Беларускае каталіцтва: ці спраўдзяцца спадзяванні?

 

У першы дзень вясны беларускія студэнты-каталікі ўпершыню прынялі ўдзел у тэлемосце, які злучыў Мінск з Ватыканам, братоў па веры з розных краінаў - з папам Бенедыктам XVI. Гэтая падзея, без сумневу, гістарычнага значэння знамянуе сабою новы этап у развіцці каталіцтва ў Беларусі.Ад расіян прыходзіцца чуць самыя процілеглыя, аднак жа, роўна далёкія ад сапраўднасці меркаванні аб ролі і месцы каталіцтва ў сучаснай Беларусі. Той-сёй цвердзіць, што ў Мінску проста на вуліцы даецца ў знакі суцэльнае панаванне каталіцызму, а хтосьці, адваротна, перакананы, што Беларусь – гэта нешта накшталт зменшанай копіі Расіі, і, калі, прыкладам, Украіну можна лічыць краінай праваслаўна-каталіцкай, то ўжо ж Беларусь, пэўна, краіна пераважна праваслаўная. Рэальнасць, бадай, недзе пасярэдзіне. Па-першае, Беларусь нельга назваць ані краінай праваслаўнай, ані краінай каталіцкай. У духоўным сэнсе тут дарэчы будзе прыкры тэрмін “постсавецкая прастора”, якая, вядома, па сумяшчальніцтве, ёсць і прасторай атэістычнай. Больш за тое, у савецкія гады невялікую кампактную славянскую рэспубліку зазвычай выкарыстоўвалі як поле для ўсялякіх эксперыментаў, каб пасля распаўсюджваць досвед на ўвесь СССР. Сярод такіх эксперыментаў была і рэпетыцыя поўнай перамогі атэізму, наступствы чаго адчуваюцца і па сёння.Асаблівасць Беларусі ў тым, што яна, граючы немалую ролю ў духоўным і культурным станаўленні суседзяў з захаду і ўсходу, адначасна рабілася ў гісторыі аб’ектам дамінавання то тых, то другіх. У Расіі манапольна панавала праваслаўе, а ў Польшчы – каталіцтва, і таму ў Беларусі, дзе здаўна жылі разам людзі рознай веры, трапляла пад дзяржаўны ўціск то адна, то другая канфесія.У выніку ўсіх гэтых гістарычных замяшанняў склалася своеасаблівая атмасфера канфесійнага сужыхарства – даволі супярэчлівы комплекс насцярожанасці, ажно да варожасці, на фоне ўзаемнай цярпімасці і нават спагады.Падобная ж сітуацыя, зрэшты, назіраецца і ва Ўкраіне. Гэта і не дзіва: гістарычныя лёсы абедзвюх краін блізкія і нават шмат у чым адзіныя. Пры гэтым доля каталіцкіх супольнасцяў у абедзвюх краінах прыблізна роўная – каля 15%. І ўсёж-такі адрозненні ёсць, і досыць істотныя. Па-першае, у Беларусі, падзеленай, як і Ўкраіна, на “Заходнюю” і “Усходнюю”, адрозненні паміж гэтымі дзвюма часткамі значна больш знівеляваныя. Натуральна, уплыў каталіцтва у заходняй частцы краіны нашмат істотнейшы, чымся на ўсходзе. Аднак, у цэлым беларускае грамадства досыць аднароднае, што спрыяе паступовай дыфузіі адрозненняў. Напрыклад, досыць моцныя пазіцыі мае цяпер каталіцкая царква ў Віцебскай вобласці. Колькасць каталіцкіх супольнасцяў у гэтай пераважна “усходняй” вобласці нават істотна перавышае аналагічны паказчык у “заходняй” Брэсцкай.Па-другое, ва Ўкраіне каталіцтва прадстаўленае ў асноўным грэка-каталікамі (уніятамі), у Беларусі ж уніяты, што складалі ад заключэння Берасцейскай уніі ў 1596 г ажно да сярэдзіны ХІХ ст бальшыню беларускага насельніцтва, зараз не маюць тут істотнага ўплыву. Колькасць уніяцкіх супольнасцяў па ўсёй Беларусі не перавышае 2-х дзесяткаў. Такая, цалкам процілеглая ў параўнанні з Украінай, прапорцыя ўнутры самога каталіцтва мае вырашальнае значэнне, бо асноўны фронт напружанасці паміж католікамі і праваслаўнымі зазвычай звязаны менавіта з уніяцтвам, традыцыйна ўспрыманым як інструмент акаталічвання правслаўных. У Беларусі, дзе каталіцтва прадстаўленае амаль выключна рыма-каталікамі, такой напружанасці няма, што стварае грунт для цярпімых узаемных стасункаў і перспектыву супрацоўніцтва паміж дзвюма вядучымі канфесіямі.Трэба сказаць, што да канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі нават небыло асобнай каталіцкай епархіі. Сотні ксяндзоў былі рэпрэсаваныя савецкай уладай альбо уцяклі ад пераследу ў суседнюю Польшчу ў часе вайны. Колькі дзесяткаў пазасталых парафіяў дзейнічалі фактычна ў аўтаномным рэжыме, трымаючы кананічную лучнасць з біскупамі ў Прыбалтыцы. Адно ў 1989 годзе была ўтвораная Беларуская каталіцкая епархія. Сёння ў краіне дзейнічае каля пяцісот рыма-каталіцкіх парафіяў, аб’яднаных у чатыры епархіі: Мінска-Магілёўскую, Гродзенскую, Пінскую і Віцебскую. Маецца восем манастыроў, дзевяць рэлігійных місіяў і дзве вышэйшыя каталіцкія духоўныя семінарыі (у Гродне і Пінску).З прычны прыналежнасці аўтара да праваслаўя ўнутраныя працэсы ў каталіцкай царкве застануцца ў асноўным па-за межамі гэтага нарысу. Нашая мэта – даць па магчымасці аб’ектыўны погляд на беларускае каталіцтва з гледзішча знешняга назіральніка.Каталіцтва ў грамадствеЗа савецкім часам уплыў каталіцтва ў краіне меў яшчэ больш лакальны характар, чым уплыў праваслаўя і нават, у пэўным сэнсе, пратэстанцтва. Сфера каталіцкай царквы была абмежаваная і нацыянальнымі, і геаграфічнымі рамкамі. Касцёл меў распаўсюд толькі ў заходняй частцы рэспублікі і звязваўся з польскай нацыянальнай тоеснасцю. Гэта не значыць, што вернікі-каталікі былі выключна палякамі, але сваю беларускую адметнасць яны ўспрымалі як свайго кшталту правінцыйную праяву польскасці. Аналагічная з’ява назіралася і ва ўсходняй частцы краіны, але ўжо ў дачыненні да праваслаўя і расейскасці. Натуральна, русіфікацыя мела несумненныя перавагі над паланізацыяй, бо Савецкі Саюз меў выгляд своеасаблівай рэінкарнацыі Расейскай імперыі. Шмат у чым з-за гэтага праваслаўе утрымлівала парадаксальны няпісаны статус дзяржаўнай рэлігіі ў атэістычнай дзяржаве. Упаўнаважаны па справах рэлігіі часцяком шчыра лічыў сябе чымсці кшталту цывільнага епіскапа і апекуна праваслаўнай царквы. У дачыненні да каталіцтва падобнае не назіралася. Яно відавочна ўспрымалася як рэлігія “чужая”, не кажучы – варожая. Немалую ролю тут іграла і тое, што за спінай каталіцызму стаяў Ватыкан, старонняя і незалежная клерыкальная дзяржава з варожага свету. Канечне, І праваслаўе было ідэалагічна “чужым элементам” савецкага жыцця, але саваць носа ў праваслаўныя справы лічылася куды болей звычным, чым у стасунку да каталіцтва. Гэтая адчужанасць у пэўным сэнсе адыграла пазітыўную ролю, аб’ектыўна спрыяючы дыстансаванасці ад улады, а таму – і пэўнай незалежнасці каталіцкай царквы хаця б у сваіх унутраных справах. Аднак з руйнаваннем савецкай сістэмы і абвяшчэннем незалежнасці беларускай дзяржавы погляды прыхільнікаў дэмакратызацыі грамадства з надзеяй звярнуліся менавіта да каталіцкай царквы. Гэта было апраўдана яшчэ і тым, што наўзвоч стаяў нядаўні досвед суседняй Польшчы, дзе каталіцкая царква адыграла ключавую ролю ў процістаянні камуністычнаму рэжыму. Хаця гэтыя надзеі ў Беларусі ў палітычным сэнсе ані не апраўдаліся, большая частка апазіцыі і па сёння хіліцца да каталіцтва. Аднак жа, гэта не толькі звычка. Рэч у тым, што каталіцкая царква, да пераменаў у краіне цалкам спаланізаваная, адразу ж адным з накірункаў свайго адраджэння абрала курс на беларусізацыю набажэнства і царкоўнага жыцця наагул. Спецыфіка ж Беларусі палягае на тым, што арыентацыя на беларускую мову і беларускую культуру сама па сабе ўжо даволі яўна, хоць і не абавязкова, сведчыць пра непрыняцце існага постсавецкага ладу. Апрача таго, каталіцтва гістарычна і фактычна ёсць альтэрнатывай праваслаўю, і гэта тычыцца не адно рэлігійнай сферы, але і грамадзянскай арыентацыі. Ва ўмовах, калі праваслаўная іерархія пайшла на ўсебаковае збліжэнне з пануючым рэжымам, з боку каталіцтва не патрабавалася аніякай адмысловай чыннасці, каб зрабіцца натуральным прытулкам альтэрнатыўных сілаў грамадства. Такім чынам, каталіцкая царква, не выяўляючы асаблівай палітычнай актыўнасці і нават падкрэсліваючы сваю лаяльнасць да ўлады, толькі за кошт унутраных рэформаў і некалькіх знешніх чыннікаў атрымала шанаванне і павагу пратэстнай часткі сучаснага беларускага грамадства.Стасункі з дзяржаваю Стасункі з уладаю маюць досыць складаны і падвойны характар. Найбольшае напружанне ў гэтых стасунках вынікае з таго факту, што болей як палова каталіцкіх клірыкаў у Беларусі – грамадзяне іншых дзяржаваў. А беларускае заканадаўства вельмі жорстка рэгламентуе парадак атрымання дазволаў на царкоўнае служэнне замежнікам. Нядаўна гэты парадак яшчэ ўзмацніўся. Дазвол для святара-замежніка даецца толькі на адзін год і толькі для служэння ў канкрэтнай парафіі. Любы ўдзел у набажэнстве па-за межамі парафіі без адмысловага асобнага дазволу разглядаецца як грамадзянскае злачынства. Дзяржава, акром таго, пакідае за сабою права адмаўляць у выдачы дазволаў ці іх падаўжэнні без вытлумачэння прычынаў.Цалкам натуральна, што аўтарытарны рэжым, які імкнецца кантраляваць усе сферы жыцця, не можа быць задаволены тым, што палова духоўных адной з вядучых канфесіяў знаходзіцца па-за ягонай юрысдыкцыяй. Справа сягае ўжо ультыматыўных патрабаванняў з боку дзяржавы задавальняць патрэбы ў клірыках коштам асобаў пераважна мясцовага паходжання. Каталіцкая царква, хаця і сама імкнецца да гэтага, справядліва вызнае такія патрабаванні з боку як умяшальніцтва ва ўнутраныя царкоўныя справы. Ва ўсім іншым, за выключэннем гэтага балючага пытання, адносіны з дзяржавай даволі мірныя. У мінулым годзе ў СМІ нават прамільгнула заява аднаго высокага ўрадоўца, што дзяржава мае намер заключыць канкардат з Ватыканам, г.зн., пэўнае пагадненне, якое надало б каталіцкай царкве ў Беларусі адмысловы статус. Беларускае заканадаўства прадугледжвае магчымасць такіх пагадненняў, і з праваслаўнай царквой яно падпісанае яшчэ ў 2003 г. Каталіцкае кіраўніцтва з імпэтам адгукнулася на перспектыву канкардату, але пасюль з боку ўладаў не было зроблена аніякіх наступных крокаў. Цалкам магчыма, што гэта было адно прыватнае пажаданне вышэйзгаданага ўрадоўца.Пажаданне, скажам наўпрост, не пазбаўленае слушнасці. Правячы рэжым, можна меркаваць, багата выйграў бы, кіруючыся ў гэтай сферы прагматычнымі рацыямі, а не састарэлымі савецкімі комплексамі. Тым болей, калі ёсць ужо прыклад Кубы, дзе каталіцкая царква такі-знайшла агульную мову нават з нашмат таталітарнейшым рэжымам. Беручы курс на збліжэнне з каталіцкаю царквою, дзяржава ўмацавала б свой міжнародны, а таксама і ўнутраны імідж, заспеўшы знянацку апазіцыйныя колы, а можа, і адваяваўшы ў іх сабе прыхільнікаў? І ўсё гэта без асаблівых умоваў і саступак, бо каталіцкае кіраўніцтва заяўляе аб саёй лаяльнасці і гатовасці да супрацоўніцтва без аніякіх папярэдніх умоваў.Пры гэтым каталіцкая царква добра-такі рызыкуе, паколькі ейныя выгоды не выглядаюць гэтак адназначна, як выгоды дзяржавы. Як ні парадаксальна, але захаванне статус-кво ў пэўным сэнсе мае і свае перавагі. Гэта і незалежнасць, і сімпатыі немалой часткі грамадства, збольшага, з элітарных слаёў. Але гэтыя сімпатыі будуюцца на спадзяваннях і таму не могуць цягнуцца бясконца доўга, а рухацца ўсёж-такі трэба. Дык куды ж рухацца? Ці не стане збліжэнне з дзяржаваю крокам, неадпаведным чаканням сімпатыкаў каталіцкай царквы? Таму рухацца прыдзецца надзвычай асцярожна, каб здабыць плён і разам не згубіць твару. Зрэшты, каталіцкая царква вядомая сваім мастацтвам тонкае дыпламатыі і здольная выканаць свае задачы і на гэты раз. Тым болей, плануюцца і іншыя крокі – адукацыйныя, культурныя праграмы, пранікненне ў шматлікія сферы грамадства. ПерспектывыУ перспектыве рашэння ўсіх гэтых задачаў прызначэнне ў лістападзе мінулага году новага мітрапаліта Мінска-Магілёўскага выглядае вельмі ўдалым ходам. Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч досыць пераканаўча выявіў свае якасці царкоўнага лідэра і грамадскага дзеяча ў часе кіравання маскоўскай каталіцкай епархіяй у Расіі. Праўдападобна, ягоны перавод стаўся вялікай стратай для расійскіх католікаў, затое беларусы яўна выйгралі. Пры гэтым не адны каталікі – актывізацыя другой паводле значнасці канфесіі не можа не паўплываць на актывізацыю і грамадскага жыцця краіны ў цэлым. Каталіцкая царква ўжо стала заўважнейшаю на агульным фоне. Адкрытасць і даступнасць новага мітрапаліта для СМІ, сустрэчы з настаўнікамі, навукоўцамі, моладдзю, наведванне вязняў... Можна пералічваць багата чаго, ажно да такіх чыста знешніх знакаў, як адмыслова зладжаныя фаерверкі ў калядную ноч. І вось цяпер – наўпросты тэлемост з Ватыканам, у часе якога папа Бенедыкт XVI непасрэдна зносіўся з студэнцкай моладдзю Беларусі.Такім чынам, дзейнасць каталіцкае царквы пачынае іграць станоўчую ролю ў падвышэнні іміджу Беларусі ў цывілізаваным свеце. Пры гэтым ідзецца хутчэй аб іміджы краіны і нацыі ў цэлым, чымся аб дзяржаве.Беларуская дзяржава рана ці позна заўважыць у каталіцкай царкве важнага партнёра і для ўласнай знешнепалітычнай рэабілітацыі. Няма таямніцы, што апошнім часам беларускі рэжым трохі змякчыў свой агрэсіўны тон датычна Захаду і спрабуе наладзіць з ім кантакты, найлепшага ж пасярэдніка для развязання падобнай задачы, чым аўтарытэтнае ў сусвеце каталіцтва, папросту не знайсці.З іншага боку, пашырэнне каталіцкіх уплываў можа паслужыць далучэнню беларускага грамадства да каштоўнасцяў заходняе цывілізацыі, а, значыць, росту ягонай грамадзянскай спеласці. Улічваючы курс беларускага каталіцтва на беларусізацыю, можна спадзявацца і ўмацавання пазіцыяў беларускай мовы, да якой стаўленне большасці беларусаў пакуль досыць скептычнае.Каталіцкая царква аб’явіла адным з сваіх прыярытэтных накірункаў супрацоўніцтва з царквой праваслаўнай. Мажліва, і з боку праваслаўнае царквы варта чакаць сустрэчнага руху, тым болей, каталіцтва ў Беларусі, як ужо згадвалася, прадстаўленае пераважна рымскім абрадам, а не уніяцкім, як ва Ўкраіне. Напружанасць ж у праваслаўна-каталіцкіх стасунках абвостраная акурат на стыку уніяцтва і праваслаўя. Аднак жа, ці паспрыяе ўсё гэта росту шматканфесійнае культуры і рэлігійнае талерантнасці ў краіне? Ці не ператворыцца сённяшняя каля-дзяржаўная манаполія праваслаўя ў панаванне дзвюх вядучых канфесіяў? Шмат у чым гэта залежыць ад добрае волі царкоўнага кіраўніцтва. Аднак, ёсць і моманты аб’ектыўныя, што непазбежна паўплываюць на гэты працэс. Адным з іх з’яўляецца згаданы вышэй рост грамадзянскае сталасці супольнасці, які наўрад ці сумяшчальны з ідэйнай манаполіяй, хай сабе нават і падвойнай.Такім чынам, актывізацыя каталіцкай царквы можа прывесці да грунтоўных зрухаў у грамадстве і грамадскай свядомасці, вынікі чаго, мы, магчыма, зможам назіраць ужо ў бліжэйшым часе.

Русский журнал

Пераклад на беларускую мову - А.К.

Александр Шрамко

Рубрыка: