23 Паводле Лукі
17.12.20101 І ўстала ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,
2 І пачалі абвінавачваць Яго, гаворачы: мы выявілі, што Ён падбухторвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом.
3 Пілат запытаў Яго, кажучы: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў Яму ў адказ: ты кажаш.
4 І Пілат сказаў першасвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
5 Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасюль.
6 Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Гэты Чалавек Галілеянін?
7 І, даведаўшыся, што Ён з уладанняў Ірадавых, паслаў Яго да Ірада, які таксама быў у Іерусаліме ў тыя дні.
8 Ірад жа, убачыўшы Іісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо ён даўно ўжо хацеў бачыць Яго, паколькі чуў пра Яго многа і спадзяваўся ўбачыць нейкае знаменне, Ім здзейсненае;
9 і задаваў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога не адказваў яму.
10 І стаялі першасвятары і кніжнікі, і зацята абвінавачвалі Яго.
11 А Ірад са сваімі воінамі, зняважыўшы Яго і наглуміўшыся, апрануў Яго ў светлую адзежу і адаслаў Яго да Пілата.
12 І зрабіліся прыяцелямі між сабою Пілат і Ірад у той дзень; раней жа мелі варожасць адзін да аднаго.
13 Пілат жа, склікаўшы першасвятароў і начальнікаў, і народ,
14 сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібыта бухторыць народ; і вось я перад вамі расследаваў і не знайшоў у Чалавеку Гэтым ніякай віны з таго, у чым вы Яго абвінавачваеце;
15 і Ірад таксама, бо я пасылаў да яго, і вось нічога вартага смерці не зроблена Ім;
16 таму, пакараўшы Яго, адпушчу.
17 А яму трэба было дзеля свята адпусціць ім аднаго вязня.
18 Але яны закрычалі ўсе разам, кажучы: смерць Яму! адпусці ж нам Вараву.
19 А той быў за нейкі бунт, учынены ў горадзе, і забойства пасаджаны ў цямніцу.
20 І зноў Пілат узвысіў голас, хочучы адпусціць Іісуса.
21 Але яны крычалі, кажучы: распні, распні Яго!
22 І трэці раз сказаў ім: якое ж зло ўчыніў Ён? нічога вартага смерці я не знайшоў у Ім; таму, пакараўшы Яго, адпушчу.
23 Яны ж настойвалі з моцнымі крыкамі, патрабуючы, каб Ён быў распяты; і перамаглі крыкі іх і першасвятароў.
24 І Пілат вырашыў, каб было паводле патрабавання іх,
25 і адпусціў пасаджанага за бунт і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі, а Іісуса аддаў на іх волю.
26 І калі павялі Яго, то, забраўшы нейкага Сімана Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Іісусам.
27 І ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыдалі і галасілі па Ім.
28 Абярнуўшыся да іх, Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! не плачце па Мне, а плачце па сабе і дзецях вашых;
29 бо вось надыходзяць дні, у якія скажуць: “блажэнныя няплодныя, і ўлонні, якія не раджалі, і грудзі, якія не кармілі”;
30 тады пачнуць гаварыць гарам: “упадзіце на нас”, і ўзгоркам: “пакрыйце нас”;
31 бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, то з сухім што будзе?
32 Вялі ж з Ім яшчэ і двух злачынцаў, каб пакараць смерцю.
33 І калі прыйшлі на месца, званае Лобным, там распялі Яго і злачынцаў, аднаго справа, а другога злева.
34 Іісус жа казаў: Ойча! даруй ім, бо яны не ведаюць, што робяць. І, дзелячы адзежу Яго, кідалі жэрабя.
35 І стаялі людзі і глядзелі. Насміхаліся з імі разам і начальнікі, кажучы: іншых збаўляў, няхай збавіць Самога Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы абраннік.
36 Глуміліся з Яго і воіны, падыходзячы і падносячы Яму воцат,
37 і кажучы: калі Ты Цар Іудзейскі, збаў Самога Сябе.
38 Быў жа і надпіс напісаны над Ім літарамі грэчаскімі і рымскімі і яўрэйскімі: Гэта Цар Іудзейскі.
39 І адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, збаў Сябе і нас.
40 Другі ж у адказ, сунімаючы яго, казаў: хіба ты не баішся Бога, бо сам на тое ж асуджаны?
41 але мы — справядліва, бо належнае за ўчынкі нашы атрымліваем, а Ён нічога дрэннага не зрабіў.
42 І сказаў Іісусу: памяні мяне, Госпадзі, калі прыйдзеш у Царства Тваё.
43 І сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у раі.
44 Было ж каля шостай гадзіны, і цемра была па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай;
45 і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася напалам.
46 І, ускрыкнуўшы моцным голасам, Іісус сказаў: Ойча! у рукі Твае аддаю дух Мой! І, сказаўшы гэта, спусціў дух.
47 Сотнік жа, убачыўшы, што адбылося, праславіў Бога, кажучы: сапраўды, Чалавек Гэты быў праведны.
48 І ўсе людзі, якія сабраліся на гэтае відовішча, убачыўшы, што адбылося, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
49 Усе ж знаёмыя Яго і жанчыны, якія прыйшлі следам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта.
50 І вось муж па імені Іосіф, саветнік, чалавек добры і праведны,
51 які не далучыўся да рашэння і справы іх, з Арымафеі, горада Іудзейскага, і ён таксама чакаў Царства Божага;
52 прыйшоўшы да Пілата, ён прасіў цела Іісусава;
53 і, зняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і паклаў Яго ў магілу, высечаную у скале, дзе яшчэ ніхто не ляжаў.
54 А дзень той быў пятніца, і наставала субота.
55 І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, бачылі магілу і як было пакладзена цела Яго;
56 вярнуўшыся, яны падрыхтавалі духмянасці і міра; у суботу ж адпачывалі, паводле запаведзі.