Прайшоў навукова-практычны семінар паралітургічных спеваў

10 мая у прыходзе Нараджэння Багародзіцы ў в. Тарасава пад Мінскам прайшоў навукова-практычны семінар “Народны глас: Традыцыя хрысціянскіх і народных спеваў: даследаванне і захаванне”, які арганізавалі Цэнтр праваслаўнай культуры імя Канстанціна Астрожскага згаданага прыходу, вядомае сваёй прыхільнасцю да беларушчыны праваслаўнае Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, а таксама Музеем малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, які знаходзіцца на Падляшшы, у Польшчы.

Таццяна Матрунчык, натхняльніца семінару, вядомая праваслаўная дзяячка, на самым пачатку выказала ідэю, якая прагучала як новая праграма Брацтва: вучыцца веры і яе выражэнню ў пабожнага беларускага народу.

Першая дакладчыца Алена Боганева, навуковы супрацоўнік сектара этналінгвістыкі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі працягнула этас неабходнасці навучання ад народу, які доўгі час апісваўся як носьбіт дзвюхвер’я - язычніцтва і хрысціянства, спалучанага разам, аднак на думку даследніцы, мае сэнс казаць пра асаблівае народнае хрысціянства, у якім, у залежнасці ад жанру народнай творчасці, хрысціянскі кампанент прысутны ў розным аб’ёме, з захаваннем магічных рудыментаў. Асабліва народнае хрысціянства праяўляецца нават не ў фальклёры, а ў жыццёвай практыцы народу, для якога няма маральнага рэлятывізму, але заўжды зразумела, што добра, а што дрэнна, асабліва ў сферы сямейнага побыту - захавання хлопцамі і дзяўчатамі чысціні да шлюбу, асаблівы клопат аб дзецях, якіх павінна быць шмат, аб сваіх і сіротах. Алена Боганева вылучыла тры фальклёрныя жанры, у якіх хрысціянскі кампанент прасочваецца найбольш яскарава.

Па-першае, гэта цэлы пласт нечарадзейных легендарных казак, сюжэты якіх закранаюць маральна-этычныя тэмы і супрацьстаянне злу з дапамогай Божай. Па-другое, гэта народныя легенды, т.зв. “народная Біблія”, якая развівае і дапаўняе дэталямі біблійныя сюжэты, уплятаючы ў канву гісторыі пра Адама і Еву, Каіна і Авеля, сусветны патоп, цара Саламона, нараджэнне Хрыста, новыя і новыя дэталі, разгортваючы апавяданне. Даследчыца выказала згоду з праф. Знаменскім, які сцвярджаў, што занадта мала ўвагі надаецца таму, як народам засвойваецца самае важнае ў хрысціянскай веры - святое Пісанне. Алена Боганева з калегамі сабрала шэраг такіх легендаў цягам 1998-2010 гг. у зборнік - Беларуская “народная Бібліі ў сучасных запісах (Мн., БДУКМ, 2010). Па-трэцяе, даследчыца вылучыла духоўныя вершы, сярод якіх найбольш старажытнымі, паходжаннем пачынаючы з ХІІ ст., з’яўляюцца эпічныя спевы, а вершы пра лёс чалавека, каштоўнасці і маральныя пытанні - паходзяць з XVII стагоддзя, найбольшы распаўсюд яны атрымалі пад уплывам стараабрадніцтва.

Адзін з такіх духоўных вершаў акурат выканаў хор “Калыханка” з мястэчка Міханавічы Мінскага р-ну: “Ці знаеце, людзі, што робіцца ў свеце?” Апроч гэтага, калектыў “Калыханка” прадставіў удзельнікам семінару і іншыя паралітургічныя спевы са свайго рэпертуару, у тым ліку, у апрацоўцы - на літаратурнай беларускай мове.

Госць з Польшчы, Дарафей Фіёнік, расказаў пра асаблівую ролю паралітургічных спеваў у Праваслаўнай царкве ў Польшчы, дзе распаўсюджана традыцыя шматдзённых пешых паломніцтваў. Ён расказаў пра розныя рэдакцыі Богагласнікаў, якія мелі пашырэнне на Падляшшы, іх гісторыю, якая сягае ў XVII стагоддзе, у Пачаеў, менавіта пачаеўскія песенныя зборы, найверагодней створаныя манахамі, бо ў асноўным, з’ўляліся рыфмаваным пераказам богаслужэбных песнаспеваў - сціхіраў, былі выдадзеныя ўжо ў XVIII стагоддзі ўніяцкімі манахамі-базыльянамі ў друкаваным выглядзе, і сталі падмуркам для ўсіх наступных богагласнікаў. У старажытныя богагласнікі дадаваліся аўтарскія песні, канты рэлігійнага зместу на царкоўна-славянскай рускай мове, на Падляшшы такімі сучаснымі спевамі сталі пакладзеныя на музыку кампазітарам Віктарам Крукоўскім вершы Міхаіла Літвінчука. Дарафей Фіёнік расказаў таксама і пра асаблівы, характэрны для Падляшша, жанр - “Крыжовую песню” і пазнаёміў удзельнікаў семінараў з 25-цю песнямі, напісанымі ў 1885 г. іераманахам Хрысанфам Саковічам.

Іншы госць з Польшчы, іяр. Славамір Хвойка, расказаў пра правядзенне Фестывалю рэлігійных і паралітургічных спеваў, які ўжо цягам дзесяці гадоў праходзіць у Сямяцічах. Дадзены фестываль арганізуе Інстытут праваслаўнай культуры ў Сямяцічах . Наступны такі фестываль адбудзецца 14-16 лістапада 2014 г.

Хор “Пудляшанкі” пад кіраўніцтвам Ганны Тэслюк, які выканаў некалькі традыцыйных спеваў, дазволіў удзельнікам семінара як быццам пабываць на фестывалі ў Сямяцічах загадзя, і яны не маглі стрымацца, каб не падпяваць прыпевы песняў.

Ларыса Густава спынілася ў сваім выступе на неабходнасці захавання мясцовай спеўнай традыцыі, якая часта вынішчаецца акадэмічным навучаннем, і такім чынам, яна вярнулася да імператыву, які ў самым пачатку сцвердзіла Таццяна Матрунчык - вучыцца ад народу, толькі цяпер ужо у звароце да рэгента царкоўнага хору - слухаць, як спяваюць мясцовыя людзі, вучыцца ад іх.

Вядомая фалькларыстка Ірына Мазюк прадставіла прэзентацыю палескага духоўнага фальклёру, ці “святых песняў” - менавіта пад такой назвай хрысціянскія народныя песні ведаюць самі іх носьбіты. Яна расказала пра традыцыйныя спевы, звязаныя з абыходам на Раство і Шчадрыцы, а таксама велікодныя песні. Апроч таго, яна закранула і асаблівыя мясцовыя традыцыі, якія, найбольш верагодна, узніклі на ўсходнім Палессі, звязаныя з разбурэннем храма, напрыклад, абрад пераносу свячы і звязаныя з ім паралітургічныя спевы, паколькі ўласна літургічныя спевы ў адсутнасць царквы былі немагчымыя.

Раман Яраш прадэманстраваў два такія спевы, у тым ліку, адзін акапэла, а другі - у сучаснай інструментальнай апрацоўцы. Ён жа выканаў і адзін з самых папулярных гарадскіх пралітургічных спеваў - духоўны гімн “Магутны Божа”.

Сучасную форму існавання паралітургічных спеваў прадставілі Наталля Васілевіч і Наталля Гарковіч - яны расказалі пра праект перакладу калядак народаў свету на беларускую мову, а таксама пра флэшмоб у гандлёвым цэнтры “Бонус”, арганізаваны прыходам св. Мікалая Японскага, калі ўдзельнікі выканалі песні “Ўчора з вячора” і “We wish you a Merry Christmas” у творчым перакладзе Макса Шчура - “Вясёлых калядных святаў ад Дубліна да Дрысвятаў”. Таксама былі прадстаўлены іншыя іншыя паралітургічныя формы гарадскога фальклору ў выглядзе перакладных запазычанняў, напрыклад -- переклад на беларускую мову сербскай велікоднай песні "Людзі лікуйце" на словы свц. Мікалая Сербскага.

На наступны дзень хор “Пудляшанкі” выступіў на прыходзе св. Мікалая Японскага, а хор “Калыханка” выканаў некалькі спеваў у Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска.

Справаздача на сайце Петра-Паўлаўскага сабору

Відэа-сюжет sobor.by

 

Рубрика: