Датчане абскардзяць дэпартацыю зь Беларусі
11.02.2009Дацкія грамадзяне Эрлінг Лаўрсэн і Рольф Бэрген, якія абвінавачваюцца беларускімі ўладамі ў спробе “наладзіць незаконную рэлігійную дзейнасьць у адным з малельных дамоў пратэстанцкай абшчыны Гомеля” і ў дачыненьне да якіх прынятае рашэньне адносна дэпартацыі на радзіму, зьбіраюцца абскардзіць падобнае рашэньне. Цяпер яны кансультуюцца зь юрыстамі і прадстаўнікамі амбасады.
Учора абодва атрымалі пашпарты са штампамі аб дэпартацыі.
Рольф Бэрген мусіць пакінуць краіну 11 лютага, а ягоны сябар Эрлінг Лаўрсэн - 19-га. Згодна з рашэньнем службы міграцыі Савецкага РАУС Гомеля, абодвум забаронены ўезд у Беларусь цягам аднаго году.
У інтэрвію зь БелаПАН, Лаўрсэн і Бэрген паведамілі, што прыехалі ў Беларусь з кароткатэрміновым прыватным візытам да сваіх сяброў-вернікаў пратэстанцкай царквы “Жывая вера”. З гэтымі людзьмі яны маюць даўнія кантакты, якія ўсталяваліся дзякуючы сумесным гуманітарным праектам.
7 лютага абодва дацкія грамадзяне прысутнічалі на службе ў гомельскай царкве, а пасьля яе былі затрыманыя міліцыянтамі.
Паводле Лаўрсэна і Бэргена, яны не арганізоўвалі і не вялі ў царкве аніякай рэлігійнай дзейнасьці.
Як сьведчаць датчане, іхныя дачыненьні зь сябрамі-гамельчукамі ня зьменяцца ў выніку падобнай непрыемнай сытуацыі.
Источник:
Последние новости