У Глыбокім распачаўся Міжнародны фэстываль хрысьціянскіх фільмаў

17 чэрвеня ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласьці пачынаецца ІІІ Міжнародны фэстываль каталіцкіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат‑2008». На фэсьце прадстаўлены 35 твораў зь Беларусі, Польшчы, ЗША, Літвы, Харватыі, Грузіі, Швайцарыі, Італіі, Лівана.

Фэстываль, які праходзіць пад патранажам Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, арганізуюць каталіцкая арганізацыя для камунікацый «SIGNIS‑Беларусь», незалежная студыя «Стоп‑кадр», рэдакцыя рэлігійна‑асьветніцкага часопіса «Дыялог» і Віцебская дыяцэзія Беларускай рыма‑каталіцкай царквы. Фэст праходзіць пры ўдзеле Глыбоцкага райвыканкаму.

Сярод фільмаў, якія былі адабраныя з 60 стужак, унікальны грузінскі фільм «Шлях Хрыста», дзе эвангельскія падзеі расказваюцца праз народную чаканку, харвацкая карціна «Евангельле паводле Кловіа» пра рэнесанснага мастака, які празь мініятуры спазнаваў Бога, пранізьліва‑рэпартажная амэрыканская стужка «Нязломныя» пра людзкую салідарнасьць, любоў і веру падчас урагану Катрына, мэдытатыўны швэйцарскі фільм «Гісторыя рук».

Беларускі рэжысэр Віктар Асьлюк прадставіў на фэсьце сваю апошнюю стужку «Вальс» пра вясковага лекара, які дапамагае старым. А Міхаіл Жданоўскі працягнуў тэму, якую ён распачаў у 90‑ыя карцінай «Дарога на Курапаты». Герой фільму «Ва ўсе дні» — мастак, які малюе абразы на камянях у народным мэмарыяле.

Урачыстае адкрыцьцё фэсту адбудзецца 18 чэрвеня ў вёсцы Ўдзела ля помніка Максымільяну Кольбэ. Асноўныя паказы пройдуць у Глыбокім. Завершыцца фэстываль 21 чэрвеня.

Сайт фэстывалю signis.by.

Андрэй Расінскі

Источник:

Наша Ніва

Рубрика: