Пасхальнае пасланне

Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

 

«Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?..
Але падзяка Богу, Які даў нам перамогу
Госпадам нашым Іісусам Хрыстом!»(1 Кар. 15: 55–57)
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі
і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

У светлыя Пасхальныя дні мы з асаблівай радасцю называем Госпада нашага Іісуса Хрыста Пераможцам над смерцю. Яго Уваскрасенне стала перамогай над уладай цемры і граху. Яго паўстанне з мёртвых напоўніла глыбокім сэнсам звыклыя словы пра вясновае абнаўленне свету і пра Сонца праўды, што сагравае род чалавечы.

Кожны год, назіраючы паміранне прыроды і яе адраджэнне, мы бачым, як невынішчальна праяўляецца ў неадушаўлёным свеце прага да жыцця. Дык ці можа сэрца чалавека, які мáе душý жывую, змірыцца з вечным небыццём там, за мяжой зямнога жыцця?

Не! І мы цвёрда ведаем аб прызначай чалавеку бессмяротнасці, бо

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

Але Вечнае Жыццё не даецца чалавеку проста так, — толькі за тое, што ён мае гонар быць вобразам і падабенствам Бога, Які яго стварыў. Падобна да таго, як Хрыстос Спасіцель атрымаў Сваю перамогу, прайшоўшы шлях служэння і заплаціўшы кошт Галгофскіх пакут, так і для нас Вечнае Жыццё — гэта вынік працы і плод духоўнага подзвігу.

Удумаемся ў словы Маскоўскага свяціцеля Філарэта (Драздова), якія ён звяртаў да сваёй паствы ў сярэдзіне XIX стагоддзя: «Хрысціянін! Ты воін і заўсёды стаіш ў страí; а воін, які баіцца смерці, ніколі не зробіць нічога доблеснага».

Узлюбленыя браты і сёстры! Для ўсіх нас Пасхальны перыяд павінен быць часам аднаўлення тых абяцанняў, якія мы прынеслі Тварцу, прыняўшы Святое Хрышчэнне. Гэта не проста абяцанне вернасці, а ўменне думаць і адчуваць па-хрысціянску, гэта дзейснае імкненне жыць паводле запаведзяў, гэта навык штодзённага пераадолення сваіх слабасцяў і недахопаў.

А для таго, каб адкінуць баязлівасць, уступіць у духоўную барацьбу і перамагчы нясмеласць перад абліччам віруючых страсцéй веку гэтага, нам належыць няспынна выконваць наказ святога апостала Паўла: «…прыміце зброю Божую… станьце, падперазáўшыся ісцінай і апрануўшыся ў браню праведнасці, і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабравéсціць мір; а звыш усяго вазьміце шчыт веры… і шлем спасення… і меч духоўны, які ёсць Слова Божае» (Эф. 6: 13: 17).

Сёлетні год 60-га юбілею Вялікай Перамогі дае нам асаблівую нагоду да роздумаў пра перамогу жыцця над смерцю. Прыгадаем, што перад пачаткам доўгага ланцуга войн, якім скавана было ХХ стагоддзе, філосафы абвясцíлі пра «смерць Бога», народы Еўропы ўсё больш рашуча адварочваліся ад Тварца, а іх урады ўсё больш уцягваліся ў палітычныя інтрыгі. Усе імкнуліся пабудаваць «новы свет», у якім Госпаду не знаходзілася месца.

Але калі гэты свет раскалоўся пад націскам нацысцкай буры, калі чалавечая цывілізацыя затрымцела перад абліччам смяротнай пагрозы фашызму, які сама ж яна і парадзіла, — тады сэрцы людзей пачалі зноў звяртацца да Бога як адзінай Крыніцы Жыцця.

Сёння ўжо для ўсіх відавочная ісціна пра тое, што вынік вайны аказаўся ў цеснай залежнасці ад выканання запаведзі Спасіцеля: «Большай любові ні ў кога няма, як тая, калі хто душý сваю паложыць за сяброў сваіх» (Ін. 15: 13). Сёння мы згадваем пра гэта асабліва выразна, бо надыходзячае шасцідзесятае святкаванне Перамогі нашага народа над фашызмам адбываецца напярэдадні Радаўніцы — пасхальнага памінання спачылых. У самы ж дзень 9 мая мы ўзносім нашы ўдзячныя малітвы за воінаў, якія за веру, Айчыну і народ жыццё сваё аддалі, і за ўсіх па-пакутніцку загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў.

Спадзяюся і веру, што вечную памяць пра іх будуць захоўваць сэрцы цяперашніх маладых пакаленняў. Бо ўдзельнікаў і відавочцаў тых вогненных выпрабаванняў застаецца сярод нас усё менш, а асабісты вопыт ваенных гадоў адыходзіць усё далей углыб гісторыі. Таму такі дарагі для ўсіх нас паімённы успамін пра тых, хто пераадолеў смерць і адстаяў жыццё. Вечная памяць тым, што адышлі, і ўдзячнасць жывым!

І яшчэ адным роздумам хачу падзяліцца з Вамі, дарагія маé! У дні святкавання Пасхі Хрыстовай, у дні памінання спачылых мы з асаблівай яснасцю ўсведамляем, што, паводле слова Евангелля, «Бог… не ёсць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя» (Лк. 20: 38). І таму сёння часткай нашай удзячнай памяці павінны стаць таксама і ўдзельнікі баёў і бітваў Першай сусветнай вайны, якая апаліла Беларускія землі ў пачатку мінулага стагоддзя.

Нямногія ў нашыя дні ведаюць, што вайна, якая пачалася ў 1914 годзе, была ўспрынята жыхарамі вялікай праваслаўнай дзяржавы як Другая Айчынная. Гэта было выпрабаванне моцы бацькоўскай веры і вернасці хрысціянскага братэрства славянскіх народаў. Вайна была цяжкая і кровапралітная, але ні пядзі роднай зямлі, ні малой крыхí дзяржаўнай годнасці не страціла краіна, дзякуючы гераізму хрысталюбівага воінства і міласэрнай самаахвярнасці тылу. Перамога была ўжо зусім блізкай, калі ўнутраная антыхрысціянская смута захліснула краіну…

Сёння адначасова з аднаўленнем хрысціянскіх традыцый, намаганнямі простых людзей аднаўляюцца і месцы пахавання воінаў Першай сусветнай вайны, ствараюцца сціплыя музеі іх доблесці і светлай памяці. Бо яны — нашы бацькі, якія змагаліся за нашу Радзіму. Веру, што сёння мы разам з імі спяваем Пасху радасці і яднання, у якой пераадольваецца разнадумнасць і супрацьстаянне, раздзяленне і недавер веку гэтага.

«Уваскрасенне Хрыстова ўбачыўшы, паклонімся святому Госпаду Іісусу», — заклікае нас у гэтыя дні Праваслаўная Царква. І калі сэрцы і розумы нашы адклікаюцца на гэты заклік, і мы, паводле дадзенай Спасіцелем запаведзі, пакланяемся Богу «у духу і ісціне» (Ін. 4: 23), — то гэта яднае нас з сонмам сведкаў праўды. А значыць, мы ўжо не рабы страсцей і забабонаў, а сыны свабоды ў Хрысце Уваскрэслым, бо Ён сказаў Сваім паслядоўнікам: «Калі застаняцéся ў слове Маім, то вы сапраўды вучні Мае, і спазнáеце ісціну, і ісціна вызваліць вас» (Ін. 8: 31–32).

І таму нам належыць больш за ўсякі скарб шукаць, захоўваць і памнажаць тое, чаго пажадáў Уваскрэслы Гасподзь наш Іісус Хрыстос апосталам і чым яны даражылі ва ўсе дні жыцця свайго: «Мір вам» (Лк. 24: 36; Ін. 20: 19, 21, 26).

Менавіта міру прагне кожная душа, не пакалечаная грахом. Пра гэты спасіцельны сардэчны Пасхальны мір гаварыў прападобны Серафім Сароўскі, калі разважаў пра спасенне людзей. Дасягненню гэтага благаславёнага стану жыцця прысвечаны надыходзячыя міжнародныя ўрачыстасці ў гонар Вялікай Перамогі ў апошняй Сусветнай вайне. Для хрысціян гэтая перамога стала перамогаю Евангельскай любові над смерцю сумлення і над зацьменнем розуму, якія выклікалі столькі гора і трагедый у ХХ стагоддзі!

Зноў вітаю з Пасхай Гасподняй вас, узлюбленыя сабраты-архіпастыры, айцы, браты і сёстры, і накіроўваю пасхальнае вітанне тым, хто носіць Імя Хрыстова і вызнаé Яго Трохдзённае Уваскрасенне.

Усярадаснае прывітанне няхай дойдзе да ўсіх суайчыннікаў нашых, якія на роднай зямлі і ў рассеянні жывуць!

У дамах і сем’ях, у сэрцах і розумах нашых няхай не змаўкае жыццесцвярджальны гімн Святой Царквы Хрыстовай:

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!
Філарэт,
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова,
2005 г.,
Мінск
Рубрыка: