Сацыяльная работа цэркваў

 

Часта царкву цяжка ўявіць сабе без шэрагу жабракоў, просячых капейчыну “дзеля Хрыста”. У царкву часта звяртаюцца людзі, шукаючы дапамогі, - маргіналы, бамжы, тыя, хто нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, жабракі, старыя людзі, хворыя. Часцяком гэта набывае масавы маштаб і становіцца прафесійным ашуканствам. Часцяком такі наплыў прымушае царкоўных людзей сумнявацца ў шырасці тых, хто звяртаецца па дапамогу. Але міласэрнасць, дабрачыннасць – гэта існасць хрысціянскага жыцця і служэння: у прытчы пра добрага Самараніна альбо ў прычты пра Страшны Суд адназначна гаворыцца, што тыя, хто накарміў галоднага, напаіў сасмаглага, прыняў вандроўнага, апрануў голага, наведаў вязня ці хворага, тыя ўспадкуюць Царства Нябеснае [Мц. 25:31-46].

Хрысціянская міласэрнасць у часы Савецкага саюзу была абмежаваная да індывідуальных дабрачынных дзеянняў альбо на ўзроўні малых групаў вернікаў, насіла з большага спарадычны характар. У пач. 1990-х гадоў сацыяльная дзейнасць рэлігійных арганізацыяў была дазволеная. Першапачаткова яна развівалася ў двух кірунках – па-першае, гэта была гуманітарная дапамога, галоўным чынам замежная, у выглядзе вопраткі, прадуктаў харчавання і г.д. Часта вялікая частка такой дапамогі размяркоўвалася паміж маламаёмаснымі, шматдзетнымі, беспрацоўнымі членамі рэлігійнай абшчыны, а частка – сярод больш шырокіх колаў насельніцтва, у большасці выпадкаў спалучаючыся з місіянерскай дзейнасцю: напрыклад, ад тых, хто атрымліваў гуманітарную дапамогу патрабавалася наведанне богаслужэнняў, для дзяцей – наведанне нядзельнай школы. Паступова гуманітарная дзейнасць стала скарачацца, што было звязана з ускладненнем мытных працэдураў, магчымымі злоўжываннямі, а таксама з тым, што прыход ці абшчына як першасная ячэйка рэлігійных арганізацый стала ў стане забяспечыць першасную дапамогу маламаёмасным – назбіраць прадукты харчавання альбо вопратку. У праваслаўнай царкве часта ежа, назбіраная на паніхідны столік, размяркоўваецца сярод бедных, гэтак сама часта пры прыходах збіраюць рэчы для наступнай іх перадачы тым, хто мае ў іх патрэбу. Падобныя механізмы дзейнічаюць і ў іншых канфесіях. Тут варта згадаць і вядомую міжнародную каталіцкую арганізацыю Caritas, у якую ўваходзіць 120 незалежных нацыянальных арганізацый па ўсім свеце, а беларускае аддзяленне якой дзейнічае пры Рымска-Каталіцкай Царкве ў Беларусі (http://www.caritas.catholic.by/). Першапачаткова Caritas займаўся аказаннем гуманітарнай дапамогі, працягвае гэтую дзейнасць і цяпер, апроч таго, у межах служэння ў супрацоўніцтве з Caritas зямлі Верхні Лінц (Аўстрыя) дзейнічае “Дзіцячы дабрачынны сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр” у гонар св. ап. Лукі, які аказвае садзейнічанне хворым дзецям у атрыманні медычнай дапамогі, дапамагае сем'ям, у якіх ёсць хворыя дзеці, займаецца аздараўленнем такіх дзяцей.

З іншага боку, застаецца спецыялізаваны напрамак гуманітарнай дзейнасці, звязаны са спецыяльнымі медыкаментамі, інваліднымі вазкамі, лыжкамі, прыладамі і г.д. Па-другое, гэта была ўласна “міласэрнасць” - узнікалі спецыяльныя арганізацыі зарыентаваныя на сацыяльную працу – сястрынствы міласэрнасці, галоўнай задачай якіх стала наведанне рознага кшталту медыцынскіх установаў для аказання дапамогі хворым, дзіцячых інтэрнатаў і г.д. Сястрынствы пераважна існуюць пры прыходзе, яны аб'ядноўваюць пераважна жанчын, але часта да іх далучаюцца і мужчыны. Першапачаткова сястрнствы былі скіраваныя менавіта на сацыяльную дзейнасць, цяпер жа прыходскія сястрынствы могуць мець розную канцэпцыю: па-першае, сёстры міласэрнасці займаюцца зборам ахвяраванняў на прыход, будаўніцтва храма і інш., па-другое, сястрынствы існуюць як арганізацыі жанчын, што дапамагаюць на прыходзе – у прыборцы храма, продажы свечак і прымання запісак для памінання, па-трэцяе, гэта класічнае разуменне – дапамога хворым і людзям з абмежаванасцямі, прычым такая дзейнасць можа спалучацца і з першым і другім відам.

У 1997 г. былі пачатыя падрыхтоўчыя работы па арганізацыі каардынацыйнага цэнтра па зборы інфармацыі аб дзейнасці сястрынстваў БПЦ, а ў 1998 г. на з'ездзе старэйшых сёстраў міласэрнасці прыходаў Мінска і Мінскага раёна было прынятае рашэнне аб стварэнне Саюза сястрынстваў міласэрнасці Мінскай епархіі, пры далучэнні сястрынстваў іншых епархій ССМ МЕ быў у 2001 г. пераўтвораны ў Саюз сястрынстваў міласэрнасці Беларускага Экзархата (http://www.ssmbel.info/), які стаў займацца каардынацыяй дзейнасці сястрынстваў, а таксама пашырэннем праектнай дзейнасці праз супрацоўніцтва з рэсурснай арганізацыяй Беларускі Круглы Стол па міжцаркоўнай дапамозе. На дадзены момант у ССМ уваходзіць 94 арганізацыі з усёй Беларусі (37 з іх – з Мінскай епархіі), прычым гэта не заўсёды ўласна сястрынствы, а таксама групы міласэрнасці пры прыходах ці брацтвах, дыяканічныя станцыі і дыяканічныя цэнтры: дыяканічны цэнтр Віцебскай епархіі, дыяканічная станцыі Гомельскай і Пінскай епархій, цэнтр сацыяльнай дапамогі Гродзенскай епрахіі, дыяканічныя станцыі ў г. Маладэчна і г. Ліда, дыяканічны цэнтр “Дабраталюбнасць” пры Брацтве св. Віленскіх пакутнікаў у г. Мінску. Дыяканічныя станцыя, як і само слова “дыяканія”, “дыяканічнае служэнне” - было запазычанае з заходняга досведу, у першую чаргу з нямецкага – менавіта нямецкія царкоўныя донары і фундацыі на дадзены момант з'яўляюцца адной з асноўных крыніц фінансавання сацыяльных праектаў. У Нямеччыне дыяканічныя станцыі – гэта прыходскія арганізацыі са сваім пастаянным штатам, фінансаваннем, у Беларусі ж такія станцыі не прыжыліся на ніжэйшым, прыходскім узроўні, і было вырашана надалей ствараць такія станцыі на епархіяльным узроўні, больш за тое, для каардынацыі сацыяльнай дзейнасці ў епархіі – ствараць сацыяльныя аддзелы епархій, першым з якіх стаў сацыяльны аддзел Мінскай епархіі (http://sobor.by/social1.php?cont=polozhenie) як яе структурнае падраздзяленне. Асноўнымі накірункамі дзейнасці такога аддзела, як зафіксавана ў Палажэнні, сталі, апроч развіцця і каардынацыі сацыяльнага служэння прыходаў і арганізацый БПЦ на тэрыторыі епархіі, аказанне садзенічання ў працы каардынацыйных радаў і працоўных групаў па рэалізацыі пагадненняў і праграм, заключаных БПЦ і дзяржаўнымі ўстановамі, а таксама ўдзел у дабрачынных праграмах і мерапрыемствах і інш., канцэптуальная распрацоўка сацыяльнай дзейнасці.

Тым не менш, менавіта рэлігійная абшчына, прыход – застаюцца базавай адзінкай сацыяльнай дзейнасці. Апроч гуманітарнай дапамогі маламаёмасным прыходы могуць браць шэфства над дзіцячым домам альбо весці перапіску з тымі, хто знаходзіцца ў месцах зняволення і г.д. Гэтым займаецца ініцыятыўная група прыхажан, брацтвы ці сястрынствы. Нярэдка рэалізуюцца двухбаковыя праекты – пры дапамозе партнерскіх арганізацыі з-за мяжы альбо беларускіх рэсурсных арганізацыяй. Напрыклад, прыход св. Еўфрасіні Полацкай у мястэчку Івянец (http://ivianetschurch.org/) развіваюцца абодва кшталты дзейнасці, сярод асноўных накірункаў прыходскай сацыяльнай дзейнасці якога: 1) духоўная дапамога і псіхалагічная падтрымка дзяцей-інвалідаў, дзяцей–сірот з разумовымі абмежаваннямі, якія знаходзяцца ў спецыялізаванай установе – Івянецкім Доме-інтэрнаце; 2) дабрачынная кухня, у якая дзейнічае з 2000 г. і ў якой гарачымі абедамі харчуюцца 25 дзяцей з малазабяспечаных сем'яў; 3) аказанне дабрачыннай дапамогі адзеннем, абуткам, прадуктамі харчавання сацыяльна неабароненым і малазабяспечаным старым людзям, інвалідам, шматдзетным сем’ям і ахвярам Чарнобыля, духоўная апека цяжка хворых і адзінокіх старых, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках у местачковай бальніцы. Падобныя праекты з донарскай дапамогай ці на ўласныя рэсурсы ад гаспадарчай дзейнасці і ахвяраванняў, рэалізуюць у той ці іншай ступені многія прыходы. Апроч таго, з дапамогай шведскай хрысціянскай асацыяцыяй “Дзеці Чарнобыля” г. Смёгіна, у Івянцы быў створаны дом апекі “Вікторыя”, які ў далейшым стаў існаваць выключна на ахвяраванні веруючых людзей. У доме апекі адбываецца выхаванне і пражыванне дзяўчат сацыяльных сіротаў ці з праблемных сем'яў, а ў зімовы перыяд у доме пражываюць адзінокія старыя людзі, якія не могуць забяспечыць сябе начлегам. Аналагічны супольны праект са шведскай арганізацыяй рэалізуецца ў в. Швабы Лагойскага раёну, дзе асноўная ўвага звернутая на дапамогу дзецям-сіротам.

Часта такое двухбаковае супрацоўніцтва вырастае да буйных маштабаў, як гэта адбылося ў мінскім прыходзе ў гонар іконы Божай Маці “Ўсіх тужлівых Радасць” (http://hramvsr.by). Пры дапамозе дабрачыннай арганізацыі імя Фрыдрыха Бадэльшвінга “Бетэль” (Білефельд, Нямеччына), царкоўнай акругі Dortmund-West і іншых нямецкіх арганізацый быў рэалізаваны ўнікальны праект майстэрняў для людзей з фізічнымі і разумовымі абмежаваннямі, дзе на працы занятыя каля 80 чалавек з разнастайнымі разладамі. Безумоўна, апроч гэтага буйнога праекту, прыход займаецца і больш дробнымі – сацыяльная трапезная, апека над дзіцячым домам, іпатэрапія і інш.

З буйных праваслаўных прыходскіх сацыяльных праектаў таксама вылучаюцца яшчэ два – гэта дом Міласэрнасці ў імя Іява Шматпакутнага пры рэлігійнай абшчыне прыход у гонар Усіх святых. Дом міласэрнасці быў збудаваны з дапамогай нямецкіх донараў, дзяржаўных уладаў, а таксама беларускіх прадпрымальнікаў, якіх адміністратыўнымі метадамі заахвочвалі ахвяраваць сродкі на будаўніцтва гэтай установы. Меркавалася, што дом Міласэрнасці стане цэнтрам сацыяльнай дзейнасці ў г. Мінску, нават даменнае імя было зарэгістраванае як http://charity.by. І сапраўды, сам дом шыкоўна збудаваны, з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій, пры ім дзейнічае выдатны медыцынскі цэнтр “Элеос”. Больш за тое, дом міласэрнасці стаў супольным дзяржаўна-царкоўным сацыяльным аб'ектам. Аднак, па сутнасці, памяшканні дому міласэрнасці выкарыстоўваюцца як нятанны гатэль для замежных дэлегацый, а кошты ў медыцынскім цэнтры досыць высокія. Трэба адзначыць, што ў непасрэднай сувязі з домам міласэрнасці дзейнічала і скандальна вядомае ЎП “Дыяканія”, назва якой была звязаная ні з чым іншым, як з дыяканіяй – сацыяльным служэннем царквы.

Іншая рэлігійная арганізацыя, якая займаецца разгалінаванай сацыяльнай дзейнасцю, гэта Свята-Елізавецінскі манастыр у Навінках (http://obitel-minsk.by). Дзейнасць гэтага манастыра пачалася з Свята-Елізавецінскага сястрынства міласэрнасці, якое апекавалася рэспубліканскім клінічным псіхіятрычным шпіталём у Навінках, а таксама ягоным дзіцячым аддзяленнем. На дадзены момант манастыр у Навінках і сястрынства існуюць за кошт ахвяраванняў, якія збіраюць сёстры на вуліцы, за кошт добраахвотных унёскаў іншых людзей, аднак найбольшая крыніца фінансавання – гэта ўласная гаспадарчая дзейнасць, выраб і продаж прадуктаў харчавання, мёду, а таксама розных прадметаў, неабходных для богаслужэнняў, упрыгожання храмаў, сувенірнай прадукцыі, выдавецкай дзейнасці. Уся гэтая дзейнасць “шэрая”, не абкладаецца падаткам і дазваляе акумуляваць вялікія фінансавыя рэсурсы. На дадзены момант апроч згаданай апекі над псіхіятрычнымі ўстановамі, манастыр праводзіць дзейнасць у 2-м гарадскім клінічным шпіталі, тубдыспансеры, дзіцячым інтэрнаце, на падвор'і манастыра ў в. Лысая гара жывуць і працуюць “труднікі” - тыя, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, маргіналы, бамжы, алкаголікі, наркаманы, былыя вязні. Часта яны застаюцца працаваць і жыць на падвор'і толькі ў зімовы час, разбягаючыся і вяртаючыся да свайго ранейшага жыцця ўлетку, безумоўна, гэта тычыцца не ўсіх.

Наогул, трэба адзначыць, што пад міласэрнасцю царкоўнымі арганізацыямі часта разумеецца не толькі матэрыяльная дапамога, аказанне медыцынскага догляду, сацыялізацыя асаблівых груп насельніцтва, але таксама і ўласна рэлігійная дзейнасць у сацыяльных установах – рэлігійна-асветніцкія гутаркі, удзел у Таемнасцях, распаўсюд духоўнай літаратуры, сустрэчы са святаром і г.д. Вось так, напрыклад, апісваецца дзейнасць у псіхіятрычным шпіталі: “З нецярпеннем чакаюць хворыя супольных малітваў, цікавых расповедаў, простага чалавечага ўдзелу. Адзін раз на тыдзень адмыслова для хворых здзяйснаяцца ў сценах шпіталя Літургія. Большасць людзей, якія праходзяць лячэнне у РКПШ, па псіхічным стане не маюць магчымасці наведваць храм, таму святары спавядаюць, прычашчаюцт і хрысцяць хворых прама ў аддзяленнях”. З іншага боку, сястрынствы аказваюць і спецыялізаваную дапамогу ў межах нейкіх праектаў – дапамога тым, хто пакутуе ад алкагольнай ці наркатычнай залежнасці, іх сацыяльная рэабілітацыя, школа жаночага лідарства, дапамога пэўным відам людзей з абмежаванасцямі, анкахворым, патранажная служба на доме і многія іншыя.

Я ўжо закранула пытанне фінансавання праектаў, вызначыўшы наступныя ягоныя крыніцы: ахвяраванні, гаспадарчая дзейнасць, дапамога ад замежных партнёраў у двухбаковых праектах. Аднак з 1995 г. у Беларусі паводле ініцыятывы Сусветнай Рады Цэркваў была створаная рэсурсная арганізацыя “Круглы стол па міжцаркоўнай дапамозе”. Падобныя “круглыя сталы” ствараліся ва Ўсходняй Еўропе з мэтай дапамогі адраджэння сацыяльнага служэння ў пост-савецкіх краінах: яны былі створаныя ў Украіне (дабрачынны фонд “Вера, Надзея, Любоў), у Расеі (у Маскве ў межах Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, у Санкт-Пецярбургу), Грузіі, Арменіі. Гэтыя арганізацыі прынцыпова міжканфэсійныя, кіраўніцтва імі ажыццяўляў офіс па справах Усходняй Еўропы Сусветнай Рады Цэркваў у Беластоку, а ў Беларусі заснавальнікамі “Круглага стала” выступілі БПЦ, Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў і Саюз евангельска-лютэранскіх абшчынаў. Адміністратыўная рада “Круглага стала” прымала і зацвярджала праекты і прадстаўляла іх замежным донарам. У 2005 г. арганізацыя была пераўтвораная ў міжканфесійную місію “Хрысіянскае сацыяльнае служэнне” ( http://imcss.org/), асноўнымі партнёрамі і донарамі апроч Сусветнай рады Цэркваў у міжканфесійнай місіі выступаюць Дыяканічная служба Евангеліцкай царквы Нямеччыны, Шведская і Нарвежская царкоўныя дапамогі, Прэсвітэрыянская царква ЗША. Як рэсурсная арганізацыя ХСС займаецца каардынацыяй сваіх праектаў, маніторынгам, метадычнай дапамогай царкоўным арганізацыям па падрыхтоўцы і рэалізацыі праектаў. Асноўны праекты, якія ажыццяўляюцца праз місію, гэта праекты па дабрачыннасці, а таксама вялікую вагу маюць праекты ў межах праграмы па праблеме ВІЧ/СНІД. Менавіта апошняя праблематыка стала вядучай у міжканфесійным супрацоўніцтве, што выразілася ў падпісанні ў 2007 г. чытарма рэлігійнымі аб'яднаннямі – БПЦ, РКЦ, СЕХБ, СЕЛА – дэкларацыі аб сацыяльным партнёрстве ў галіне ВІЧ/СНІД, на праекты ў межах праграмы выдзяляюцца буйныя фінансавыя сродкі, праводзяцца канферэнцыі, выдаюцца дапаможнікі і г.д.

На мой погляд, існуе некалькі праблемаў рэалізацыі сацыяльных праектаў у Рэспубліцы Беларусь. Па-першае, гэта няўменне царкоўных арганізацый працаваць паводле праектнага прынцыпу – арганізаваць дзейнасць адпаведна мэтаў, задачаў, часавых абмежаванняў. Па-другое, гэта часта нямэтавае выкарыстанне сродкаў – укладанне сродкаў пераважна ў будаўніцтва альбо ўпрыгожанне храму, што ў свядомасці як паспалітых вернікаў, так і святароў таксама мае значэнне дабрачыннасці. Па-трэцяе, гэта вялікая залежнасць ад замежных донараў. Па-чацвертае, амаль уся дзейнасць ажыццяўляецца на валанцёрскіх пачатках, сястрынствы старэюць і многія сёстры ўжо маюць патрэбу ў аказанні дапамогі ім самім, малы прыток моладзі ў сацыяльныя арганізацыі, хаця ў нецкаркоўным асяроддзі ідэі валанцёрства квітнеюць.

У сувязі з сусветным эканамічным крызісам і ягонымі наступствамі ў Беларусі, адбываецца некаторая трансфармацыя сацыяльнага служэння. З аднога боку, з'яўляецца большая колькасць людзей, якія апынаюцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, вымагаюць дапамогі, больш людзей у час крызісу апынаюцца ў нестабільных умовах, часта звяртаюцца да царквы З іншага боку, скарачаюцца фонды, фонды на Беларусі наогул закрываюцца, менш людзей пачынае ахвяраваць, што стварае вялікі дэфіцыт рэсурсаў на многія сацыяльныя праекты (апроч, бадай, ВІЧ/СНІД). Без сумневу, у такіх умовах важную ролю будуць выконваць валанцёрскія праграмы, нефармальныя акцыі дабрачыннасці і міласэрнасці, не прывязаныя да нейкіх праектаў.

 

Надрукавана ў час. "Асамблея" №1, 2009. - С.13-16.

Наталля Васілевіч

Рубрыка: