Усебеларускі Праваслаўны царкоўны

 

Неадзначаныя дасюль нашай абложанай непрыяцелямі Царквою й незаўважаныя, ды няўспомненыя нашымі нядужа прыяльнымі роднай Праваслаўнай Царкве весьцьнікамі інфармацыі, а таксама нацыянальным актывам, у канцы жнівеня летась мінулі 60-я ўгодкі скліканага ў канцы жнівеня 1942-га году ў Менску Ўсебеларускага Праваслаўнага Царкоўнага Сабору - падзеі, значаньне пастановаў якое ў духовым адраджэньні нашага народу й ягоным змаганьні за незалежнасьць блізкая да вагі ў ім пастановаў Усебеларускага Кангрэсу 1917-га году, ды абвешчаньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі Актам 25-га Сакавіка 1918-га.

Як бо Кангрэс 1917-га году й Акт 25-га Сакавіка 1918-га ператварылі падданых царскае імпэрыі нашага краю ў дзяржаўны, наважаны на змаганьне за ягоную незалежнасьць народ, гэтак і Ўсебеларускі Праваслаўны Сабор 1942-га стаў зманваным маскоўскай і польскай цэрквамі беларускім праваслаўным вернікам крыніцай усьведамленьня роўнага зь іншымі народамі права на родную нацыянальную Праваслаўную Царкву, ды натхніў іх на далейшае змаганьне за ўжыцьцяўленьне гэтага права.

Мэта гэтага змаганьня, як і імкненьня да дзяржаўнае незалежнасьці, нажаль, дасюль не асягнутая, але бязь ейнага ўстанаўленьня на Саборы ў 1942-м годзе, яшчэ на Бацькаўшчыне, ня было-б Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы за межамі й працягу змаганьня за Ейнае ўзнаўленьне на Беларусі.

Таму гэты Сабор і павінны ушаноўваць нятолькі, як Радыё Свабода зь іроніяй называе цяперашнія беларускія “аўтакефалісты”, але й усё нашае патрыятычнае грамадзтва павінна стаць гэткімі-ж аўтакефалістамі, памятаючы, што бяз вызваленьня ад маскоўскае царкоўнае ўлады праваслаўнага насельніцтва Беларусі, якое ў ёй, усуперак нязычліўцкіх жаданьняў, усё яшчэ застаецца ў большасьці, ня будзе запраўды незалежнае беларускае дзяржавы.

Адзіны-ж шлях да гэтага духовага вызваленьня праз узнаўленьне на Бацькаўшчыне Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, пачаткам якое й быў Усебеларускі Праваслаўны Царкоўны Сабор 1942-га году.

Згадваючы стан нашага краю й Праваслаўнае Царквы ў ім у той час, сам факт скліканьня Сабору нельга назваць інакш, як чудам.

Перш за ўсё, толькі год назад тады праз наш край пракацілася й далей на ягоных усходніх межах грымела страшэнная вайна, а ўлада над ім зьмянілася адно з аднае таталітарнае на іншую.

Праўда, новыя акупанты, як-быццам, прыхільна ставіліся да ўзнаўленьня амаль зьніштаванае бальшавікамі Праваслаўнае Царквы, але рабілі гэта з мэтай усьпленьня чуўнасьці насельніцтва да іхных жортскасьцяў й таму трымалі над гэтай, як і над іншымі дзялянкамі краёвага жыцьця моцны кантроль.

Не зважаючы, усё-ж, на вайновыя цяжкасьці й акупацыйныя абмежаваньні праваслаўныя вернікі, асабліва ўва Ўсходняй частцы Беларусі, зь вялікім уздымам паймкнуліся ўзнаўляць царкоўнае жыцьцё, хоць зь нястачы сьвятароў цяжка было гэта шырэй разгарнуць.

Нямецкі кантроль над краям неўзабаве, аднак, пачаў высьлізгвацца зь іхных рук, бо ўжо вясною 1942-га году перазімавалыя ў лясох рэшткі савецкага апарату, падмацаваныя ўцёклымі ад бязглуздых нямецкіх растрэлаў савецкімі палоннымі, што былі разьмешчаныя па гаспадарках у нашых сёлах, зарганізаваліся ў вялікія банды й пачалі зь немалымі ўдачамі нападаць на адміністрацыйныя асяродкі ды тэрарызаваць насельніцтва.

Разам з гэтым у каталіцкіх ваколіцах стварылася польская партызанка, што, больш як змаганьнем супраць немцаў займалася забіваньнем беларускага адраджэнскага актыву.

Тымчасам на ўсходнім фроньце нядужа пасьпяхова для немцаў ішлі вялікія бітвы, на якія яны, у тым ліку й зь Беларусі, сьцягвалі вялікія сілы й гэтым ачысьцілі поле на партызанцкую дзейнасьць.

Гэткім чынам, ужо ўлетку 1942-га году, вонках местаў і мястэчкаў наш край апынуўся пад крывавай уладай савецкіх і польскіх тэрарыстаў.

Няздольныя справіцца самыя, немцы, на дамаганьне беларускага актыву бараніць ад партызанцкага тэрарызму насельніцтва, улетку таго-ж году далі згоду на стварэньне Беларускае Самааховы.

Гэная згода, аднак, была няшчырая й падманная, бо пакліканым жаўнерам Самаховы яны не далі ні харчаваньня, ні вайсковае вопраткі, ані зброі й, пасьля пачатнага ўздыму, справа скончылася рашчараваньнем ды стратай спадзеву на нямецкі палітычны розум ды іхную перамогу ў вайне.

Ня гледзячы на гэта беларускі адраджэнскі актыў, сьведамы значаньня ў нацыянальным жыцьці Праваслаўнае Царквы, што абыймала абсалютную большасьць насельніцтва Беларусі, імкнуўся да ўзнаўленьня гэтае, амаль высечанае ўва ўсходняй і паслабленае ў заходняй частцы краю духовае скарбніцы ды ейнага накіраваньня на нацыянальныя рэйкі праз абвешчаньне краёвае аўтакефаліі.

Ужыцьцяўленьне гэтага намеру было няпростае й нялёгкае, бо сустракала перашкоды нятолькі зь нямецкага боку, але й, што яшчэ горш, супраціў расейскае, ці прарасейскае герархіі й часткі духавенства, ды асьцярогу сярод нацыянальна маласьведамага й запалоханага насельніцтва.

У падпалых-жа пад партызанцкі тэрор ваколіцах праз гэтую справу не даводзілася й гаварыць.

Немцаў, праўда далося ўгаварыць і пераканаць у карысьці скасаваньня некананічнага ўлучэньня Беларускае Праваслаўнае Царквы ў маскоўскую, але, каб пераадолець супраціў чужое родам, або варожае духам “cвае” герархіі й часткі духавенства спатрэбілася моцнае змаганьне.

Гэтта, якраз, і выявілася выкліканая “сацыялістычнай”, або, дакладней кажучы, няверчай хваробай нашага адраджэнскага руху ягоная нямогласьць, бо, калі пасьля першае сусьветнае вайны й павароту зь бежанства ў Заходняй Беларусі спатрэбіўся вялікі лік новых сьвятароў, на гэтую патрэбу масава адгукнуліся расейскія манархісты, ці “белагвардзейцы” ды зрусыфікаваныя пятлюраўцы, а беларускія актывісты й дзеячы гэтую нагоду згрэбавалі.

У выніку сярод праваслаўнага сьвятарства ў Заходняй Беларусі знайшліся нацыянальна сьведамыя толькі адзінкі, япіскапаў наагул ня было, а ўва Ўсходняй уся герархія й духавенства былі цалком выгубленыя.

Таму й вялікай часткай чуда частковае беларусізацыі й подштурху да аўтакефаліі Праваслаўнае Царквы ў Беларусі падчас нямецкае акупацыі быў дзейны ўдзел у гэтым руху нацыянальна актыўнае й пераважна заходня-беларускае інтэлігенцыі.

Гэты нацыянальны актыў, зарганізаваны, галоўным чынам, у Беларускай Самапомачы ды зайняўшы з большага паднямецкія адміністрацыйныя становішчы, або прызначаны на “мужоў даверу”, і рабіў дамаганьні перад немцамі, ды націск на праваслаўную герархію, каб абвесьціць аўтакефалію.

Як і трэба было чакаць, адседзелы за палякамі ў манастыры за няпрызнаньне польскае аўтакефаліі мітрапаліт Панцялейман (Ражноўскі) усялякімі спосабамі ад гэткага кроку адмаўляўся.

Пасьля працяглых і дарэмных зь ім перамоваў беларускага актыву, ды бязвыніковых нямецкіх патрабаваньняў, немцы ўрэшце 1-га чырвеня 1942-га году загадалі мітрапаліту Панцялейману пайсьці “на адпачынак” у манастыр у Лядах, а царкоўнае кіраўніцтва перайняць архіяпіскапу Філафею (Нарко).

Нажаль і гэты герарх, хоць з паходжаньня беларус, а на словах і гарачы патрыёт, працягваў супраціўляцца запраўднай беларусізацыі Царквы ды абвешчаньню ейнае аўтакефаліі.

Узноў-жа пачаліся таргі зь беларускім актывам і перамовы зь нямецкай адміністрацыяй, у якіх мэтай архіяпіскапа Філафея ды аднолькава зь ім настроеных япіскапаў Апанаса й Сьцяпана было замаруджаньне справы йз спадзевам на ейнае забыцьцё.

Нямецкая цярплівасьць, аднак, скончылася й у палове ліпеня 1942-га году Генеральны камісарыят загадаў беларускаму япіскапату неадкладна пачаць падрыхтоўку да скліканьня Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору ды склікаць яго якнайхутчэй.

Пасьля гэтага архіяпіскапу Філафею не засталося нічога іншага, як прызначыць камісыю дзеля падрыхтоўкі сабору, хоць і тут не абыйшлося бяз спробы зь ягонага боку стварыць гэтую камісыю з прарасейска настроеных і супраць аўтакефаліі настаўленых людзей.

1-га жнівеня 1942-га году было ўрэшце атрымананае ад мітрапаліта Панцялеймана пісьмовае даручэньне архіяпіскапу Філафею склікаць сабор дзеля “афармленьня створанае мітрапалітам аўтакефаліі”.

На аснове гэтага архіяпіскап Філафей вызначыў дату сабору на 28-га жнівеня й разаслаў інструкцыі ў справе выбару дэлегатаў на гэты зьезд.

Гэтта ўзноў, з прычыны нерэальных у постсавецціх умовах, а ськіраваных супраць беларускага актыву кваліфікацыйных вымогаў, дайшло да канфлікту, які адно зь нямецкай дапамогай удалося разьвязаць.

Урэшце, аднак, усё з большага ўляглося й 30-га жнівеня, пасьля малебену ў менскай Сьвята-Прэабражэнскай саборнай царкве, Усебеларускі Праваслаўны Сабор пад старшынствам архіяпіскапа Філафея пачаў ягоную працу.

Бралі ў ім удзел з правам голасу 3 япіскапы, 65 сьвятароў і 65 прадстаўнікоў ад вернікаў.

Сабор сьпярша праслухаў выясьняльныя да справы аўтакефаліі наагул і ў асобнасьці на Беларусі зьвесты сяброў перадсаборнае камісыі ды, прадыскутаваўшы прапанову неадкладнага абвешчаньня аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы 128-ма галасамі супраць 3-х устрыманых гэтую прапанову ўхваліў.

Сьледам за гэтым Сабор разгледзеў і прыйняў статут Сьвятое Праваслаўнае Беларускае Аўтакефальнае Царквы, як яна тады была названая, ды зацьвердзіў тэксты лістоў да Канстантынопальскага патрыярха й галоваў усіх аўтакефальных праваслаўных цэркваў з просьбай прызнаць аўтакефалію нашае Царквы й прыйняць яе, як сястру, у малітоўную супольнасьць.

На заканчэньне Сабор прыйняў пастанову, якой забавязваў япіскапаў ПБАЦ давесьці справу аўтакефаліі да завяршэньня й спыніў ягоную працу 2-га верасьня 1942-га году.

Япіскапы, выпраўдваючыся неабходнасьцяй подпісу мітрапаліта пад лістамі ў справе прызнаньня аўтакефаліі, нажаль, ніколі іх куды трэба было ня выслалі, ды й наагул далей мала-што рабілі ў справе беларусізацыі царквы.

Пасьля-ж эвакуацыі ў 1944-м годзе ў Нямеччыну й ейнае капітуляцыі яны ў 1946-м годзе адракліся ад аўтакефаліі ды ўвайшлі ў Расейскую Зарубежную Царкву, куды іхныя сэрцы ўвесь час іх цягнулі.

Ад гэтага, аднак, менскі Сабор 1942-га году ня страціў ягонага выдатнага значаньня для будучыні нашае Царквы на Бацькаўшчыне, а, побач з Наваградзкім 1416-га, Вільнянскім 1509-га, анты-вуніяцкім берасьцейскім 1596-га ды абвесьціўшым у 1791-м годзе ў Пінску аўтакефалію Праваслаўнае Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім ягонымі папярэднікамі, стаў вызначальным знаком на дарозе нямінуча пераможнага змаганьня за асягненьне абвешчанае ім царкоўнае аўтакефаліі на роднай зямлі.

Ягонага значаньня не зьмяншае й ня пляміць тое, што ягоныя пастановы былі прыйнятыя пад нямецкай акупацыяй, бо кожны недзяржаўны народ, змагаючыся за ягонае вызваленьне, выкарыстоўвае ўсе спрыяльныя ягоным мэтам магчымасьці й нагоды.

Ухваленую гэтым саборам ідэю беларускае аўтакефаліі захоўвае на чужыне Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква й яна абернецца яшчэ ў запраўднасьць на Бацькаўшчыне.

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква - БАПЦ - Афіцыйны сайт

Барыс Данілюк

Рубрыка: