Запозненае абурэнне Мітрапаліта Кандрусевіча

Сёння стала вядома, што Мінгарвыканкам забараніў адзначаць каталіцкае свята Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) традыцыйным малітоўным шэсцем па праспекце Незалежнасці, паведамляе Catholic.by.

Замест праспекта ўлады накіроўваюць працэсію па тратуарах вуліц Казлова, Бядулі, Першамайскай, Ульянаўскай і Свярдлова. На гэтых вуліцах – вузкія тратуары, шматлікія светлафоры, трамвайныя шляхі і рынак.

“Незразумелае рашэнне гарадскіх уладаў — гэта непавага да вернікаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі сваёй краіны і жыхарамі яе сталіцы, - заявіў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Такое рашэнне не спрыяе кансалідацыі нашага грамадства, бо што можна казаць вернікам, якія не перастаюць тэлефанаваць і з трывогаю пытацца ў святароў: чаму?”

Разумею абурэнне Яго Эксцэленцыі і тысячаў мінскіх каталікоў, якія рыхтаваліся да традыцыйнага малітоўнага шэсця. Прыкра, нічога не скажаш. Закручванне гаек дайшло і да рэлігійных акцыяў.

Толькі вось “незразумелым” гэтае рашэнне называць не варта. Сямнаццаць год каталіцкія біскупы маўкліва назіралі за ўмацаваннем рэжыму Лукашэнкі, таптаннем законнасці, правоў і свабодаў чалавека. Пад лукашэнкаўскія рэпрэсіі траплялі не толькі апазіцыянеры, але і рэлігійныя супольнасці, святары, хрысціянскія вернікі, якія не жадалі прадаць сваё сумленне сістэме. Асудзіць такое становішча і заклікаць улады да спынення рэпрэсій, вяртання законнасці і міру – маральны абавязак Цэркваў, калі яны лічаць сябе хрысціянскімі.

Ды дзе там! Пасля таго, як дзясяткі каталікоў сустрэлі Раство за кратамі і калючым дротам, у момант, калі хрысціяне сядзелі на “Валадарцы” і “амерыканцы” за мірную акцыю пратэсту – каталіцкія біскупы дружна пляскалі ў ладкі ілжэсведчанню Лукашэнкі на інаўгурацыі.

На памяць прыходзяць вядомыя словы пратэстанцкага пастара Марціна Німёллера, які служыў у Нямеччыне за часамі Гітлера. “Калі нацысты прыйшлі за камуністамі, я маўчаў, я ж не быў камуністам. Потым яны прыйшлі за прафсаюзнымі дзеячамі, я маўчаў, я ж не сябра прафсаюза. Потым яны прыйшлі за габрэямі, я маўчаў, я ж не быў габрэем. Калі яны прыйшлі за мной, не было больш нікога, хто б мог пратэставаць”.

Што цяпер выказаваць “неразуменне”? Кандрусевіч атрымаў аплявуху ад таго, каго паслядоўна падтрымліваў сваім маўчаннем. Усё лагічна. Інакш быць не магло – калі-небудзь махавік рэпрэсій мусіў балюча ўдарыць па Касцёлу. Але як крыўдна павінна быць іерархам - сцяліліся-сцяліліся перад Лукашэнкам - а ён вось што ў адказ.

Кепскі варыянт – калі Касцёл чарговы раз абмяжуецца асцярожнымі рэплікамі. На выклік, кінуты рэжымам, трэба адказваць – аспрэчваць забарону ў судзе, выступіць у прэсе. Урэшце, павесці, насуперак забароне, калону вернікаў на праспект. Ці, на крайні выпадак, адмяніць працэсію зусім, зачытаўшы ў касцёлах ліст з тлумачэннем такога рашэння. Калі ж Мітрапаліт маўкліва пакажа сваю слабасць і павядзе шэсце па прапанаваным гарвыканкамам маршруце –наступны раз працэсію на свята Божага Цела могуць зусім забараніць.

WESTKI.info

 

Кастусь Шыталь

Рубрика: