Правы чалавека і правы хрысціян

Рэцэнзія на “Маніторынг парушэння правоў хрысціянаў у Беларусі ў 2006 г.” Хрысціянскі праваабарончы дом, 2007.

 

Калі гаворка заходзіць пра хрысціянства і правы чалавека, то мне адразу ўспамінаецца некалькі рэчаў. Па-першае, я думаю пра тое, што канцэпцыя правоў чалавека і чалавечай годнасці вынікае з хрысціянскага стаўлення да чалавечай асобы. Часта, параўноўваючы розныя цывілізацыі, філосафы, палітолагі, сацыёлагі адзначаюць, что менавіта пратэстанцкая версія хрысціянства, пратэстанцкі індывідуалізм стаіць у падмурку разумення чалавечых правоў і свабодаў, у той час, як каталіцтва, і ў большай ступені праваслаўе, аддаюць перавага агульнаму над прыватным, калектыўнаму (абшчыннаму) над ідывідуальным, персанальным. Дый гістарычны досвед паказвае, што менавіта ў пратэстанцкіх краінах фармуецца дэмакратычны лад кіравання, а таксама паўстае праблема правоў чалавека і грамадзяніна і іх абарона. Гэты гістарычны досвед, у сваю чаргу, прымушае часта праваслаўных дыстанцыявацца ад канцэпцыі і дэмакратыі, і правоў чалавека, як таго, што прыводзіць да разняволення граху і маральнага заняпаду.

Па-другое, я згадваю пра той дыялог, які зараз ідзе сярод праваслаўных датычна правоў чалавека. Найбольш яскравымі прадстаўнікамі розных пазіцый наконт гэтага пытання з’яўляюцца ігумен Веніямін (Новік) – апалагет правоў чалавека і дэмакратыі, і мітрапаліт Кірыл (Гундзяеў) – з крытычным падыходам да абодвух канцэптаў. Першы хрысціянскі інтэлектуал-дэсідэнт прысвяціў мноства тэкстаў праблеме ўзаемадачынення хрысціянскай веры і правоў чалавека, сцвярджаючы, што для сучаснага хрысціянскага чацыяльнага вучэння правы чалавека з’ўляюцца важным падмуркам. Другі – адзін з найбольш уплывовых іерархаў, адзін з аўтара сацыяльнай кацэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, у якасці аднаго са складнікаў сацыяльнага вучэння РПЦ прапануе крытыку правоў чалавека, зыходзячы з таго, што часта правы чалавека становяцца прычынай маральнага разняволення, свабоды граху, выклікаюць маральны заняпад. Такі падыход вымагае патэрналісцкая дзяржавы, якая б абмяжоўвала правы чалавека на карысць грамадскага дабра і дабра самога чалавека, у той час як першы падыход бачыць неабходнасць у першую чаргу стрымліваць уціск дзяржавы на асобу.

Па-трэцяе, мне прыгадваюцца дзесяткі выпадкаў з жыцця беларускага грамадства, у якія не могуць паверыць замежнікі, настолькі неверагодна з гледзішча здаровага сэнсу яны выглядаюць: згадаць хаця б той жа выпадак з будынкам царквы “Новае жыццё”, калі перапрафіляваць кароўнік ў малітоўны будынак дзяржава адмаўляецца, забараняючы вернікам маліцца ў сваім будынку, бо паводле тэзнічнай дакументацыі будынак з’яўляецца кароўнікам, а не малітоўным домам, але і кароў разводзіць ім таксама не дазваляецца, бо будынак знаходзіцца ў межах г.Мінску, альбо гісторыі з адміністратыўнай адказнасцю у дачыненні да людзей, якія збіраюцца ў жылым памяшканні для малітвы і чытання Пісання.

Дадзены маніторынг выдадзены Хрысціянскім праваабарончым домам паставіў для мяне шэраг новых пытанняў.

Напачатку, трэба адзначыць, што насцярожыла сама фармулёўка “правы хрысціянаў”. Ці сцвяржаецца гэтым самым, што ў хрысціян ёсць нейкія асаблівыя правы (неабавязкова ў рэлігійнай сферы), адрозныя ад “правоў проста чалавека” ці правоў тых, хто належыць да іншых рэлігйных груп? Ці маецца наўвазе, што рэлігійныя правы хрысціян з’яўляюцца большым прыярытэтам, чым рэлігійныя правы іншых грамадзянаў? Дзе крыніца такіх “правоў хрысціян”? Ці гэта проста няўдалая фармулёўка, за якой стаіць пытанне абароны правоў чалавека ў галіне свабоды веравызнання, якая абмяжоўвецца выключна хрысціянамі? На мой погляд, гаворачы пра правы хрысціян мы пазбаўляем сябе магчымасці казаць пра правы чалавека наогул, а таксама пра іх парушэнне. Права – гэта пытанне ўзаемаадносінаў, і калі мы кажам пра правы хрысціянаў, то мы атрымліваем не грамадзянскую рамку свабоды веравызнання ўва ўзаемадачыненні паміж грамадзянінам пэўнага веравызнання і дзяржавай, але рамка міжхрысціянскіх ўзаемадачынення. Праілюструем на прыкладах – у такім кантэксце пытанне фармулюецца наступным чынам: ці мае права хрысціянін брацца другім (трэцім шлюбам)? Ці мае права хрысціянін удзельнічаць у язычніцкіх рытуалах? Ці мае права хрысціянін вывучаць Каран? Ці мае права хрысціянін спавядаць ерась? Ці мае права хрысціянска станавіцца святаром? Яскарава бачнытакі памылковы падыход, напрыклад, у змяшчэнні ў маніторынгу інфармацыі пра забарону епархіяльнай радай публіцыстычнай дзейнасці святару Аляксандру Шрамку. З аднога боку, здаецца, што такая забарона мае непасрэднае дачыненне да свабоды сумлення і свабоды слова, але, калі прыгледзецца больш уважліва, становіцца відавочна – падобная забарона можа быць несправядлівай, неабгрунтаванай, абсурднай, аднак ніякім чынам яна не звязаная з непасрэдным парушэннем правоў чалавека – бо існуе ў межах адрозных ад грамадзянскіх узаемадачыненняў. У рэшце рэшт, хутка можна будзе адсутнасць жаночага святарства называць парушэннем правоў жанчынаў, а адсутнасць вянчальнага чыну для аданполых параў – парушэннем правоў гомасэксуалістаў.

Такім чынам, можна адзначыць дзве асноўныя дылемы, які паўстаюць перад хрысціянамі ў сувязі з правамі чалавека. У першую чаргу, гэты дылема свабоды і граху, дылема, якая вымагае рэфлексіі над тым, што ўсё ж з’яўляцца большым злом – абмежаванне чалавечай свабоды, умяшальніцтва ў асабістае жыццё чалавека, альбо тое, што чалавек карыстаецца свабодай і выбірае грэх. У другую чаргу, гэта стаўленне хрысціянаў да сваіх уласных правоў як грамадзянаў – правоў у галіне свабоды сумлення: ці з'яўляюцца іх правы "святымі", таму што тычацца хрысціянскай царквы і пашырэння слова Божага, альбо ці з'яўляецца права на свабоду веравызнання - у тым ліку на свабоду вызнаваць адрозныя ад хрысціянства рэлігіі - не менш святым і неад'емным.

Наталля Васілевіч

Рубрыка: