывілізацыйнага парадку, чым палітычнага; гэта ўзаемаадносіны цэнтра і перэферыі, каланіяльная свядомасць - і перш за ўсё нават не ў адміністраванні з Масквы, але ў інфармацыйнай залежнасці. Практычна ўся праваслаўная літаратура, перыядычныя выданні - выданні расейскія, г.зн. ці надрукаваныя ў Расеі ці маюць расейскае аўтарства; тэматыка такой літаратуры таксама своеасаблівая, і закранае пытанні, актуальныя перш за ўсё для “рускага свету”, і ўжо праз інфармацыйную прастору набываючыя актуальнасць у нас.

 

З боку кіраўніцтва РПЦ – новаабранага Патрыярха Кірыла – адбылася спроба канцэптуалізацыі “Рускага свету” ў выглядзе цывілізацыйнага, геапалітычнага праекту, які супрацьстаіць заходняй цывілізацыі і ейным каштоўнасцям (масавай культуры, кансумерызму, маральнаму заняпаду, а таксама дэмакратычнаму кіраванню і правам чалавека як універсальным катэгорыям). Многія блытаюць ідэю “Рускага свету” з панславісцкай ідэяй ці з заходне-русізмам узору ХІХ ст. У “Рускім свеце” Масква не страчвае свайго паклікання Трэцяга Рыму, але на змену трыядзе вялікарускага, маларускага і беларускага народу прыходзіць цывілізацыйная еднасць Расеі, Украіны, Беларусі і Малдовы.

 

Беларусь, у параўнанні з трыма іншымі часткамі “Рускага свету” заўжды падавалася ідэальна ўладкаванай дзяржавай – украінскае праваслаўе падзеленае на дзве вялікія групы паміж Маскоўскім Патрыярхатам і некананічным Кіеўскім, не кажучы ўжо пра ўніятаў; малдаўскае праваслаўе – падзеленае на Рускую Праваслаўную Царкву і Румынскі Патрыярхат; вялікая колькасць альтэрнатыўных юрысдыкцыяў у самой Расеі; і ціхая затока Беларускага Экзархату, дзе Руская Праваслаўная Царква мае абсалютную манаполію нават на само слова – “праваслаўная”.

 

Унутры самой праваслаўнай царквы практычна няма руху на аддзяленне ад Рускай Праваслаўнай Царквы, безумоўна, ёсць групы, для якіх аўтакефалія падаецца цалкам нармальнай формай кіравання царквой, якія лічаць, што ў перспектыве было б мэтазгодна мець аўтаномнае кіраванне, пазбавіцца ад імперскага комплексу, ад русіфікацыйных тэндэнцыяў, аднак большая частка вернікаў напужаная аўтакефаліяй, якая ў масавай свядомасці звязваецца ледзь не з грахом расколу, “які не змываецца нават пакутніцкай смерцю”. За апошнія 20 год расколу ва ўкраінскім праваслаўі, накіраваныя перш за ўсё ў бок Украіны інфармацыйныя плыні, фармавалі свядомасць і беларускіх праваслаўных. Тэндэнцыя ж “аўтакефалізацыі”, як і вестэрнізацыі, і нацыянальнага адраджэння (а значыць, антырасейскай ідэалогіі) звязвалася ў першую чаргу з нацыянальнай апазіцыяй, якая, у сваю чаргу, досыць часта пазіцыянавала сябе у досыць анты-РПЦ ключы, падтрымліваючы стасункі з некананічнымі структурамі кшталту Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (у Паўночнай Амерыцы) ці яшчэ больш экзатычнымі малаколькаснымі групоўкамі.

 

На гэтым фоне Прэзідэнт Лукашэнка – верны прыхільнік інтэграцыі з Расеяй, анты-заходнік, ён заўжды ўяўляўся і гэтакім захавальнікам кананічнага праваслаўя – у межах кананічнай тэрыторыі РПЦ. А для Прэзідэнта Лукашэнкі ніякага іншага праваслаўя, апроч расейскага, ніколі не існавала, нават нарадзіўшы ідэю прымірыць каталіцтва і праваслаўе праз сустрэчу на беларускай зямлі, ён заўжды меў на ўвазе сустрэчу Рымскага Папы з Патрыярхам Маскоўскім; і менавіта гэтыя два лідары ўвасаблялі для яго адпаведна каталіцтва і праваслаўе.

 

У канфлікце ж беларускага рэжыму з Расеяй становіцца ўсё больш і больш відавочна, што ў Беларусі ёсць толькі адна кананічная тэрыторыя – гэта тэрыторыя самога Прэзідэнта Лукашэнкі. На гэтую сваю тэрыторыю ён каго жадае – запрашае, каго жадае – не пускае. І цэрквы, што існуюць на кананічнай тэрыторыі Лукашэнкі, адпаведна і падпарадкоўвацца мусяць юрысдыкцыі Прэзідэнта. На сустрэчах з Сінодам беларускі дзяржаўны лідар яскрава дэманструе, што ён – гаспадар, які прыходзіць у адно са сваіх ведамстваў, гэтак жа ён наведвае аграгардкі, фабрыкі і заводы, палеткі і ўніверсітэты. Таму і эклезіялогія ў яго адпаведная. Пры Мітрапаліце Філарэце – іерархе савецкага ўзору – такая гульня праходзіла. Стратэгія – пахваліць дзяржаву лішні раз, падзякаваць Прэзідэнту “ад усяго сэрца” за неймаверную дробязь і чагосьці папрасіць – прывяло Беларускую Праваслаўную Царкву да дыпламатычных поспехаў: і ў прэамбуле закону аб рэлігіях першае месца, і дамовы з усімі ведамствамі і міністэрствамі, а яшчэ больш усялякіх надзеяў і абяцанняў, якія ніколі не спраўджваюцца, як, напрыклад, рэлігія ў школах.

 

Здавалася б, сістэмы працуе стабільна, як і ўсё ў Беларусі. Але раптам у ёй пачынаюцца збоі: новы Патрыярх Рускай Праваслаўнай Царквы Кірыл мае зусім іншы погляд на дзяржаўна-царкоўныя адносіны: моцная царква, якая вызначае палітыку дзяржавы не на словах, а на справе, якая дыктуе свае ўмовы, выстаўляе патрабаванні, а дапамогу прымае як належнае; гэта ён ладзіць дуду, а не таньчыць пад чужую. І такім чынам на Беларусі ў царкоўных справах сыйшліся дзве юрысдыкцыі - свецкая Прэзідэнта і духоўная Патрыярха Кірыла, дзве юрысдыкцыі, якія раней гарманічна спалучаліся, пачалі даваць шчыліну. Шчыліну да такой ступені, што Прэзідэнт не з’явіўся на выступ Патрыярха ў палацы Рэспублікі падчас візіту ў верасні 2009 г., больш за тое, парушыў традыцыю наведання пасхальнага набажэнства ў кафедральным саборы, а ў паглыбленні разрыву з Расеяй Масква – разам з Патрыярхатам – стала для Лукашэнкі станам ворагаў. Патрыярх у расейска-беларускім канфлікце паводзіў сябе досыць стрымана, але “тыя, хто не за нас, той супраць нас” – такой логікай карыстаецца беларускі прэзідэнт. І паварот на Захад, паварот да каталікоў – якімі б уяўнымі яны не былі – гэта ўсё ж сімвалічны крок. І гэты крок – таксама і знак усходнім суседзям.

 

Візіт у Рым – стаў першым сігналам у Маскву, у Рым Трэці. Візіт у Стамбул, Канстанцінопаль, у Рым Новы – таксама стаў знакавым. Пошук партнёраў у Еўропе, пошук падтрымкі ў Турцыі спатрэбіўся беларускаму рэжыму толькі таму, што партнёры з ліку “брацкага народу” паступова пачалі пераўтварацца ў ворагаў, а падтрымка з боку Расеі змянашала, чым далей, тым болей.

 

Наш Прэзідэнт, як вядома, разбіраецца ва ўсім: і як жыта малаціць, і як ядзерныя рэактары запускаць. Разбіраецца ён і ў далікатнай сферы царкоўных адносінаў, з такім жа поспехам. Прымірэнчыя спробы паміж Рымам і Масквой, няпрошаным пасярэднікам ў якіх стаў беларускі прэзідэнт, скончыліся пакуль нічым. Стасункі: паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Ватыканам бягуць па сваіх рэйках, зусім незалежна ад намаганняў Лукашэнкі, хаця інфармацыйны выбух з нагоды візіту аўгусцейшага сямейства ў Ватыкан летась адбыўся.

 

Выбух крыху меншага маштабу справакавала і сустрэча беларускага Прэзідэнта з Канстанцінопальскім Патрыярхам. З’явіліся нават нейкія эксперты, якія пачалі сцвярджаць, што тое, чаго так доўга баяліся – аўтакефалія – не за гарамі, што вось-вось Усяленскі Патрыярх адгукнецца на запрашэнні Лукашэнкі, наведае Беларусь і адразу “адарве Беларускую Праваслаўную Царкву ад Маскоўскага Патрыярхату”. Эксперт Сяргей Шыпценка нават заявіў: “Рэпутацыя Канстанцінопальскага патрыярха ў праваслаўным свеце склалася неадназначная. Ён вядомы падтрымкай рознага кшталту раскольніцкіх групаў і падтрымлівае курс на аўтакефалізацыю праваслаўных цэркваў па ўсім свеце. У прыватнасці, пад юрысдыкцыю Канстанцінопалая пераходзілі групы украінскіх і беларускіх аўтакефалістаў з ЗША”. Анатоль Сідарэвіч наогул называе Канстанцінопальскага Патрыярха “чалавекам Дзярждэпартамента ЗША”.

 

Меркаванні экспертаў – гэта меркаванні экспертаў, але ёсць яшчэ і ўпартыя факты – Канстанцінопальскі Патрыярх вельмі асцярожны ў пытаннях аўтакефаліі, курсы на аўтакефалізацыю праваслаўных цэркваў ён не толькі не падтрымлівае, але і некаторым цэрквам замінае ў “аўтакефалізацыі”, як, напрыклад, Праваслаўнай Царкве ў Амерыцы. У сітуацыі Украіны – краіны, бадай, з найбольшай колькасцю праваслаўных у свеце, – Патрыярх Варфаламей таксама трымаўся досыць цвёрда, якія б не хадзілі чуткі, факт відавочны: быў захаваны статус кво, нягледзячы на звароты царкоўных груп, на неаднаразовыя добра падрыхтаваныя сустрэчы з Прэзідэнтам Юшчанкам, які выступаў пасярэднікам паміж царкоўнымі групамі сваёй краіны і Ўсяленскім Патрыярхатам.

 

Чаму ж у выпадку з Беларуссю, калі самі царкоўныя колы па аўтакефалію нікуды не звярталіся, пытанне гэтае не абмяркоўвалі і беларускага прэзідэнта ні на што ні ўпаўнаважвалі, дапускаецца, што Ўсяленскі Патрыярх пусціцца ў нейкія сумніўныя авантуры, тым больш у самым разгары міжправаслаўных кансультацыяў па падрыхтоўцы Усеправаслаўнага Сабору, калі дасягнуты баланс у супрацьстаянні з Маскоўскім Патрыярхатам акурат у пытанні тэрытарыяльнай арганізацыі царкоўнага жыцця.

 

Патрыярх Варфаламей не дарма займае такое значнае месца ў праваслаўным свеце, дапускаць, што ён уключыцца ў анты-расейскую гульню Прэзідэнта, імя якога ён, магчыма, даведаўся, за некалькі дзён да аўдыенцыі, было б крыху саманадзейна. Ведаюць гэта і ў Маскоўскім Патрыярхаце, таму, не думаю, каб там вельмі непакоіліся з-за хімеры беларускай аўтакефаліі. Аднак сімвалічны ўдар па Маскоўскім Патрыярху і па самой ідэі Масквы як Трэцяга Рыму, а значыць і цэнтру сусветнага праваслаўя, быў Лукашэнкам нанесены.

 

Апроч самога факту візіту цікава паглядзець, як гэтая падзея была прэзентаваная на афіцыйным сайце Прэзідэнта: “Канстанцінопальская Праваслаўная Царква з’яўляецца адной з 15 незалежных (памесных) праваслаўных цэркваў, існуючых у свеце. Канстанцінопальскі Патрыярхат па значнасці і шаноўнасці знаходзіцца на першым месцы”. Здавалася б, у такім азначэнні няма ні слова няпраўды, аднак гэты каментар дазваляе і статус Лукашэнкі падняць: з такім значным чалавекам ён сустрэўся; і паслаць промень у бок Маскоўскага Патрыярхату, маўляў, вось каго мы прызнаем самымі значнымі сярод праваслаўных. Не ведаю, наколькі дарадцы Прэзідэнта ведаюць напружаныя – нягледзячы на дасягнуты баланс –узаемаадносіны Маскоўскага Патрыярхата з Канстанцінопальскім, у т.л. у справе першынства, аднак балявая кропка Масквы была падказана слушна. Тым не менш, афіцыйны сайт робіць патрэбным зрабіць агаворку наступнага кшталту “блаславіў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл”. Ці сапраўды гэта так, праверыць цяжка.

 

Летась Прэзідэнт Лукашэнка ўжо рабіў рэферэнцыю ў бок Патрыярха Кірыла, калі наведваў Ватыкан.

 

Аднак Маскоўскі Патрыярхат адмежаваўся ад гэтага візіту і зрабіў заявы аб тым, што не ўпаўнаважваў беларускага Прэзідэнта выступаць пасярэднікам паміж Патрыярхам Кірылам і Папам Бенедыктам. Цяжка сказаць, што на гэты раз – спроба згладзіць візіт у Канстанцінопаль пакорным зваротам да Патрыярха Кірыла па блаславенне, якое зусім і не патрэбнае ў дадзенай сітуацыі, апроч як прадэманстраваць сваю лаяльнасць. Альбо наадварот, гэта проста ігра на нервах, мэта якой укалоць Патрыярха яшчэ раз.

 

Зразумела адно – Беларуская Праваслаўная Царква ва ўсіх гэтых падзеях аказваецца за дужкамі. Не ейнага блаславення прасіў Прэзідэнт і не ейным блаславеннем прыкрываецца. Не ейныя інтарэсы прадстаўляў ён Усяленскаму Патрыярху, а свае. Не ейныя праблемы паехаў ён вырашаць у Канстанцінопаль, а свае. І дагэтуль ніводзін афіцыйны сайт Беларускага Экзархату, які звычайна вельмі скрупулёзна адсочвае кожную запаленую Прэзідэнтам свечку, свечку, запаленую у храме Ўсяленскай Патрыярхіі, цалкам ігнаруе.

 

Можна рэканструяваць тое, пра што гаварыў Прэзідэнт з Патрыярхам, нават і без паведамлення афіцыйнага сайту, дзе адзначаецца, што гутарка ішла пра міжканфесійную сітуацыю ў Беларусі, адносіны паміж царквой і ўладай, унікальнасць і хараство беларускай прыроды. Гэта і тэма міжканфесійнага міру і стабільнасці, і тое, як шмат асабіста Прэзідэнт робіць для падтрымкі праваслаўнай царквы ў краіне, і як праваслаўная царква падтрымлівае ягоную палітыку – звычайная для такіх сітуацый рыторыка, у якой наўрад ці з’явілася штосьці прынцыпова новае. Ніякай дадатковай інфармацыі не дае і звычайна шчодры на падрабязнасці афіцыйны сайт Усяленскага Патрыярхату. Мноства паломнікаў адпраўляюцца ў Фанар на нядзельнае набажэнства, многім удаецца атрымаць аўдыенцыю і блаславенне Ўсяленскага Патрыярха; аднак не пра кожнага з іх пішуць на афіцыйным сайце. Таму, безумоўна, Лукашэнка быў высокім госцем у Патрыярха. Ад гэтага госця ў Патрыярха Канстанцінопальскага застанецца альбом з беларускімі зубрамі. А ў Патрыярха Маскоўскага - прыкрасць. А ў Беларускім Экзархаце ўсё застанецца на сваіх месцах. Запаленая ў Канстанцінопалі свечка дагарэла менш, чым за гадзіну.

Агенцтва палітычнай экспертызы BISS, http://www.belinstitute.eu/

Arche, 11.10.2010

Васілевіч Наталля

Рубрика: