6 Паводле Лукі

1 І давялося Яму ў суботу, першую па другім дні Пасхі, праходзіць пасевамі, і вучні Яго зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі.
2 Некаторыя ж з фарысеяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што не дазволена рабіць па суботах?
3 І сказаў ім Іісус у адказ: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
4 як увайшоў ён у дом Божы і ўзяў хлябы выстаўлення, якіх не дазволена было есці нікому, а толькі адным святарам, і еў, і даў тым, што з ім былі.
5 І казаў ім: Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
6 Давялося і ў другую суботу ўвайсці Яму ў сінагогу і вучыць; і быў там чалавек, і правая рука ў яго была сухая.
7 Кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці не ацаліць Ён у суботу, каб знайсці абвінавачанне супраць Яго.
8 Але Ён ведаў помыслы іх і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: падыміся і стань пасярэдзіне. І той, падняўшыся, стаў.
9 Іісус жа сказаў ім: спытаюся Я ў вас: што дазволена рабіць па суботах — дабро рабіць ці зло рабіць? душу ўратаваць ці загубіць? Яны ж маўчалі.
10 І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў яму: працягні руку тваю. І ён зрабіў так, і стала рука яго здаровай, як другая.
11 Яны ж перапоўніліся шаленствам і гаварылі між сабою, што ім рабіць з Іісусам.
12 І сталася ў тыя дні: выйшаў Ён на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.
13 А калі настаў дзень, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
14 Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Іакава і Іаана, Філіпа і Варфаламея,
15 Матфея і Фаму, Іакава Алфеевага і Сімана, называнага Зілотам,
16 Іуду Іакавага і Іуду Іскарыёта, які і стаў прадажнікам.
17 І, спусціўшыся з імі, стаў Ён на роўным месцы і многа вучняў Яго і вялікае мноства людзей з усёй Іудзеі і Іерусаліма, і ўзбярэжжа Тырскага і Сідонскага,
18 што прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хвароб сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад духаў нячыстых; і ацаляліся.
19 І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, бо сіла ад Яго сыходзіла і ацаляла ўсіх.
20 І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: блажэнныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Царства Божае.
21 Блажэнныя галодныя цяпер, бо насыціцеся. Блажэнныя, хто плача цяпер, бо засмеяцеся.
22 Блажэнныя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і зганьбяць, і выкінуць імя ваша як зло, за Сына Чалавечага.
23 Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесяліцеся, бо вось узнагарода ваша вялікая на небе. Таму што гэтак рабілі прарокам бацькі іх.
24 Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце ўцеху вашу.
25 Гора вам, перасычаныя цяпер, бо голад зазнаеце. Гора вам, хто смяецца цяпер, бо засмуткуеце і заплачаце.
26 Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі. Бо так рабілі лжэпрарокам бацькі іх.
27 А вам, хто слухае, кажу: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас,
28 благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас, і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас.
29 Таму, хто б’е цябе па шчацэ, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджай узяць і сарочку.
30 Кожнаму, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, не патрабуй назад.
31 І як вы хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.
32 А калі вы любіце тых, што любяць вас, якая вам за гэта падзяка? бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
33 І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам за гэта падзяка? бо і грэшнікі тое самае робяць.
34 І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць назад, якая вам за гэта падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад столькі ж.
35 Але вы любіце ворагаў вашых, і дабро рабіце, і пазычайце, ні на што не спадзеючыся; і будзе ўзнагарода ваша вялікай, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і злых.
36 Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.
37 Не судзіце, і вас не будуць судзіць; і не асуджайце, і не будзеце асуджаны; прабачайце і вам прабачаць;
38 давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, шчыльна накладзеную, утрэсеную, перапоўненую дадуць вам у прыпол; бо якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.
39 Сказаў ім таксама прытчу: хіба можа сляпы сляпога вадзіць? ці не абодва ў яму ўпадуць?
40 Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, але, удасканаліўшыся, кожны будзе, як настаўнік яго.
41 Што ж ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
42 Альбо, як можаш казаць брату твайму: браце, дай, я выму парушынку з вока твайго, — калі сам бервяна ў воку тваім не бачыш. Крывадушнік, вымі перш бервяно з твайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
43 Бо няма добрага дрэва, якое б радзіла кепскі плод, няма і кепскага дрэва, якое б радзіла добры плод.
44 Бо ўсякае дрэва па сваім плодзе пазнаецца: бо з калючых кустоў не збіраюць смокваў і з цярноўніку не здымаюць вінаграду.
45 Добры чалавек з добрай скарбніцы сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны яго.
46 Што ж клічаце Мяне: “Госпадзі, Госпадзі!”, а не робіце таго, што Я кажу?
47 Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае словы Мае і выконвае іх, пакажу вам, да каго падобны.
48 Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, капаў і паглыбіўся і заклаў падмурак на камені; калі ж здарылася разводдзе, нахлынула рака на дом той і не змагла пахіснуць яго, бо ён быў закладзены на камені.
49 А хто пачуў і не выканаў, той падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка; калі ж нахлынула на яго рака, адразу ён абваліўся і было разбурэнне дома таго вялікае.