Папа Францішак выказаў заклапочанасць лёсам затрыманага беларускага ксяндза Лазара

У панядзелак, 30 верасня, Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці. Падчас 40-хвіліннай сустрэчы Папа затрымаўся над жыццём і перспектывамі Беларусі.

Асаблівую ўвагу Пантыфік прысвяціў сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, радуючыся прагрэсу ў службе Евангеллю на карысць усяго беларускага народа і яго культуры.

Акрамя гэтага Пантыфік атрымаў усю інфармацыю, якой валодае Апостальскі Нунцый, аб становішчы святара Уладзіслава Лазара, выказваючы сваю заклапочанасць і просячы, каб яго асабіста рэгулярна інфармавалі аб развіцці гэтай сітуацыі.

Папа запэўніў ўсю каталіцкую супольнасць краіны ў асаблівай блізкасці і ў сваёй асаблівай, бацькоўскай увазе да гэтай далікатнай сітуацыі.

Пантыфік папрасіў свайго Прадстаўніка ў Беларусі перадаць усім грамадзянам краіны цёплае прывітанне і запэўніў у сваёй малітве, павазе і сімпатыі.

У бліжэйшыя дні арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці сустрэнецца з шэрагам чыноўнікаў Ватыкана, паведамляе catholic.by.

Нагадаем, што беларускаму ксяндзу Уладзіславу Лазару ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы.

Ён абвінавачваецца паводле п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт. 16 КК (садзейнічанне ў злачынстве), што прадугледжвае тэрмін пакарання ад 7 да 15 гадоў. Кс. Лазар ўтрымліваецца ў турме СІЗА КДБ у Мінску. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзіла Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі, што адбылося 12 верасня.

З затрыманым ксяндзом меўся ў СІЗА сустрэцца нунцый Гуджэроці.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, затым у Польшчы. У красавіку гэтага года быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духу Святога ў Барысаве. Раней служыў у Мар`інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці).

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=115922

Рубрика: