Правакацыя на будслаўскім фэсце - удзельніка затрымалі за саколку з выявай забітага гестапа ксяндза Багаткевіча

Як паведамляе сайт Wiestki.info, на традыцыйным Будслаўскім фэсце не абыйшлося без правакацыяў -  супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы ўдзельнік з Глыбокага Уладзімір, на якога міліцыянты звярнулі ўвагу з-за саколкі з выявай ксяндза-пакутніка Мечыслава Багаткевіча і надпісам “Няхай жыве Хрыстус Валадар!”, выкананай чырвоным колерам па белым тле. Гэтыя словы былі сказаныя святаром перад расстрэлам гестапаўцамі 4 сакавіка 1942 г. у лесе Барок каля Глыбокага, дзе ён, разам з іншымі святарамі Уладзіславам Мацьковякам і Станіславам Пыртакам, знайшоў вечны супачын. Ксёндз Багаткевіч быў абвешчаны дабраславёным Папам Янам Паўлам ІІ у 1999 г.

Па словах затрыманага пілігрыма, калі ён праходзіў турнікеты з намётавага мястэчка да месца святкавання, міліцыянты, патлумачыўшы, што ім "не падабаецца" саколка, адвялі яго ў пастарунак, дзе з Уладзімірам правёў гутарку міліцэйскі начальнік, які распытваў пра паходжанне кашулі, а таксама, ці не з'яўляецца яна прыкметай прыналежнасці да нейкай арганізацыі. Пасля размовы затрыманага адпусцілі.

Паводзіны праваахоўных органаў на каталіцкім фэсце ў Будславе ўсё часцей выклікаюць напружанне сярод удзельнікаў святкаванняў. Летась пілігрымы, у знак пратэсту супраць прыніжальнай працэдуры праходжання праз турнікеты, наладзілі малітоўную акцыю.

У мінулыя гады міліцыянты таксама затрымлівалі ні за што ўдзельнікаў Будслаўскага Фэсту.

Рубрика: