Прыватны храм Бондзiчаў — адзiны ў Беларусi

 

Калi на Пiншчыне вы спытаецеся ў мясцовых, што б тут яшчэ паглядзець, у вас спраўдзяць: "А царкву на агародзе бачыў?" Так, па-хатняму, тут называюць унiкальны храм у вёсцы Ганчары. I ахвотна паказваюць дарогу.

За пафарбаваным плотам — дагледжаны сад i цагляны дом. А мiж дрэваў — царква з чатырма невялiкiмi купаламi. Залiвiсты перабрэх сабак у двары прымушае мяне дачакацца гаспадара ля брамкi.

— Я не аматар размоваў, але калi хочаце паглядзець храм, адмовiць не магу, — кажа Павел Бондзiч. — Гэта мой бацька збудаваў, ён памёр ужо.

Пра гэтую далiкатную падрабязнасць людзi мне якраз i не паведамiлi — бо царква гэтая стала ўжо народным мiфам, мясцовым турыстычным пунктам. I замест размовы з унiкальным будаўніком, вымалёўваецца прасякнуты памяццю i любоўю да бацькi дыялог з ягоным сынам.

— Бацьку майго звалi Рыгор Максiмавiч Бондзiч, — апавядае Павел Рыгоравiч. — Ён быў дужа вялiкiм вернiкам, бываў у многiх культавых месцах. У канцы 80-х са сваiм сябрам Вiктарам Глушчыкам часта ездзiў у Пачаеўскую лаўру, я таксама там часцяком бываў. I аднойчы яны ў цягнiку спаткалi чалавека, завялi размову. Чалавек, як потым мы даведалiся, быў святаром, хоць ехаў у цывiльнай вопратцы. Распавёў iм шмат цiкавага пра колiшнюю славу Пiнска-Тураўскай епархii. А сам, як высветлiлася, скончыў некалi Пiнскую семiнарыю. Мой бацька з сябрам натхнiўся iдэяй адрадзiць былую славу епархii. Унёсак вырашылi зрабiць канкрэтны — збудаваць храм. Паколькi на калгаснай зямлi нiхто не дазволiў бы гэтага зрабiць, вырашылi будаваць проста каля хаты.

Будаўнiцтва адбывалася ў 1990-91 гадах. Будавалi таемна — на ўсе пытаннi адказвалi, што гэта будзе лазня. I толькi пасля, калi на "лазнi" ў адзiн момант з'явiлiся купалы, усё выйшла на паверхню. Паводле словаў спадара Паўла, бацьку здорава пацягалi па кабiнетах камунiстычныя чыноўнiкi...

— Толькi пасля, калi Беларусь напраўду стала незалежнай i вера стала вяртацца, адпусцiлi, — працягвае спадар Павел. — Бацька ўсё ў царкве сваiмi рукамi рабiў: алтар, прастол, падсвечнiкi з грушы выразаў... Абразы некаторыя падаравалi. Самы стары — Яна Хрысцiцеля, я i не ведаю, колькi яму гадоў.

Для Бондзiчаў храм стаў, па сутнасцi, сямейным — Рыгор Максiмавiч малiўся тут разам з жонкай. Гэта, дарэчы, абсалютна нармалёвая з'ява для нашых земляў — сямейныя каплiцы мелi многiя шляхетныя роды. Узяць хаця б сямейную каплiцу Радзiвiлаў у Нясвiжскiм замку...

Рыгор Бондзiч вельмi спадзяваўся, што сын стане святаром. Павел нават два гады правучыўся ў Жыровiчах, ездзiў у Грэцыю, бачыў цудадзейныя мошчы, але лёс склаўся iнакш... Затое каплiца сваю мiсiю выканала.

— Асвячаў яе епiскап Стэфан у гонар абраза Успення Божай Мацi, — кажа Павел Бондзiч. — Неаднойчы да нас прыязджаў i Уладыка Фiларэт. Вельмi дзякаваў бацьку за такую ахвярную працу. Казаў, што гэта — адзiны падобны ў Беларусi храм.

Адметна, што да Рыгора Максiмавiча шмат пiсалi з калонiй i турмаў — цiкавiлiся, як стварыць такi храм. I стваралi... А ў царкве на падворку актыўна праходзiлi службы, прыязджаў айцец Сергiй з вёскi Ставок. У Ганчары паглядзець на ўнiкум цягнулiся нават замежнiкi з Амерыкi, Iспанii, Iрландыi, Iсландыi... Але ўжо гадоў пяць тут моляцца выключна сямейныя, зрэдчас па нядзелях заходзяць вяскоўцы.

— I гэта добра, — перакананы спадар Павел. — Бо адрадзiлiся цэрквы, людзям ёсць куды хадзiць. А гэта няхай застаецца маёй сямейнай царквой...

Рыгор Бондзiч памёр два гады таму. Але купалы, якiя ён па-майстэрску штукарыў, можна i сёння пабачыць па ўсёй Пiншчыне. Як i адзiны на Беларусi прыватны храм — унiкальны помнiк чалавечай веры.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

Ганчары—Мiнск.

 

 

Газета "Звязда"

Глеб Лабадзенка

Рубрыка: