Царква заклікае абараніць чалавечую асобу ад татальнага кантролю

Паведамленне Святога Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы

 

Святым Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы быў накіраваны зварот да органаў улады краінаў СНД і Балтыі. Прычынай прыняцця зварота сталі ўзнікшыя сярод часткі вернікаў асцярогі, звязаныя з электроннай ідэнтыфікацыяй грамадзян, стварэннем і аб'яднаннем электронных базаў асабістых дадзеных, а таксама выдачай новых пасведчанняў асобы, якія ўтрымліваюць электронную інфармацыю аб прыродных уласцівасцях чалавечага цела - біямэтрычныя дадзеныя; выдача такіх пасведчанняў ужо пачалася ці плануецца ў некаторых краінах.

Усведамляючы неабходнасць клопату аб грамадскай і дзяржаўнай бяспецы, барацбы са злачыннасцю і тэрарызмам, Святы Сінод з разуменнем ставіцца да клопату ўладных структураў аб належнай арганізацыі ўліку насельніцтва, мяркуючы, што няма нічога грахоўнага ў самім факце ўліку грамадзянаў дзяржавай. Спакон веку ўзаемастасункі паміж людзьмі і народамі пачыналіся з вырашэння пытання, зададзенага Ісусам Навінам архістратыгу Міхаілу каля Іерыхона: "Ці наш ты, ці з ворагаў нашых?" (Ііс. Нав. 5.13). Адным з першых у гісторыі мерапрыемстваў па вылічэнні народа было здзейсненае паводле прамога Божага загаду: "Палічыце ўсю супольнасць сыноў Ізраелевых паводле радоў іх, паводле сем'яў іх, паводле колькасці імёнаў" (Лік. 1.2). Божая Маці і святы праведны Іосіф падпарадкаваліся законнаму патрабаванню ўладаў і ўзялі ўдзел у перапісе насельніцтва Рымскай імперыі ў Віфлееме.

Няма нічога грахоўнага і ў выкарыстанні для ўліку грамадзянаў, для забесьпячэння бяспекі чалавека і грамадства апошніх тэхнічных дасягненняў, у тым ліку, электронных сродкаў, якія толькі развіваюць ужо звыклыя метады. Так, апісанні і выявы чалавечага твару і цела выкарыстоўваліся для забеспячэння бяспекі яшчэ ў сярэднявеччы. Удасканаленне спосабаў іх запісу не нясе ў сабе нічога прынцыпова новага.

Аднак, разам з шэрагам тэхнічных перавагаў, стварэнне і аб'яднанне масіваў асабістай інфармацыі, а таксама развіццё электронных сродкаў апазнання асобы хавае ў сабе нямала небяспекаў. Узрастае залежнасць чалавека ад непазбежных тэхнічных збояў, памылак, нядбайнасці пэрсанала ці ўмяшальніцтва злодзеяў. Не выключаная мажлівасць цэнтралізаванага збора звестак аб прыватным жыцці грамадзянаў і іх перакананнях. Гэта стварае пагрозу правам і сабодзе асобы, робіць магчымым татальны кантроль за жыццём чалавека, у тым ліку за ягоным светапоглядам. Такое развіццё падзеяў узмацняе небяспеку перадузятага стаўлення да чалавека на падставе яго рэлігійных, палітычных ці іншых поглядаў.

Дадзеная небяспека набывае досыць рэальныя абрысы ў момант, калі ў нацыянальным і міжнародным праве замацоўваюцца ідэі маральнага і сьветапогляднага рэлятывізма.

Для праваслаўных хрысціян, вернікаў нашай Царквы, якая перанесла ў XX стагодззі надзвычайныя паводле маштабу і жорсткасці пераследы за вызнанне імені Хрыстовага, надзвычай дарагая мажлівасць жыць паводле нормаў веры. У сувязі з гэтым Святаначалле Рускай Праваслаўнай Царквы вядзе небеспаспяховы дыялог з уладнымі структурамі паводле дадзенага кола пытанняў, інфармуючы царкоўны народ аб хадзе і выніках такога дыялога.

У многіх пытаннях улады ўжо пайшлі насустрач пажаданням вернікаў. Вельмі важна, каб і далей усе меры, які робяцца ў гэтай далікатнай сферы, праводзіліся голасна, пад строгім грамадскім кантролем. Звярнуўшыся да ўладаў краінаў, у якіх пераважна пражывае паства Рускай Праваслаўнай Царквы, Сьвяты Сінод выразіў шэраг пажаданьняў, задавальненне якіх магло б зняць гэтую заклапочанасць і не ставіць пад выпрабаванне традыцыйнай для праваслаўных хрысціян лаяльнасці ў дачыненні да грамадзянскіх усталяванняў.

У прыватнасці, адзначаная небяспека збору і захавання дадзеных аб прыватным жыцці людзей, асабліва аб іх рэлігійным і палітычным выбары, здароўі, коле стасункаў, падарожжах і да т.п.

Мы бачым неапраўданым дыстанцыйнае апазнанне чалавека без ягонага ведання, асабліва ў месцах, дзе ён не абавязаны прадстаўляцца.

Кожны чалавек мусіць ведаць, якая менавіта інфармацыя аб ім утрымліваецца ў "электронным дасье", і мець магчымасць выключаць з яго звесткі, якія страцілі актуальнасць. Пералік дадзеных, якія збіраюцца і захоўваюцца, паводле меркавання Царквы, трэба было б дакладна вызначыць і зрабіць агульнавядомым.

Уяўляецца важным, каб распрацоўка электронных сістэмаў ідэнтыфікацыі і ўліку грамадзянаў вялася голасна, пад грамадскім кантролем, дакладным тлумачэннем яе матывіроўкі, а таксама з раскрыццём значэння сімвалаў, якія выкарыстоўваюцца.

Мы бачым неабходным дакладна і вычарпальна вызначыць спіс інстанцыяў, якія маюць доступ да базаў дадзеных, а таксама прыняць меры да абароны персанальнай інфармацыі, узмацніўшы адказнасць за яе незаконнае выкарыстанне.

Сродкі апазнання чалавека не мусяць шкодзіць ягонаму здароўю, прыніжаць ягоныя гонар і годнасць. Мы бачым непрыймальнымі такія віды падобных сродкаў, якія б былі неаддзельныя ад чалавечага цела.

Нельга ў сістэмах уліку прысвойваць людзям нейкі нумар, які будзе выкарыстоўвацца замест імені. Падобна на нумар пашпарту, уліковыя нумары могуць адносіцца не да асобы, а да дакумента ці запісу ў базе дадзеных.

Нарэшце, - і гэта галоўнае, - недапушчальна, каб людзі, якія паводле розных прычынаў адмаўляюцца ад удзелу ў новай ідэнтыфікацыйнай сістэме, былі адкінутыя на адхон жыцця, істотна ўціснутыя ў правах, дыскрымінаваліся пры прыёме на працу, размеркаванні сацыяльнай дапамогі і г.д. Для такіх грамадзянаў мусіць быць прадугледжаная альтэрнатыва, якая дазваляе паўнавартасна жыць у грамадстве, якая не перашкаджае ажыццяўленню іх правоў і свабодаў, карыстанню законнымі льготамі незалежна ад тых ці іншых формаў ідэнтыфікацыі асобы.

Праваслаўныя хрысціяне заклікаюцца памятаць, што прыняцце ці непрыняцце новых дакументаў, у тым ліку тых, што ўтрымліваюць электронную інфармацыю аб прыродных уласцівасцях чалавечага цела, не павінна быць нагодай для асуджэння адных хрысціян іншымі, для сеяння смуты і расколу ў Царкве.

Тысячагадовы досвед жыцця ў Хрысце сведчыць, што Гасподзь засцерагае ўнутраную свабоду хрысціяніна, у якіх бы ўмовах той не знаходзіўся, бо “Гасподзь ёсць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода” (2 Кар. 3.17).

Рубрыка: