Вместо предисловия. Справка о фамилии Мартос.


Замест прадмовы Даведка пра прозьвішча Мартас

У "Энциклопедическом Словаре" Бракгаўза і Эфрона, а таксама ў "Большой Энцйклопедии" Южакова, выдадзеных на пачатку нашага стагодзьдзя ў Санкт-Пецярбургу, знаходзім наступныя зьвесткі: "Мартас - галоўны горад у гішпанскай правінцыі Хаэн, старажытнае места, забранае ад маўраўу 1225 годзе Фердынандам III і перададзенае Ордэну Калатравы. У той жа правінцыі ўзвышаецца гара, якую таксама называюць "Мартас". Ад назвы гэтага гішпанскага горада атрымалі сваё прозьвішча маркізы дэ Мартас у Гішпаніі. Адтуль паходзіць вядомы дзяржаўны дзеяч з прозьвішчам Мартас дон Крыстына (1830 - 1893). Іншыя прозьвішчы Мартасаў з Гішпаніі ў энцыкляпэдыі ня трапілі. Іх, па ўсім відаць, было гэтулькі, колькі ў Расеі Івановых ці Пятровых.

У Расейскай імпэрыі прозьвішча Мартас зьявілася ад гішпанскага эмігранта, які першапачаткова атабарыўся на поўдні - на Ўкраіне. А ўжо адтуль яго нашчадкі разьнесьлі прозьвішча па розных расейскіх гарадох. Так, напрыклад, Аляксей Іванавіч Мартас (1790 -1840) - пісьменьнік і гісторык, які напісаў працу "Йсторйя Малороссйй" ў 3-х тамах і лісты пра Ўсходнюю Сыбір, а таксама шэраг іншых кніг; Іван Пятровіч Мартас (1750 - 1835) - вядомы скульптар, рэктар Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Найболып значныя яго працы - помнік Мініну і Пажарскаму ў Маскве, помнікі Аляксандру I у Таганрогу, Рышэлье ў Адэсе, Пацёмкіну ў Херсоне, Ламаносаву ў Халмагорах, агромністая бронзавая статуя сьв. Яна Хрысьціцеля ў портыку Казанскага сабора ў Санкт-Пецярбургу ды іншыя. Іван Раманавіч Мартас (1760 - 1831) вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. Містык і масон Мартас, камянец-падольскі памешчык, які ў 1860-х гадох выдаў зборнік вершаў "Кабзар" украінскага народнага паэта Тараса Шаўчэнкі. Генэрал Мартас (1914 - 1918) - удзельнік Першай сусьветнай вайны, паходзіў з Палтавы. Мартас - міністар Украінскай Рэспублікіў 1918- 1919 гадох. Памёр на эміграцыі.

Як відаць з гэтага пераліку-агляду, прозьвішча Мартас было пашырана пераважна на Ўкраіне. Украінскія нацыяналісты лічаць яго сваім, украінскім.

У Заходняй Беларусі прозьвішча Мартас задамавілася толькі ў адной мясцовасьці - у маёнтку барона Гартынга ў вёсцы Круты Бераг. дзе служыў мой дзед Дамінік Францавіч. Яго адзіны сын, Вікенцій Дзям'янавіч Мартас (1868 - 1922), быў маім родным бацькам.

Падчас знаходжаньня ў Буэнас-Айрэсе (Аргентына) я знайшоў у тэлефоннай кніжцы гэтага гораду 46 асобаў з прозьвішчам Мартас. Усе яны гішпанскага паходжаньня. Гэта прозьвішча сустрэлася мне ў тэлефоннай кніжцы ў Нью Ёрку, а таксама ў Сіднэі (Аўстралія).

Напрыканцы магу сказаць, што мае далёкія продкі былі гішпанцамі, але ў Расейскай імпэрыі яны цягам часу забыліся на сваё паходжаньне і карані. Мой дзед наўрад ці гаварыў па-гішпанску. Ва ўсялякім выпадку, бацька пра гэта ніколі не згадваў. Не было ў нашым доме і гішпанскіх традыцый. У маладосьці я ня ведаў і нават не падазраваў, што маё прозьвішча замежнае - гішпанскага паходжаньня.