Патрыяршае пасланне Ўсясветнага Патрыярха Варфаламея на Святую Пасху 2013 г.

ВАРФАЛАМЕЙ

ЛАСКАЙ БОЖАЙ

АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ

І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ АД УВАСКРЭСЛАГА Ў СЛАВЕ ХРЫСТА

***

Любыя браты-суслужнікі і пабожныя багалюбныя дзеці Царквы,

Хрыстос Уваскрос!

Пачуўшы ад міраносіц вестку Уваскрасення, вучні ўспрынялі яе як недарэчнасць. Аднак тое, што перш было ўспрынята як недарэчнасць, сцвердзілася як Ісціна. Уваскрэслы Ісус неаднаразова з’яўляўся Сваім вучням.

У наш час вестка Увасрасення дагэтуль рацыяналістамі ўспрымаецца як недарэчнасць. Але мы, вернікі, не толькі верым ва Уваскрасенне, але і перажываем яго як сапраўдную падзею. Наша сведчанне, пры патрэбе, мы замацоўваем, як пячаткай, прыносячы сваё жыццё ў ахвяру, бо ў Хрысце Уваскрэслым пераадольваем смерць і больш не баімся яе. Нашы вусны напоўнены радасцю, прамаўляючы: “Госпад Уваскрос!”. Нашы святыя памерлі для свету, але жывуць з намі і адказваюць на нашы малітвы. Той свет, што пасля смерці, больш сапраўдны за той, што папярэднічае ёй. Хрыстос уваскрос і жыве з намі. Ён прысягаў быць з намі да сканчэння свету. І так сталася: Ён наш сябра і брат, Ён ацаляе нас і дае усякае дабро.

Блаславёны Бог, Які ўваскрос з памерлых і дараваў усім жыццё вечнае. Смерць, дзе твая перамога? Уваскрос Хрыстос і “таго, хто здаўна бязмерна пахваляўся, на смех выставіў” (Канон Крыжаўваскрэсны св. Яна Дамаскіна, 4 тон, 9 песня). Усё напоўнілася Святлом, і сэрцы нашы перапаўняюцца радасцю.

І не толькі радасцю, але і магутнасцю. Хто верыць ва Уваскрасенне, не баіцца смерці. А хто не баіцца смерці, душой непахісны і нязломны, бо тое, што для многіх нявернікаў - самая жудасная пагроза, для верніка-хрысціяніна - нязначны факт, бо гэта ўваход у жыццё. Вернік-хрысціянін жыве ва ўваскрасенні раней за сваю фізічную смерць.

Вынікам перажывання Уваскрасення ёсць перамяненне свету, натхненне душы. І натхнёная душа вабіць на свой шлях і іншыя душы, якіх кранае сапраўднае жыццё ў радасці бяссмерця. Уваскрасенне Хрыста і наша асабістае ўваскрасенне - гэта не абстрактная ісціна. Гэта догмат нашай веры, рэчаіснасць, да якой можна дакрануцца. Гэта сіла, што перамагла свет, нягледзячы на жорсткі пераслед. “Гэта ёсць перамога, што перамагла свет, вера наша” (1Ян. 5:4) ва ўваскрасенне. Праз Уваскрасенне чалавек становіцца Богам праз ласку. Праз перамогу святла ўваскрасення над нячыстымі пажадамі, умацоўваецца ў душы нашай боскі эрас і дзівосная любоў, якая пераўзыходзіць чалавечую меру.

Вось, Хрыстос Уваскрос! Сэрцы нашыя перапоўнены святлом Уваскрасення і велікоднай радасці. Мы набліжаемся да Ўваскрэслага Хрыста шчыра і проста. Бо, як прамаўляе прарок і цар Давід, кіруючы нашымі сэрцамі вышні Бог “сэрцам скрушаным і пакорлівым не пагарджае” (Пс. 50:19).

Уваскрасенне - гэта наша сіла, надзея, радасць і шчасце. Праз уваскрасенне мы адольваем боль і тугу за ўсё зло фізічнага зямнога жыцця. Уваскрасенне - гэта Божы адказ на безвыходнасць чалавека, параненага хваробамі свету.

У цяжарах і пакутах, праз якія праходзіць сёння свет, мы не знемагаем. І таму збор застрашаных Вучняў Госпада ў Сіёнскай святліцы напаўняе нас сілай. Не збаімся, бо мы любім усіх, як і Ён палюбіў нас і аддаў душу Сваю за нас. Богамужны Уваскрэслы Госпад нам нябачна спадарожнічае. Досыць нам мець - і мы мае яе - любоў. І з любоўю спазнаем мы сілу Таямніцы, саму Таямніцу!

І калі іншыя вагаюцца па-чалавечы і “ў стагі звязваюць снапы ўчынкаў” (Сціхіра, Вячэрні Нядзелі пра заблуклага сына), мы хвалімся. І хаця мы “не расцярушваем міласэрнасцю пустазелле справаў няправеднасці і пажадаў нашых не таўчэм на таку пакаяння”, Уваскрэслы Хрыстос ёсць Любоў, і Ён развее ўсякую цемрадзь і страх вакол нас і прыйдзе - і ў нас, і ў свет - праз брамы нашых сэрцаў, хаця яны і замкёныя часцяком. І “будзе з намі” нязменна праз крыж любові. Ён заклікае да міру, і мір Свой Ён дае і нам. Моцныя свету гэтага абвяшчаюць і абяцаюць мір, якога, аднак, ніколі не бывала ў рэчаіснасці. Сіла Боскай любові, міру і мудрасці застаецца па-за усякай чалавечай панікай. Гэтая сіла не знаходзіцца дзесьці на завуголлях рэчаіснасці ці дзесьці на перэферыі нейкіх чалавечых перакананняў. Наадварот, яна - гэта сэрца і цэнтр рэчаіснасці. Гэта сэрца чалавецтва. Гэта цэнтр жыцця. Гэта тое, што валодае жывымі і мёртвымі. Гэта - Ісціна.

Неаспрэчная перавага гэтай Сілы трымае нябачнае стырно і ўсім кіруе, у той час, калі розум многіх знаных сярод людзей “апантаны цемрай”.

У час цяперашняга ўсеагульнага і паўсюднага разлажэння, спадзеў усіх краёй зямлі, Мудрасць Божая - гэта прысутнасць нябеснага ладу і гармоніі. Адначасна з разбурэннем і чаканай смерцю існуе рэчаіснасць Уваскрасення і магутнасць нашага пераканання ў Госпадзе.

Мір, які паходзіць ад Таго, Хто смерцю смерць растаптаў праз Сваё вынясільванне, а з ім і радасць любові, - ліюцца і ацаляюць нашае сучаснае чалавецтва, што стогнучага і пакутую, разам з усім стварэннем, якое таксама пакутуе і стогне, “чакаючы выбаўлення і ўсынаўлення”, а таксама “свабоды славы дзяцей Божых” (Рым. 8:20-23).

Сапраўды ўваскрос Госпад, айцы, браты і сёстры!

Святая Пасха 2013 г.

+Патрыярх Канстанцінопальскі ВАРФАЛАМЕЙ

Палымяны за ўсіх вас малітоўца да Ўваскрэслага Хрыста

 

Рубрика: