МАНІТОРЫНГ СМІ: ЕЎРАБЕЛАРУСЬ: Дубянецкая «Царква не павінна выконваць дыпламатычных функцый дзяржавы »
10.04.2012Наколькі прэтэнзіі беларускага прэзідэнта наконт таго, што Каталіцкая царква “не дапрацоўвае” ў наладжванні стасункаў паміж Беларуссю і Еўропай, абгрунтаваныя і ці па належным адрасе яны накіраваныя?
Нагадаем, у панядзелак на сустрэчы з паслом Суверэннага Мальтыйскага Ордэна Паўлем Фрыдрыхам фон Фурхерам Аляксандр Лукашэнка выказаў думку, што Каталіцкая царква павінна займаць больш актыўную пазіцыю ў наладжванні стасункаў паміж Беларуссю і Захадам.
“Вядома, скажу шчыра, мы разлічвалі на большае ў супрацоўніцтве з Каталіцкай царквой. Лічым, што Каталіцкая царква відавочна не дапрацоўвае ў наладжванні стасункаў паміж Беларуссю і Заходняй Еўропай”, - заявіў Лукашэнка.
- У царквы зусім іншыя задачы, - тлумачыць доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая. - Законам у Беларусі царква аддзеленая ад дзяржавы і не павінна выконваць дзяржаўных дыпламатычных функцыяў, гэтаксама як дзяржава не павінна ўмешвацца ў любыя справы царквы. Не варта ўскладаць спадзяванні на тое, што хто-небудзь проста па добрай волі пачне выконваць дзяржаўныя функцыі, таму што сама дзяржава недапрацоўвае, і хто небудз пачне працаваць за яе: хоць царква, хоць недзяржаўныя арганізацыі, хоць асобныя людзі. Зробленая заява ніяк не адпавядае функцыям царквы і стасункам царквы і дзяржавы.
Таксама беларускі прэзідэнт сказаў, што ў Мальтыйскім Ордэне “добры ўплыў у Святым Прастоле, у вас там шмат уплывовых людзей, якія павінны, у рэшце рэшт, паглядзець, што адбываецца ў адносінах з краінай, дзе другая па велічыні на постсавецкай прасторы канфесія - каталікі, што тут жывуць добрыя людзі, якія хочуць жыць у дружбе”.
- Ведаеце, гэта стэрэатып у нашым грамадстве, дзе кажуць “пасха польская” і “пасха руская”, дзе робяць выразны падзел на ўсходняе і заходняе, дзе лічаць, што нібыта заходняе павінна працаваць на Захад, а ўсходняе - на Усход, - адзначае Ірына Дубянецкая. - Кажучы пра тое, што Каталіцкая царква “не дапрацоўвае” на заходнім напрамку, магчыма, Лукашэнка думае, што Праваслаўная царква “дапрацоўвае” ў паляпшэнні стасункаў з Расіяй. Па гэтай логіцы, дарэчы, невядома, што павінны рабіць пратэстанты. І тады хто павінны працаваць на Беларусь?
Такім чынам, атрымліваецца, што ў Беларусі нібыта нехта павінен выконваць дзяржаўныя функцыі ўнутры дзяржавы замест яе самой, а гэта проста направільна, упэўненая Ірына Дубянецкая.